Вёсачка мая, мая чараўніца

Год народного единства

Весела, цікава і захапляльна прайшоў Дзень вёскі Казялужжа.

Сельскія падворкі, выставы творчых работ рамеснікаў раёна, песні стваралі святочны настрой. На падворках сустракалі варажбіткі, матроны з чырвонымі шчокамі, бравыя малайцы ў вышыванках і саламяных капелюшах. Яны не толькі прадстаўлялі вышытыя палотны, карціны, ручнікі, але і частавалі прысмакамі хатняга прыгатавання і «Судкоўскай рагатухай».

Шчырыя словы падзякі і віншаванняў прагучалі ад старшыні сельвыканкама, сельскага Савета дэпутатаў Алены Волчэк.

Далей наступіла адна з самых прыемных частак мерапрыемства – ўрачыстая. Ушанавалі доўгажыхарку вёскі Казялужжа Анастасію Сямёнаўну Аніскавец, жанчыне ў кастрычніку гэтага года споўніцца 92 гады. Прыняла віншаванні сям’я Прышчэп, у якой нарадзіўся сын Яўген – самы маленькі жыхар вёскі. Не засталіся без падарункаў сямейныя пары, якія пражылі ў шлюбе не адзін дзясятак гадоў і вырасцілі дзяцей, маюць унукаў і праўнукаў.

Сядзібы, патанаючыя ў рознакаляровых кветках, – упрыгожванне любога населенага пункта. Гэта шматдзённая і карпатлівая праца гаспадароў. У гэты дзень падвялі вынікі конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне. У намінацыі «Лепшае домаўладанне 2021» перамагла сям’я Атрошчанка: Аляксандру і Ірыне ўручылі таблічку з надпісам «Дом узорнага парадку».

Кіраўніцтва раёна і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў ушаноўвалі ўраджэнцаў і жыхароў вёскі, працуючых у розных сферах.

Маляўнічыя і запальныя танцы, душэўныя песні падарылі гасцям свята ўдзельнікі самадзейнасці раёна і салісты ваеннага аркестра Гомельскай пагранічнай групы.

Працавала спартыўная пляцоўка. Нават чарга жадаючых атрымалася каля яе. Больш за ўсіх, напэўна, радаваліся дзеці, бо за выйгрыш яны атрымлівалі салодкі падарунак. Хлопцы і дзяўчаты спрабавалі сябе ў дартсе, скачках на доўгай скакалцы, утрыманні 16-кілаграмовай гіры. Можна было нават пакатацца на ўпрыгожаным возе.

Адзначу, што клопаты па арганізацыі мерапрыемства не былі марныя: роднай вёсцы, людзям і гасцям свята падарылі выдатны настрой, усмешкі і прыемныя ўспаміны!

Святлана ВАШЧАНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *