Тры аднакласніка прыйшлі ў гаспадарку

Сельское хозяйство

За што іх хваліць кіраўніцтва

Бардовы Фольксваген Пасат, які ехаў з райцэнтра, спыняецца і з пярэдняга пасажырскага месца выходзіць малады хлопец. Яму налева – у Тунеўшчыну, на МТК. Так на працу дабіраецца заатэхнік Дзяніс Яраш. Вадзіцель ж пасля прыпынку з’язджае направа, у Глінішча, дзе паркуецца на мехдвары гаспадаркі. Гэта малады Віталій Белаш – загадчык гаража. За ім у аграгарадок на Мэрсэдэсе 124-й мадэлі прыехаў яго калега Канстанцін Скіданенка, з мая ён працуе тут інжынерам машынатрактарнага парка.

З першых хвілін знаёмства я азадачыла хлопцаў толькі адным пытаннем: чым адрозніваюцца іх прафесіі. Віталій цярпліва тлумачыць: калі на полі ламаецца трактар, то гэта праблема Косці, а калі нешта з грузавым аўто – вырашае ён.

Баявое хрышчэнне хлопцы прайшлі ў час уборачнай кампаніі. Гэта тыдні, калі ўсе няспраўнасці павінны вырашацца імгненна. Інакш спыніцца работа многіх людзей, а гэта адаб’ецца на тэмпах уборкі. Таксама ў зоне адказнасці маладых «спяцоў» парадак у дакументацыі тэхнікі. За работай моладзі сочыць дырэктар гаспадаркі Аляксандр Максімовіч, які з любой нагоды гатовы дапамагчы парадай. Абодва інжынера з удзячнасцю гавораць пра свайго непасрэднага начальніка Яўгенія Целеша. Хлопцы з павагай называюць яго Іванавіч. Менавіта Іванавіч адгукаецца на любыя пытанні падначаленых і падказвае нюансы прафесіі.

Віталій Белаш

Я спытала, за што нядаўна Яўген Іванавіч хваліў кожнага з інжынераў. Віталік успомніў, што ён паспяхова аформіў аднаму аўтамабілю тэхагляд. Канстанцін пахваліўся, што загадзя паклапаціўся пра падаўжэнне страхоўкі сваёй тэхнікі. Давялося патраціць нямала часу, але ў выніку зэканомілі гаспадарцы сотні рублёў.

Абодвум хлопцам ледзь за 20, але ў калектыве іх прынялі ветліва. Прапанавалі тут жыллё: пакой у калгасным інтэрнаце. Косця прыняў прапанову, каб на ноч не матацца ў горад. Віталь разважыў інакш і адмовіўся.

Я пабывала ў доме, дзе жыве Канстанцін. Ён запрасіў пабачыць і пакой. Акуратнае памяшканне, нічога лішняга. У інтэрнаце ёсць усе побытавыя неабходнасці, жыхары топяць кацёл. Па суседству, у двух іншых пакоях, таксама жывуць маладыя спецыялісты.

Дарэчы, сусед па пакоі ў Косці Скіданенкі – той самы заатэхнік Дзяніс Яраш. Ды і наогул цікава атрымалася: усе трое – Дзяніс, Канстанцін і Віталій – аднакласнікі, закончылі сярэднюю школу № 3, а потым прафліцэй. Затым Дзяніс Яраш і Віталій Белаш адвучыліся ў Палескім аграрным каледжы (Калінкавічы), а Канстанцін атрымаў дыплом Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Дзяніс Яраш

Заатэхнік Дзяніс таксама знайшоў некалькі хвілін для зносін. У яго не менш адказная праца. У падначаленні 21-гадовага хлопца 10 чалавек: слесары, аператары машыннага даення, цялятніцы і апальшчыкі. Малады спец кантралюе ўсе вытворчыя працэсы на МТК, а яго кантралюе брыгадзір Пётр Рашанок. Не так даўно Дзяніс у чарговы раз сачыў за даеннем і заўважыў невялікую памылку ў дзеяннях аператара, пра што ёй нагадаў. За пільнасць хлопца пахваліў яго кіраўнік. Гэта хлопец успамінае з усмешкай.

За гады працы мне даводзілася чуць розныя водгукі ад маладых спецыялістаў. Мае новыя знаёмыя з КСУП «Імя І.П. Мележа не сталі скардзіцца, а наадварот, удзячныя. Кожны з іх да складанасцяў адносіцца па-філасофску: лёгка толькі тым, хто нічога не робіць. А на рабоце ім давяраюць, даюць адказныя заданні і дапамагаюць. Так і фарміруецца іх прафесійная кампетэнтнасць і майстэрства.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *