Узнагароды знайшлі ўладальнікаў

Спорт

У суботу 17 кастрычніка на гарадскім стадыёне прайшоў традыцыйны для гэтай пары года асенні лёгкаатлетычны крос, у якім прынялі ўдзел 11 каманд прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Мужчыны спаборнічалі на кіламетровай дыстанцыі, а жанчыны і мужчыны ўзростам старэй за 50 гадоў выйшлі на старты дыстанцыі 500 метраў.

У малодшай мужчынскай катэгорыі (ад 18 да 29 гадоў) з лепшым вынікам дня – 3 мінуты і 46 секунд перамог прадстаўнік КСУП “Судкова” Аляксандр Садчанка. Другі вынік паказаў Аляксандр Шутаў з райаддзела па надзвычайных сітуацыях, трэцім быў Ігар Новік, выступаўшы за каманду КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.

Ва ўзроставай катэгорыі ад 30 да 39 гадоў прозвішча пераможцы гучала гэтак жа, як і ў малодшай, але гэты Аляксандр Садчанка выступаў за каманду ПУП “Палескія сыры”. Другое месца дасталося Сяргею Пінчуку (райаддзел па надзвычайных сітуацыях), трэцяе – Аляксандру Валенчыцу (ЦРБ).

Уладзімір Сергіенка з раённага аддзела адукацыі першынстваваў ва ўзроставай катэгорыі ад 40 да 49 гадоў, апярэдзіўшы заняўшага другое месца выратавальніка Аляксандра Добыша і фінішыраваўшага трэцім Юрыя Гапоненку (ПДРЭЗ). Тое, што ёсць яшчэ порах у парахаўніцах, прадэманстравалі самыя старэйшыя ўдзельнікі спаборніцтваў – Уладзімір Кучараў (КЖУП “Хойніцкі камунальнік”) і Мікалай Табачны (ПДРЭЗ), якія фінішыравалі ў такім жа парадку.

Як заўсёды эмацыянальна праходзіла барацьба ў забегах з удзелам прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. І тут лепшы час дня быў паказаны ў малодшай узроставай групе: дыстанцыю 500 метраў Марыя Карэльская з раённага аддзела адукацыі пераадолела за 1мінуту і 25 секунд. Дзве астатнія прыступкі п’едэстала гонару акупіравалі прадстаўніцы раённага спажывецкага таварыства Вольга Кардаш і Ірына Дзядзіцкая.

У наступнай узроставай катэгорыі такім жа пераможным тандэмам фінішыравалі спартсменкі з цэнтральнай раённай бальніцы Любоў Пархоменка (І месца) і Яўгенія Сацура (ІІ). Трэці вынік паказала Таццяна Заранок з Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

У дзвюх старэйшых катэгорыях пераможцамі сталі Майя Лобан з ЦРБ і Алена Тарасенка, выступаўшая за каманду ПДРЭЗ.

Па суме набраных ачкоў у камандным заліку першынствавала лёгкаатлетычная дружына Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Другое месца заваявалі спартсмены і спартсменкі цэнтральнай раённай бальніцы, трэцяе дасталося камандзе КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.

У той жа дзень знайшлі сваіх уладальнікаў і прызы лепшым футбалістам раёна. Вялікі кубак і званне пераможцы атрымала каманда эксбазы “Стралічава”. Кубкі за другое і трэцяе месцы дасталіся адпаведна камандам КЖУП “Хойніцкі камунальнік” і ТДА “ПірамСервіс”.

Вызначаны і лепшыя па выніках першынства раёна футбалісты ў сваіх гульнявых амплуа. Так, лепшым галкіперам спаборніцтваў прызнаны Аляксандр Гарбаты, а лепшым абаронцам – Дзмітрый Протчанка. Абодва гэтыя ігракі выступалі за каманду камунальнікаў. А вось чэмпіёны раёна – футбалісты эксбазы “Стралічава” Дзяніс Сацура і Аляксандр Дзягцярык атрымалі лаўры адпаведна лепшага паўабаронцы і лепшага нападаючага.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *