Каб зваротаў было меней

Власть

Сустрэчы з насельніцтвам як спосаб вырашыць праблемныя пытанні

Жывы дыялог з прадстаўнікамі ўлады, служб і аддзелаў райвыканкама, падчас якіх можна вырашыць надзённыя і злабадзённыя пытанні – на гэта і разлічаны сустрэчы з прадстаўнікамі працоўных калектываў, насельніцтвам, выезды інфармацыйна-прапагандысцкай групы райсавета дэпутатаў.

Чарговыя сустрэчы народныя абраннікі правялі на бягучым тыдні. Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Галіны Бондар сустрэлася з актывам Алексіцкага сельсавета.

Перш-наперш Галіна Віктараўна азнаёміла ўсіх з паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, фарміраваннем раённага бюджэту, у тым ліку з тым, якім чынам гэты бюджэт папаўняецца, колькі ўносяць дзяржпрадпрыемствы, колькі прыватныя. Так, напрыклад, 276 індывідуальных прадпрымальнікаў у мінулым годзе пералічылі ў бюджэт усяго 476 тыс. руб. падаткаў. А, для параўнання, на харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі, на год неабходна 1,3 млн. руб., на асвятленне горада – больш за 200 тыс. руб. Таму кожнаму патрэбна за сабой паназіраць. І падумаць, колькі ты плаціш падаткаў, а колькі хочаш атрымаць ад дзяржавы. Патрэбна памятаць: плаці падаткі, не крыўдзі сваіх работнікаў. І жыві спакойна.

Абмеркавалі і «Вялікую размову з Прэзідэнтам», якая мела месца 9 жніўня: дзяліліся ўражаннямі, узнятымі тэмамі, зададзенымі на ёй пытаннямі. У працяг – абмеркавалі жыццё краіны і раёна са жніўня мінулага года, паводзіны і думкі грамадзян.

Гаварылі аб патрыятызме і тым, як яго выхоўваць у беларусаў, асабліва ў моладзі, падрастаючага пакалення. А патрыятызм і любоў да Радзімы пачынаецца з павагі да бацькоў і іх працы, з павагі да сімвалаў сваёй краіны і яе законаў, павагі да навакольнага асяроддзя.

Намеснік начальніка РАУС Дзяніс Апанасюк нагадаў дарослым кантраляваць дзяцей і іх гаджэты, каб падлеткі і моладзь у жаданні лёгкіх грошай не станавіліся нарказакладчыкамі. Дарэчы, у першым паўгоддзі на тэрыторыі раёна здзейснена 3 злачынствы, звязаныя з наркатычнымі сродкамі.

Пра асобны збор другаснай сыравіны нагадаў дырэктар КЖУП «Хойніцкі камунальнік» Сяргей Несцярэнка. Таксама заклікаў своечасова аплачваць камунальныя паслугі. Дарэчы, доўг 40 жыхароў сельсавета за жыллёва-камунальныя паслугі (а гэта вада і вываз смецця) складае 7300 руб. (пяня – 16 тыс. руб.).

Жыхары пыталіся пра якасць вады ў Глінішчах (работы па ачыстцы праводзяцца, яшчэ будзе заменены ўчастак водаправода і пабудавана воданапорная вежа, што павінна вырашыць праблему канчаткова), якасць вады ў Слабажанцы (у планах – паставіць станцыю абезжалезвання). Скардзіліся на непрытрымліванне графіку вывазу смецця.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *