50 пытанняў мастацкаму кіраўніку «Спадчыны» Ліліі Краўчанка

50 вопросов

1. Усе ў нашым раёне ведаюць, што Вы пляменніца Івана Мележа. Сапраўды нарадзіліся ў той хаце, дзе жыў славуты зямляк?

– Дом жа некалькі разоў перабудоўваўся, таму нельга сказаць, што менавіта ў тых сценах, але на тым, як кажуць «селішчы». Вы пачалі нашу размову з майго дзядзькі, аб якім я магу гаварыць, здаецца, бясконца. Сёлета ў лютым мы адзначалі яго стогадовы юбілей, а 9 жніўня споўнілася 45 гадоў са дня яго смерці. Іван Мележ паспеў за сваё нядоўгае жыццё зрабіць вельмі шмат. Аставіць аб сабе самую добрую памяць. І, вядома, засталіся яго кнігі, якія і сёння дапамагаюць беларусам асэнсаваць саміх сябе, свае карані, свой шлях.

2. Вы часта зазначаеце, што асабліва любіў Іван Паўлавіч матчын хлеб. А якая Ваша любімая вясковая страва?

– Бабка. Са скваркамі з цыбуляй. Прыгатаваная менавіта ў печы – яна атрымліваецца духмяная і неверагодна смачная.

3. Наколькі цесныя кантакты падтрымліваеце са сваёй малой радзімай – Глінішчамі?

– Шчыра скажу, бываю не так часта як хацелася. Блізкіх родзічаў там, на жаль, ужо не засталося. Звычайна прыязджаю на могілкі. Але дзякуючы таму, што ў мяне такая работа – даводзіцца выступаць і на палях, і на фермах, і ў самім аграгарадку – сувязь з аднавяскоўцамі не парываецца. Бываючы ў Глінішчах, абавязкова праходжуся па блізкіх сэрцу мясцінах, аддаюся ўспамінам і дзялюся імі з калегамі. Напрыклад, як хадзіла праз славутую мележаўскую грэблю ў Каранёўку, куды мяне маці адпраўляла да цёткі за малаком, мёдам.

4. З Вашага дзяцінства што больш помніцца?

– Дзяцінства было няпростым, але складанасці загартавалі. Калі мне было шэсць гадоў, маці ў другі раз выйшла замуж. Агульную мову з айчымам знайсці мне было складана, таму адносіны былі нацягнутыя. Пасля нарадзіліся яшчэ чацвёра дзетак, і на мае плечы ляглі не толькі хатнія клопаты, справы па гаспадарцы, але і догляд за малодшымі сёстрамі і братам. Хаця, шчыра скажу, «вазіцца» з малымі мне падабалася – гэта, напэўна, і ёсць самы яркі ўспамін з дзяцінства. А так работы хапала: насіла сціраць пялёнкі ў копанцы, даіла карову, печ паліла… Стамлялася. І аднойчы вырашыла сыйсці з хаты. Мне было дзесяць гадоў. Не буду паглыбляцца, бо гэта доўгая гісторыя. Але я апынулася ў школе-інтэрнаце № 3 горада Гомеля з паглыбленым вывучэннем французскай мовы. Там я закончыла дзесяць класаў. Але і гэта не ўсе выпрабаванні: калі мне было васемнаццаць гадоў памерла матуля… Але не будзем аб сумным. Я на лёс не скарджуся.

5. Памятаеце, калі першы раз выйшлі на сцэну?

– Усё жыццё маёй маці было таксама звязана з культурай. У яе было каларатурнае сапрана. У свой час яна спявала ў хоры Генадзя Цітовіча, капэле Рыгора Шырмы. Яна вывела мяне першы раз на сцэну ў пяцігадовым узросце з вершамі Маякоўскага аб савецкім пашпарце. А ўсвядомленае самастойнае выступленне было значна пазней. Калі вучылася ў школе-інтэрнаце, убачыла аб’яву аб наборы ў народны хор пры дрэвапераапрацоўчым камбінаце. Мы з сяброўкай прайшлі адбор і спявалі ў хоры, дзе было 75 чалавек. Вось тады я адчула смак выступлення на сцэне. Гэта быў дзявяты клас.

6. Як лічыце, як бы Вас ахарактарызавалі Вашы школьныя настаўнікі?

– Цікавае пытанне. Я не ведаю. Але смею выказаць здагадку, што адзначылі б маю дысцыплінаванасць, актыўнасць, творчасць, таварыскасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу любому, бо самой не хапала душэўнай цеплыні, таму вельмі хацелася ёй дзяліцца.

7. Вы вучыліся ў Белдзяржуніверсітэце. Чаму вырашылі паступаць на настаўніка беларускай мовы і літаратуры?

– Мне даваліся лягчэй гуманітарныя навукі. Я са школы вельмі любіла беларускую мову. Як рызыкнула падаць дакументы ў БДУ і сёння не ведаю. Настаўнікі ў школе-інтэрнаце бачылі і прапаноўвалі мне тры варыянты – лінгвістычны інстытут, журфак або філфак. Я выбрала апошні. І ніколькі не пашкадавала. Студэнцкія гады – цудоўныя. Я з’яўлялася камсоргам курса, у нас было вельмі насычанае культурнае жыццё.

8. Праўда, што калі паступілі на філфак БДУ, знакаміты родзіч пра гэта нават і не ведаў, а расказаў яму аб тым Ніл Гілевіч, які прымаў у Вас уступныя іспыты?

– Так. Маці мне забараніла прасіць родзічаў аб якой-небудзь дапамозе, таму ўсе даведаліся аб маім паступленні, калі мяне ўжо залічылі. Дарэчы, я ўсе чатыры экзамены здала на пяцёркі.

9. Атрымалі спецыяльнасць з правам выкладання французскай мовы. Добра памятаеце яе зараз?

– Мне вельмі пашанцавала з настаўнікам французскай мовы ў школе-інтэрнаце. Мы ішлі да яго не проста на ўрок, а траплялі ў цікавае падарожжа. Ён так займальна расказваў нам пра славутыя мясціны Францыі, традыцыі, вядомых людзей, кінематограф і г.д. Але пры гэтым вельмі патрабавальны быў да ведання граматыкі. Мы спявалі на французскай мове, чыталі вершы. Шмат чаго я памятаю і цяпер. Да таго ж, я мела магчымасць пагутарыць з французамі, калі была ў Парыжы. Так, я была ў Луўры, бачыла Джаконду, захаплялася Эйфелевай вежай, уражвалася Нотр-Дам-дэ-Пары.

10. Як Вы трапілі ў Парыж?

– Я адзінаццаць гадоў была суправаджаючай ў фондзе «Дзецям Чарнобыля» – вазіла хойніцкіх дзяцей на адпачынак у Германію. І аднойчы для нас арганізавалі паездку ў сталіцу Францыі.

11. А як апынуліся ў культуры?

– Пасля заканчэння інстытута я рыхтавалася да паступлення ў аспірантуру. Але вырашыла вярнуцца на малую радзіму. На той час я ўжо стварыла сваю сям’ю. Калі прыехала ў Хойнікі пачынала працаваць у першай гарадской школе, у рэдакцыі. Рыхтавала творчыя нумары для раённых агляд-конкурсаў. І аднойчы начальнік аддзела культуры Георгій Канстанцінавіч Прызван запрасіў мяне на работу.

12. Што любіце чытать?

– Чытанне – гэта маё выратаванне. Я заўсёды бяру з сабой кнігу, нават у доўгай чарзе магу стаяць і чытаць. Калі еду ў санаторый, перш-наперш іду да ўрача, а пасля адразу – ў бібліятэку. Калі прыязджаю да цёткі ў Мінск, абавязкова гляджу, якія ў яе новыя кнігі з’явіліся. Я аматар дэтэктываў. Падабаецца творчасць замежных аўтараў – Жоржа Сіменона, Агаты Крысці, з рускіх пісьменнікаў – Дар’і Данцовай. Дэтэктывы выбіраю таму, што люблю справядлівасць.

13. Кожны з нас носіць з сабой сваё неба. Якое яно ў вас?

– Нават калі яно хмурнае, я бачу сонца.

14. Якой рысы характару ў сабе хацелі б пазбавіцца?

– Прабачаць тое, чаго нельга. Жыццё ж мяне вучыць, прычым часам жорстка, аднак гэта ўсепрабачаемасць нікуды не дзяваецца. Шрамы на сэрцы застаюцца. Мне б хацелася навучыцца праяўляць характар. А яшчэ я вельмі запальчывая, эмацыйная. Хацелася б стрымліваць эмоцыі.

15. Што для Вас значыць прыгажосць?

– Прыгажосць – гэта гармонiя, задавальненне нашых пачуццяў. Мяне заўсёды кранае прыгажосць прыроды, родных мясцін і прыгажосць чалавечай душы.

16. На чужых памылках вучыцеся ці на сваіх?

– І на сваіх, і на чужых. Часта разумею, што не маю рацыі, але ўсё роўна раблю па-свойму. Раблю памылкі, а потым вучуся на іх. На чужых таксама. І, ведаеце, буду вучыцца ўсё жыццё.

17. Ці верыце ў лёс?

– Веру. Усё ў жыцці невыпадкова.

18. Вы большую частку жыцця прысвяцілі культуры. Былі моманты, калі хацелася кінуць усё?

– Прызнаюся, адзіны раз думка звольніцца ўзнікала. Прычынай паслужыла неразуменне з калегамі. Але кінуць непасрэдна культуру – такого нават не ўяўляла.

19. Як ставіцеся да крытыкі?

– Раней балюча, цяпер спакайней. Але я самакрытычная, «самоедка». Да крытыкі прыслухоўваюся, раблю пэўныя высновы.

20. Каго лічыце сваім галоўным настаўнікам?

– Само жыццё.

21. У Вас ёсць Ганаровы знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Гэта самая каштоўная ўзнагарода?

– Безумоўна, гэта вельмі значымая ўзнагарода. Але самая дарагая – гэта апладысменты, усмешкі, словы падзякі гледачоў. У мяне шмат Грамат, Дыпломаў, Падзяк розных вартасцяў. І кожная каштоўная па-свойму.

22. Раскажыце аб сваёй сям’і.

– Мае любімыя дзеці – Саша і Марына са сваімі другімі палавінкамі, унучкі – Ганна і Віка. Мае самыя родныя, самыя лепшыя. Мой гонар, мая падтрымка, маё шчасце.

23. Вы жывеце розумам ці сэрцам?

– На жаль, сэрцам, хаця разумею, што трэба быць рацыяналістам.

24. Ваш любімы дзень тыдня?

– Як ні дзіўна, панядзелак. Таму што ў мяне выхадны. Усе на рабоце, кудысьці спяшаюцца, а я жыву ў гэты дзень у адносна павольным рытме.

25. Ці бываюць моманты, калі незадаволены сабою?

– Вельмі часта.

26. Як лічыце, Вам мастацкі дар, талент перадаўся ў спадчыну?

– Лічу, што да. Я ўдзячна сваім продкам: за здольнасць пісаць – дзядзьку, спяваць – маці. Але гэта спадчыннасць плюс працавітасць. Без яе ніяк.

27. Як Вы спасцігалі сакрэты паэтычнага майстэрства?

– Пачала ў дзясятым класе. Класны кіраўнік папрасіла напісаць верш. Не разумею, як у мяне атрымалася, усё ішло знутры. Нарадзіліся радкі пра бярозку. У іх былі ўсе мае перажыванні. Потым ўсё закруцілася, я пачала складаць вершы на многія мерапрыемствы. А пасля пачала прачынацца па начах, бо строчкі прыходзілі ў галаву. Каля ложка на тумбачцы клала ліст паперы і аловак, каб адразу ўсё занатоўваць. Пры дапамозе вершаў я гавару аб нейкай недаказанасці ў жыцці. Аднойчы Мікола Мятліцкі, чытаючы мае творы, сказаў: «Я бачу, як плача твая душа. Але табе лягчэй, бо яна плача на радзіме».

28. З гадамі, назапашаным досведам вершы пісаць лягчэй ці цяжэй?

– Адназначна лягчэй. З гадамі сыходзіць сарамлівасць спажыць тую ці іншую фразу ці вобраз. Акрамя таго, жыццёвы вопыт накоплівае больш вобразнасці.

29. Што Вы назвалі б сваёй самай вялікай жыццёвай удачай?

– Тое, што я стала мамай, бабуляй. Мая работа таксама мая ўдача.

30. Ваша любімае месца ў Хойніках?

– Я вельмі люблю наш горад. Мне падабаюцца месцы, дзе можна пабыць сам-насам з сабой. Да прыкладу, парк. Утульны, прыгожы. Падасца банальным, але я люблю познім вечарам, калі ўжо мала людзей на вуліцы, пасядзець на лавачцы каля нашага Цэнтра культуры.

31. Як Вы праводзіце свой адпачынак?

– У санаторыях. Мой любімы – «Чёнки». Акрамя таго, з унучкай любім бываць у сталіцы: дэльфінарыі, заапарку, аквапарку, гульнявом цэнтры, цырку былі. Абавязкова прывозім «кавалачак» малой радзімы маёй цётцы – адзіная з застаўшыхся сястра Івана Мележа – Любоў Паўлаўна, з якой мы маем выдатныя зносіны.

32. Калі б Вы сустрэліся з Богам, якое пытанне яму задалі б?

– Госпадзі, даражэнькі, ці правільна я пражыла сваё жыццё? Ці не застаўся хто пакрыўджаны мной?

33. На якім музычным інструменце хацелі б іграць?

– У мяне траўма, і таму я не магу іграць на музычных інструментах, але ўсё жыццё хацела навучыцца іграць на гітары.

34. Які самы лепшы камплімент Вы атрымлівалі?

– Гэта былі словы народнага артыста БССР Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага, якія ён сказаў мне на вуха, уручаючы ўзнагароду на фестывалі песеннага мастацтва «Гэты дзіўны спеў – з глыбінь народных». Ён мне падзякаваў так, што мурашкі бегалі па скуры. Ад чалавека такой велічыні гэта ўдвая прыемна.

35. Які Ваш любімы выканаўца?

– Складана кагосьці вылучыць. Я люблю класіку, рамансы, эстрадную песню…

36. Як, на Вашу думку, адчувае сябе народная песня побач з так званай папсой?

– Лічу, што лагодна. Мы ведаем цану народнай песні. Гэта наша спадчына. Суіснаваць яны могуць, але ў кожнай песні свой слухач.

37. Якое Ваша любімае свята?

– Дні нараджэння ўнучак. І Новы год.

38. Вы доўгі час навучалі вакалу дзяцей. Складана было працаваць са школьнікамі?

– Цудоўна было працаваць. Мы былі адной дружнай камандай. І нават сёння падтрымліваем сувязь. Мой «Светлячок» быў для мяне сапраўды светлячком жыцця.

39. Вы кіруеце народным аматарскім аб’яднаннем «Спадчына». На чым трымаецца Ваш калектыў?

– Нас усіх аб’ядноўвае любоў да народнай песні. Кажу гэта не для «чырвонага слаўца». І жаданне несці людзям радасць. У маіх бабулек нямала праблем, у тым ліку са здароўем, але нягледзячы ні на што яны выступаюць, укладваюць душу у кожны нумар.

40. Вы працавалі карэктарам, карэспандэнтам і на раённым радыё. З’яўляецеся шматгадовым актыўным пазаштатным аўтарам нашай раённай газеты. За што любіце журналістыку?

– За магчымасць пачуць, убачыць, расказаць аб тым, што іншыя не ведаюць. Мне цікава пісаць пра людзей, пра творчасць, пра дзяцей, пра настаўнікаў, пра малую радзіму, гумарыстычныя замалёўкі, з вялікім задавальненнем магла б пісаць і пра сельскую гаспадарку. А вось у прамысловасць не лезла б.

41. Якую ролю на сцэне хацелі б выканаць?

– Ганну Чарнушку. Гэта не мой характар, не мая фактура, але хацела б выканаць менавіта гэтую ролю. Не для сябе. А ў памяць аб важных людзях у маім жыцці.

42. Што Вас натхняе?

– Размова з добрым чалавекам. Усмешкі людзей. І, безумоўна, поспехі маіх дзяцей.

43. Як падтрымліваеце сябе ў такой выдатнай форме?

– Я ў выдатнай форме? Лічыце? Дзякую. Дзякуючы рабоце. Яна мяне стымулюе. Нельга расслабляцца. Да таго ж, мяне натхняе «Спадчына».

44. Дайце параду: як не губляць аптымізм?

– Нічога новага не адкрыю: нават у чорным варта бачыць белае.

45. Кур’ёзныя сітуацыі здараліся на сцэне?

– Аднойчы тры аднолькавыя прыпеўкі запар праспявала, іх было шмат, таму ніхто не заўважыў. У студэнцкія гады ставілі пастаноўку, па сцэнарыю мяне забівалі і трэба было падаць з сумным тварам на падлогу, а я ледзьве змагла стрымаць смех. Бывала, што і святло адключалася падчас канцэрта – выратоўвала імправізацыя.

46. Што б Вы змянілі, калі б сталі міністрам культуры?

– Гэта вельмі складанае пытанне. Нават і ўявіць гэтага не магу. Не адкажу. Аднак, калі гаварыць пра праблемы ў нашай галіне, то трэба засяродзіць увагу на кадравым пытанні.

У нашай прафесіі неабходна ахвярнасць і ўменне выйсці з любой складанай сітуацыі.

– Лілія Уладзіміраўна, наступныя чатыры пытанні варта будзе працягнуць фразу: «Што значыць, па-вашаму, быць… ?»

– Давайце.

47. Што значыць, па-Вашаму, быць добрай жанчынай?

– Менавіта добрай? Тут напрошваецца адказ – не крыўдзіць мужчын.

48. …добрай артысткай?

– Цалкам аддавацца свайму творчаму амплуа.

49. …добрым чалавекам?

– Не крыўдзіць людзей, прымаць іх такімі, якія яны ёсць.

50. …добрым беларусам?

– Любіць сваю і вялікую, і малую радзіму. Сваімі добрымі справамі, работай падтрымліваць і памнажаць усё тое добрае, што ў нас ёсць, праслаўляць сваю краіну, захоўваць традыцыі і памяць.

Гутарыла Наталля РЭВЯКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *