Год роднай зямлі Зубр — жывёліна недатыкальная


Колькаць зуброў, завезеных на тэрыторыю Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, за прайшоўшыя 13 год узрасла ў 4,1 раза. Адпаведна павялічылася і плошча раёна іх знаходжання. Больш стала дарослых самцоў, а гэта самая актыўная частка папуляцыі для асваення новых тэрыторый.

Рост колькасці жывёлін – заслуга работнікаў ПДРЭЗ. Адна справа, калі зубры асвойваюць цэнтральныя раёны запаведніка. Але зусім не радуе з’яўленне іх на мяжы або за мяжою ахоўваемых тэрыторый. Асабліва там, дзе да лясных угоддзяў запаведніка прымыкаюць населеныя пункты. Адной з прычын з’яўляецца тое, што ў перыяд гону (жнівень-кастрычнік) самцы могуць павесці сябе агрэсіўна ў адносінах да веласіпедыстаў, матацыклістаў, да чалавека, якога сустрэлі ў лесе.




Дырэкцыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка папярэджвае насельніцтва Хойніцкага раёна аб неабходнасці захавання мер перасцярогі пры магчымых сустрэчах з зубрам, напамінае аб ахоўным статусе зубра, яго недатыкальнасці, просіць неадкладна паведамляць аб усіх выпадках выяўлення загінуўшых асобін гэтага віду адміністрацыі ПДРЭЗ (тэлефон 3-30-86).



Асаблівую трывогу выклікаюць у нас магчымыя выпадкі браканьерства. Зубр – гэта від, які занесены ў Чырвоную Кнігу Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, у Чырвоны Спісак Міжнароднага саюза аховы прыроды. Штраф за яго незаконнае знішчэнне складае каля 10 мільёнаў рублёў. Але браканьеру ўсё роўна каго здабыць: зубра або лася.  Першага яшчэ пераважна і па масе цела. І не будзе ён перад стрэлам аддавацца роздумам аб выключнасці і унікальнасці зубра, які яшчэ зусім нядаўна быў выратаваны ад поўнага знікнення на нашай планеце. Як асабліва не задумваўся егер Белавежскай пушчы Шпаковіч, падняўшы стрэльбу на апошняга вольна жывучага белавежскага зубра (ракавы стрэл прагрымеў у асеннім лесе Белавежжа ў 1919 годзе). Спатрэбілася 70 год карпатлівай працы, каб у Чырвонай Кнізе з катэгорыі “знікаючы” перавесці гэты від у катэгорыю “ўзноўлены”. Але па-ранейшаму зубр лічыцца ўразлівым і лёгка знішчальным відам. Беларусь і зараз у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі нясе адказнасць за яго захаванасць.



Т. ДЗЯРАБІНА,
вядучы навуковы
супрацоўнік ПДРЭЗ,
кандыдат біялагічных
  навук.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *