Беларусь турыстычная: гарады Ліда і Гродна

Беларусь турыстычная

Расказвае Марына КРАЎЧАНКА:

– Прафсаюзны камітэт запаведніка арганізаваў экскурсію ў Ліду і Гродна для 14 прадстаўнікоў працоўнага калектыву.

Шмат хто ў гэтых гарадах не быў, а некаторыя калі і былі, то не наведвалі такія цудоўныя месцы.

Класныя ўражанні падарыў горад Ліда: экскурсія па Лідскаму замку, які быў закладзены амаль 700 гадоў таму (у 1323 годзе) – аднаму з найкаштоўнейшых абарончых замкаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, прагулка па гораду з аглядам яго славутасцяў.

Чакала нас і экскурсія-дэгустацыя ў каларытнай сядзібе «Вольны млынар» (Лідскі раён). Падчас яе наведалі выставачныя залы турыстычнага комплексу, даведаліся пра таямніцы піваварства ў сярэднія вякі, пра сакрэтныя рэцэпты хмельных напояў, навінках сучасных тэхналогій вытворчасці піва.

Гродна – адзіны горад у Беларусі, які мае статус горада-помніка архітэктуры і горадабудаўніцтва. Водар яго даўніны немагчыма зблытаць ні з чым. Ён прывольна і раскошна размясціўся на Замкавай гары, там, дзе Нёман робіць круты паварот да літоўскай мяжы.

Тут бок аб бок стаяць і касцёлы з драўлянымі статуямі, лютэранская кірха, праваслаўны храм і старажытная царква. Мы прагуляліся па пешаходнай Савецкай вуліцы, якую абступаюць цікавыя будынкі, акунуліся ў загадкавы свет легенд Гродна, пазнаёміліся з гістарычным цэнтрам, які налічвае больш за 400 аб’ектаў.

Не сапсавала прахалоднае надвор’е нашага гарэзлівага настрою. І мы працягнулі падарожжа па водным шляху на цеплаходзе Аўгустоўскага канала, дзе сыходзяцца межы трох дзяржаў Польшчы, Беларусі і Літвы.

Дарэчы, гэта не першая арганізаваная паездка ад прафсаюза. Ведаеце, ёсць у іх нешта чароўнае: з’язджаеш адным чалавекам, а вяртаешся зусім іншым.

Запісала Алена СМУСЯНОК.

Фота planetabelarus.by і Аляксандра ШПАРУНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *