Па прынцыпу кулінарнага выбару

Образование

– Харчаванне – не проста папаўненне затрачанай энергіі, гэта прадукты для росту і разумовага развіцця дзіцячага арганізма, – падкрэслівае дырэктар Партызанскай сярэдняй школы Н.М. Прыходзька. – З таго часу, як у школах, размешчаных на радыеактыўнай тэрыторыі было арганізавана бясплатнае харчаванне хлопчыкаў і дзяўчынак, і на якое, дарэчы, расходваюцца велізарныя дзяржаўныя сродкі, у сваім калектыве пачалі пошук найбольш аптымальных яго форм.

Па-першае, з паліц школьнага буфета ўбралі чыпсы, газіраваныя напіткі, “кірыешкі”, розныя салодкасці ў спакуслівых упакоўках, а паклалі пасцілу, зефір, мармелад, якія не  ўтрымліваюць кансервантаў і штучных араматызатараў. Рабяты сталі звяртаць увагу на паліцу з беларускімі таварамі. Гэта і не дзіўна, нашы прадукты не ўступаюць па якасці замежным аналагам, але даюць ім фору ў цане.

Па-другое, правялі анкетаванне на прадмет ужывання школьнікамі таго ці іншага прадукту.

– Дапусцім, – працягвае Ніна Міхайлаўна, – нехта любіць мяса і каўбасу, не пераносіць рыбу, хтосьці наадварот. У такім разе вырашана было прадаставіць права выбару, састаўляць меню згодна з запытамі школьнікаў,  вядома, захоўваючы пры гэтым санітарныя нормы харчавання. І першыя крокі новаўвядзення паказалі, што колькасць адходаў са школьнага стала рэзка знізілася.

У пацвярджэнне сказанага паказалі меню. На дзень наведвання школы вучням 1-7 класаў на сняданак прапаноўвалася на выбар тварожная запяканка і прасяная каша. На абед старшакласнікам  прыгатавалі на выбар боршч і суп, на другую страву – гуляш і каўбасу, на гарнір – адварныя макароны і грэчневую кашу, у якасці дэсерту –  кісель і мачоныя яблыкі.

Вучні, якія наведваюць групу падоўжанага дня, харчуюцца тры разы на дзень, тыя, што вучацца ў старэйшых класах, – два разы.
Адпаведна розны кошт харчавання для розных узроставых груп: 6-10 гадоў – 4481 рубель, 11-13 – 5046, 14-17 гадоў – 5380 рублёў у дзень.
У кампот дабаўляецца вітамін С, штодзённа дзецям выдаюцца яблыкі і цытрусавыя.



У ходзе падрыхтоўкі гэтага матэрыялу пазваніла  школьнікам і спытала, чым яны харчуюцца ў выхадныя дні. Аказалася, што трое з дзесяці юных рэспандэнтаў акрамя чыпсаў нічога не хочуць есці. Але гастранамічныя звычкі фарміруюцца не ў школьныя гады, а ў дашкольныя. Настаўнік не ў сілах разбурыць стэрэатыпы харчавання дзіцяці, якія закладвалі бацькі з маленства. Школа толькі на паўдня вырывае вучня з дамашняга быту, у якім ён “варыцца” кожны дзень. Калі мама і тата кожную раніцу на сняданак заліваюць кіпенем “Ролтан”, то сын і дачка не будуць гатаваць сабе кашу: смачнейшае заўсёды тое, што за кампанію з бацькамі.



Смачныя і каларыйныя стравы рыхтуе для дзяцей Людміла Яўгенаўна Навуменка. Яна зусім нядаўна замяніла на гэтай пасадзе Галіну Васільеўну Цяцерыч, якая многа гадоў адпрацавала тут поварам, а, выйшаўшы на пенсію, з’яўляецца  буфетчыцай  (абедзве на здымку).
Работніцы сталовай добрасумленна адносяцца да сваіх абавязкаў, а кіраўніцтва камбіната грамадскага харчавання прадаставіла ім належныя ўмовы працы. Хапае кухоннага посуду і інвентару, халадзільнага абсталявання. Заяўкі на прывоз прадуктаў выконваюцца аператыўна.

Адказнай за харчаванне прызначана намеснік дырэктара Святлана Адамаўна Жураўская. У састаў бракеражнай камісіі ўвялі сакратара Велікаборскага сельскага Савета Вольгу Аляксандраўну Плытнік. У адрозненне ад іншых школ раёна, тут няма дзяжурных па сталовай з ліку вучняў – падаюць абеды работнікі сталовай, яны ж займаюцца і ўборкай памяшкання.

Пытанні арганізацыі гарачага харчавання і мерах па яго паляпшэнню абмяркоўваюцца на педагагічных саветах. На базе школы праводзіліся тэматычныя раённыя і абласны семінары.

Яшчэ на адзін аспект пытання звярнула ўвагу дырэктар школы Н.М. Прыходзька. Яна зазначыла, што з ежы не трэба рабіць культа, але навучыць дзяцей есці культурна – неабходна, бо ў гэтым здароўе і іх заўтрашні дзень. Атмасфера школьнай сталовай, дзе на сценах акрамя сродкаў нагляднай агітацыі красуюцца творчыя работы дзяцей, а на сталах засцелены прыгожыя абрусы-кляёнкі, прымушае да гэтага.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *