Райскі куточак на вуліцы Садовай

Добраўпарадкаванне

Сям’я Валерыя і Марыны Лебядзеўскіх пабудавала дом, пасадзіла дрэвы і далей паляпшае сваё наваколле.

У нашым райцэнтры, на шчасце, нямала вуліц, якія радуюць вока дагледжанымі домаўладаннямі. Да такіх лёгка аднесці і вуліцу Садовую. Нават сама назва быццам прывучае да адпаведнага побыту – тут квітнеюць і шырэюць уласныя сады з летнім багаццем вішань, абрыкосаў. Увосень добра пахне спелымі яблыкамі і грушамі. Паабапал дарогі гаспадары наводзяць парадак на далучаных да свайго домаўладання газонах.

Дом маіх добрых знаёмых – сям’і Лебядзеўскіх – стаіць нібыта ў куточку. Але гэта толькі геаграфічна. Па свайму знешняму выгляду домаўладанне ярка выбіваецца сярод суседзяў. І не каляровымі садовымі дэкорамі ці незвычайнымі шыльдамі, а той мясцовай асаблівасцю. Зірнеш на гэты ўчастак, і адразу зразумела – тут сапраўдныя гаспадары.

+

Мяркуйце самі: акуратная дабротная агароджа, паркоўка перад домам, абсаджаная кветкамі і туямі. Як у нас кажуць, усё цывільна. Жарты прэч, у гэтым выпадку такі выраз – самы сур’ёзны камплімент руплівым гаспадарам. Даўно пара пра іх сказаць.

Заснавальнікам, калі так можна выказацца, домаўладання больш за 10 гадоў стаў хайнічанін Валерый Лебядзеўскі. Разам з жонкай Марынай яны марылі пра ўласны дом і ўчастак, багаты на агародніну, кветкі і садовыя збудаванні. Гэта мара ажыццявілася, але толькі людзі, якія на сваім вопыце ведаюць, якой цаной атрымліваецца такая прыгажосць і хараство, з павагай аднясуцца да нашых герояў. Без аніякай знявагі да кватэрных уласнікаў, якой і сама з’яўляюся, адзначу, што спраў на асабістым участку ў параўнанні з кватэрнымі праблемамі проста нельга паставіць побач, так іх многа ў першых.

Спачатку на набытым участку сціпла стаяў гараж. Першае, што зрабіў Валерый тут – залажыў фундамент для будучага дома. Далей сям’я патраціла некалькі гадоў і нямала сродкаў, каб дом нарэшце пабудавалі. Адначасова з гэтым добраўпарадкоўвалі наваколле ў лепшых традыцыях айчыннага дабрабыту. Непадалёк ад хаты паставілі ўтульную альтанку, правялі туды асвятленне. Разбілі агародзік, пасадзілі па краях газону стройныя туі. Іх на сёння, ці па выпадковасці, ці па разліку, столькі ж дрэўцаў, колькі часу разам муж і жонка Лебядзеўскія – 16 гадоў.

Паклапацілася сям’я і пра братоў нашых меншых. Ганаровую вахту на ўчастку нясе актыўная і гучная Бэлла – сабака-вартаўнік. Для яе гаспадар змайстраваў прасторны вальер. Побач, у зялёнай цені высіцца драўляная кармушка. Хутка сюды прыляцяць карміцца стайкі птушачак.

Як у самых руплівых сем’ях, на Садовай маецца і невялічкая гаспадарка – куры, качкі, нават парасяткі і трусы. За гэтым даглядае сам гаспадар. На мініяцюрныя ж плечы гаспадыні Марыны легла не меншая адказнасць: уся зялёная прыгажосць на ўчастку – справа рук гэтай працавітай хайнічанкі.

Але ж я амаль забыла пра яшчэ аднаго – самага важнага чалавека ў гэтай сям’і – дачушку Маргарыту. Дзяўчынцы яшчэ няма трох годзікаў, але яна з задавальненнем імкнецца паўдзельнічаць ва ўсіх сямейных справах. То бяжыць з таткам гадаваць хатнюю птушку, то збіваецца з ног, каб паспець за матуляй паліваць кветачкі. А яшчэ вельмі камічна хаваецца за пакуль не высокімі дрэўцамі туі. Яна, хоць і маленькая, але такая сур’ёзная Маргарытка, расце ў вялікай любові. Менавіта гэта пачуццё – любоў да родных, каханне паміж мужам і жонкай, а яшчэ прыязнасць да роднай зямлі – дае натхненне руплівым хайнічанам Лебядзеўскім і надалей падтрымліваць свой сямейны райскі куточак у ідэальным парадку. Тое яшчэ будзе!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *