Аб самым галоўным разважалі ў Велікаборскім сельсавеце

Власть

Кожны тыдзень старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар выязджае на сустрэчы з калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна, з насельніцтвам па месцы іх жыхарства.

Чарговая сустрэча прайшла ў Велікаборскім сельвыканкаме з актывам сельсавета. Як адразу абазначыла Галіна Віктараўна, гаварылі аб новым, актуальным.

На фінальную прамую выходзіць падрыхтоўка комплекснага дакумента – Праграмы развіцця асобных раёнаў Гомельскай вобласці, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, на перыяд да 2025 года. Папярэдне, у ёй плануецца замацаваць такія важныя для нашага рэгіёна пытанні – выдзяленне жылля маладым спецыялістам, умовы падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, сельскагаспадарчых арганізацый і іх работнікаў, і інш. Калі гэтыя і іншыя моманты будуць падтрыманы і замацаваны, то Праграма сапраўды дасць штуршок развіццю тэрыторый 5 раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.

Таксама абмеркавалі вынікі сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з актывам мясцовай вертыкалі па актуальных пытаннях грамадска-палітычнай абстаноўкі і «Вялікай размовы з Прэзідэнтам».

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар праінфармавала аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і вобласці, выкананых і невыкананых планах і задачах, фарміраванні раённага бюджэту, яго даходных і расходных частак (так, напрыклад, 44 млн. патрэбна раёну для жыцця, аднак мы самі зарабляем толькі 15 млн.).

Важная тэма – працаўладкаванне. Растлумачана, якія і дзе маюцца працоўныя месцы. Плануюцца да адкрыцця некалькі вытворчых участкаў. Так, напрыклад, хацелі адкрываць швейны цэх, аднак не набралі жадаючых. Няўжо ўсе, хто ўмее шыць, працаўладкаваны? Або тыя, хто мае патрэбу ў рабоце, не жадаюць навучыцца шыць, каб зарабляць? Вось зараз работнікаў набірае ўчастак па вытворчасці абутку. Не чакайце нечага, а лепш звяртайцеся. Навучыць шыць абутак абяцаюць у час работы.

Таксама многа ўвагі ўдзелена пытанням выхавання патрыятызму ў падрастаючага пакалення, рабоце маладзёжнага парламенту.

Сустрэча прайшла на адным дыханні. Па яе заканчэнні актыў Велікаборскага сельсавета яшчэ пэўны час абмяркоўваў узнятыя тэмы. А такі настрой гаворыць аб тым, што людзі пачулі важную для сябе інфармацыю, тое, што іх хвалюе, цікавіць. Гэта значыць, што ў сваіх працоўных калектывах, сваіх сем’ях працягнуць дзяліцца пачутым, меркаваннямі, думкамі. А гэта таксама важна – значыць, інфармацыю даведаецца большасць.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *