Не спыняцца на дасягнутым


На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта пад старшынствам старшыні райвыканкома А.В. Бічана падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў 2009 года. З дакладам парадку дня выступіла намеснік старшыні райвыканкома А.М. Іўкова, з садакладамі – намеснікі старшыні райвыканкома А.М. Байкоў і Н.А. Слесарэнка.

Прамысловы комплекс раёна  за гэты час выпусціў прадукцыі на 110,2 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Аднак раён тым не менш не дасягнуў прагнознага паказчыка, устаноўленага на ўзроўні  114 працэнтаў. Спрыяльнае становішча спраў у выпуску тавараў народнага спажывання: дасягнутая тут лічба складае  113,4 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. За студзень-верасень раён увёў у эксплуатацыю 4,96 тысячы квадратных метраў жылля. І гэта вельмі добры паказчык – датэрмінова выканана гадавое заданне па гэтаму паказчыку ў колькасці 4,9 тысячы квадратных метраў. Пэўныя поспехі мае і аграпрамысловы сектар раёна.

Забяспечаны прагнозныя паказчыкі па інвестыцыях у асноўны капітал па арганізацыях, падпарадкаваных мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і па арганізацыях пазаведамаснай прыналежнасці, экспарту паслуг, сальда знешняга гандлю таварамі, паслугамі, бытавых паслугах, энергазберажэнню, па ўдзельнай вазе запасаў гатовай прадукцыі ў сярэднямесячным аб’ёме  прамысловасці, скарачэнню пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці, па аказанню платных турысцка-экскурсійных паслуг, па ўдзельнай вазе эмісіі, а таксаму графіку прыцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці.

Тэме абмеркавання былі прысвечаны выступленні дырэктараў: КЖУП “Хойніцкі камунальнік” А.М. Клюкаўкіна, ПУП “Палескія сыры” Г.В. Бондар, РДАУП “АТУП-14” В.А. Гайкова,  КДБУП “Хойніцкая ПМК” А.А. Новіка,  КСУП “Эксбаза “Стралічава” І.А. Каральчук.

На пасяджэнні прагучалі многія  лічбы і факты. Так, у крызіс усім нялёгка даводзіцца. Але той, хто хоча вырашыць праблему, шукае шляхі, як гэта зрабіць, а хто не хоча – шукае прычыны і адгаворкі. Гэтую прапісную ісціну асабліва падкрэсліў старшыня райвыканкома А.В. Бічан, звяртаючыся да кіраўнікоў прадпрыемства, якія знаходзіліся ў зале. І напомніў, што бюджэт раёна напрамую  залежыць ад работы прамысловага комплексу раёна. Як паведаміла на пасяджэнні намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкома Н.М. Талюк, за 9 месяцаў выкананне даходнай часткі бюджэту склала 69,9 працэнта да гадавога плана або  9,6 мільярда рублёў у грашовым выражэнні, а ў 2008 годзе за адпаведны перыяд паказчыкі складалі адпаведна 85,8 працэнта або 9,1 мільярда рублёў. Значыць, вывад адзін – трэба ўсім добра працаваць, тады ў раённай казне будуць грошы, усе будуць добра жыць і развівацца.

Да заканчэння года ёсць яшчэ час, трэба рацыянальна яго выкарыстаць, каб палепшыць свае пазіцыі, падкрэсліваў пры падвядзенні вынікаў разгляду пытання старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан. Асноўныя напрамкі дзейнасці – перааснашчэнне вытворчасці, прыцягненне інвестыцый, развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, рэсурсазберажэнне, выпуск экспартаканкурэнтнай прадукцыі.

Як зазначыў потым дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Г.В. Дашкевіч, які прысутнічаў на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, раён высока падняў планку – прагнозны паказчык 114 працэнтаў у прамысловасці і 110 – у сельскай гаспадарцы і ў параўнанні з іншымі аналагічнымі рэгіёнамі вобласці і рэспублікі выглядае дастойна. Асабліва падкрэсліў, што сёння няма іншага шляху, чым вядзенне рэнтабельнай вытворчасці. А для гэтага трэба ўсё пралічыць і прадумаць. Інвестыцыі – залог выканання прагнозных паказчыкаў,  ёсць пэўная дынаміка ў гэтым. І вельмі добра, што раён не збіраецца спыняцца на дасягнутых паказчыках.

Па выніках разгляду пытання раённым выканаўчым камітэтам было прынята адпаведнае рашэнне. У той жа дзень райвыканком прааналізаваў вынікі выканання раённага бюджэту, разгледзеў пытанне “Аб выніках работы са зваротамі грамадзян, якія паступілі ў раённы выканаўчы камітэт за 9 месяцаў 2009 года”, заслухаў справаздачу дырэктара КВУП “Хойніцкі рамонтны завод” У.А. Хорсуна аб выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за студзень-верасень 2009 года і прымаемых мерах па нарошчванню аб’ёмаў вытворчасці”.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *