Міфы аб алкаголі: даведайся праўду!

Спорт

Людзі часта шукаюць апраўданне таму, што ўжываюць алкаголь. Пры гэтым яны запэўніваюць іншых і сябе, што пазбегнуць негатыўных вынікаў можна, калі піць “па правілах”. На самой справе такія размовы з’яўляюцца толькі міфам.

Алкаголь здымае страх, нервовасць.
Але гэта кароткачасовы эфект, бо ў выніку чалавек паступова становіцца пастаянна нервовым, неспакойным, няўпэўненым у сабе.

Алкаголь дапамагае вырашаць праблемы. На самой справе, ён дапамагае на час аб іх забыцца. Праблемы даводзіцца вырашаць усё роўна, прычым на “цвярозую галаву” гэта рабіць лепш.

Піва – не алкаголь. 330 мл піва (адна бляшанка), 150 мл віна (адзін бакал), 40 мл гарэлкі (адна чарка) змяшчаюць аднолькавую колькасць чыстага алкаголю. Піва змяшчае спірт і аказвае такое ж дрэннае ўздзеянне, як віно і гарэлка.

Ужыванне алкаголю не адбіваецца на знешнасці. Злоўжыванне ім выклікае абязводжванне і заўчаснае старэнне скуры, валасоў. Прыводзіць да расшырэння крывяносных сасудаў скуры, выклікаючы яе пачырваненне. У хранічных алкаголікаў мяняецца форма носа: яго кончык патаўшчаецца і становіцца чырвоным.

Алкаголь дапамагае палепшыць адносіны з аднагодкамі. На першы погляд гэта так, аднак у далейшым узаемаадносіны пагаршаюцца, бо ў алкагольным асяроддзі ўзнікаюць сваркі, бойкі.

Ужыванне алкаголю – асабістая справа кожнага. П’янства адбіваецца на  адносінах у сям’і, на працы, у грамадскіх месцах. Значная колькасць раненняў, забойстваў здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення.

Умеранае ўжыванне алкаголю не адбіваецца на магчымасцях чалавека. Больш паловы транспартных здарэнняў адбываюцца па віне нецвярозых вадзіцеляў. Чалавек не можа паўнацэнна працаваць на другі дзень пасля ўжывання алкаголю, бо хуткасць рэакцыі змяншаецца.

Алкаголь аказвае ўздзеянне на псіхіку (чалавек дэградзіруе інтэлектуальна, эмацыянальна і маральна); на разумовую дзейнасць (узнікае абыякавасць да жыцця, агрэсіўнасць); на печань, страўнік, лёгкія, сэрца і кроў чалавека. Чым маладзей арганізм, тым больш згубнае ўздзеянне. Памятайце аб гэтым, калі вам прапаноўваюць выпіць.


С. СОБАЛЬ, урач-нарколаг ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *