Да 20-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана Два гады паміж дзвюма датамі


26 красавіка 1986 года назаўсёды ўвайшло ў гісторыю чалавецтва як дзень чарнобыльскай трагедыі. А вось для Генадзія Вячаслававіча Цішкевіча гэтая дата стала пачаткам адліку яго армейскіх будняў.

Да таго часу ён паспеў закончыць спачатку васьмігодку ў Храпкаве, а потым і Віцьеўскую СШ. Спецыяльнасці вадзіцеля і трактарыста-машыніста юнак атрымаў у Рудакоўскім СПТВ № 180, якое закончыў акурат перад павесткай у райваенкамат.

Здароўем Бог Генадзія не пакрыўдзіў, а таму трапіў ён у эліту Савецкай Арміі – паветрана-дэсантныя войскі. Пасля паўгадовага знаходжання ў вучэбным падраздзяленні ў Літве наступным месцам яго службы стаў Афганістан.

У горную і суровую краіну Генадзій трапіў у самы цяжкі перыяд. Месцам дыслакацыі дэсантна-штурмавой брыгады, у якой яму выпала выконваць свой інтэрнацыянальны абавязак, быў горад Гардэз. Зусім побач праходзіла афганска-пакістанская граніца, праз якую з Пакістана ішлі і ішлі караваны са зброяй і медыкаментамі для маджахедаў. Іх знішчэннем і займаліся нашы дэсантнікі. Не раз Цішкевічу даводзілася выходзіць на баявыя аперацыі, забяспечваючы сувязь ЗАС (хто служыў – той ведае) з камандным пунктам. Гарнізон таксама неаднаразова абстрэльваўся, асабліва часта гэта здаралася па мусульманскіх святах.

Лёс быў міласцівым да Г. Цішкевіча і самых блізкіх баявых сяброў, але ўсё ж многім яго аднапалчанам вярнуцца дамоў жывымі не давялося.
А яшчэ няпроста было прывыкнуць да сухога і спякотнага клімату, захворванняў, змей і назойлівых насякомых. Толькі, па трапнаму выказванню Г.К. Жукава, няма такіх цяжкасцей, якія б не пераадолеў наш салдат. І афганская эпапея стала яскравым пацвярджэннем слоў вялікага палкаводца.

Калі спытаў Г.В. Цішкевіча аб тым, што стала самым моцным уражаннем, вынесеным з той вайны, ён адказаў так:

– Беражлівыя адносіны да салдат з боку афіцэраў. А мы, стараслужачыя, таксама стараліся апякаць нашых менш вопытных таварышаў. Так што калі ў нас і была “дзедаўшчына”, то толькі ў добрым, першапачатковым сэнсе гэтага слова.

У бацькоўскі дом Генадзій Вячаслававіч вярнуўся дакладна на Дзень ПДВ – 2 жніўня 1988 года. Так і ўклалася паміж дзвюма памятнымі датамі (нагадаю, што прызываўся ён 26 красавіка) яго армейская служба. Пасля яе заканчэння ўвесь час Г.В. Цішкевіч жыве ў Храпкаве. Працуе вадзіцелем у КУП “Аравічы”, двойчы на дзень забяспечвае дастаўку малака з Храпкаўскай МТФ на “Палескія сыры”.

Дзень 15 лютага былы салдат, як заўсёды, правядзе разам з воінамі-“афганцамі”. Ім ёсць аб чым пагаварыць і што ўспомніць.


Віктар НАЗАРАНКА.
На здымку: Г.В. Цішкевіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *