Старасць бывае рознай


У Беларусі налічваецца каля трох мільёнаў пенсіянераў. У іх ліку – 156 тысяч адзінокіх і 586 тысяч адзінокапражываючых грамадзян пажылога ўзросту, звыш 47 тысяч ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У цяперашні час ва ўсім свеце доля людзей ва ўзросце 60 гадоў і старэй складае 10,4%, а ў Беларусі гэты паказчык роўны 18%. Да 2030 года 27 працэнтаў жыхароў нашай краіны перашагнуць 60-гадовы рубеж.

На ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва састаіць 507 адзінокіх, 1508 адзінокапражываючых грамадзян пажылога ўзросту, 105 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ні адна галіна эканомікі па колькасці не можа параўнацца з арміяй пенсіянераў. Амаль кожны трэці жыхар нашага раёна пенсійнага ўзросту.

Як ні дзіўна гэта гучыць, старасць можа быць ранняй або позняй. У заходніх краінах старыя ўсмешлівыя, прыветлівыя. Здаецца, яны не ведаюць слова “ўзрост” і жыццё ў іх працягвае біць ключом. Іх дамы пры поўным парадзе, мужчыны – галантныя і далікатныя. А вось у нас такая бесклапотнасць сустракаецца, але пакуль яшчэ як выключэнне. У некаторых сем’ях маладыя поўнасцю перакладваюць дамашнія клопаты на бабуль і дзядуль, не лічачыся з іх здароўем і інтарэсамі. І, канешне ж, не дзіўна, што ў нас старэюць хутчэй.

Ведаю адну бабульку-доўгажыхарку, гадоў пад 90. Вельмі гаманлівая і прыветлівая, але са значна зніжанай рухальнай актыўнасцю. Ад паслуг сацыяльнага работніка адмаўляецца – эканоміць грошы. Суседзі або работнікі нашага цэнтра па яе просьбе прыносяць з магазіна прадукты. У горадзе непадалёку жыве яе сын-пенсіянер, які ўвагай сваю старэнькую маці не балуе. Гэта вельмі прыгнятае бабульку. Сын толькі звоніць маці па тэлефоне і з’яўляецца раз у месяц, калі тая атрымлівае пенсію. Ен аплачвае маці камунальныя паслугі і робіць запас прадуктаў харчавання. Яна, канешне, не галадае, але гэтага дня чакае цэлы месяц. Не ведаючы, як задобрыць сына, дае яму грошы, ад якіх той не адмаўляецца. Маці, каб неяк апраўдаць сына, гаворыць, што ў яго хворыя ногі, яму трэба аплачваць кватэру старэйшага сына і вучобу ўнука, а на яго пенсію асабліва не разгонішся. Сын для жанчыны і цяпер маленькае дзіця, якога яна любіць і шкадуе, аддаючы апошнія грошы.

Унукі ж успамінаюць аб бабулі напярэдадні сваіх дзён нараджэння, каб напомніць аб традыцыйных грашовых пераводах. Тады па просьбе бабулькі хтосьці заходзіць на пошту, каб адправіць грошы і віншавальную паштоўку. Неяк летам за доўгія гады яны вырашылі наведаць сваю бабульку: прыехалі на салідных іншмарках, радасці ж у яе было на доўгі час.

Напярэдадні Дня пажылых людзей я прыйшла да яе і сустрэла сумны позірк – пакутуе ад адзіноцтва, зразумела. Спусціцца на лавачку без пабочнай дапамогі не можа, даводзіцца глядзець на навакольны свет праз вакно.

І такіх прыкладаў, на вялікі жаль, з практыкі маёй службы можна прыводзіць многа. Магчыма, чытаючы гэты артыкул, нехта пазнае сябе – я нікога не хачу пакрыўдзіць.

У нашым цэнтры пажылым людзям аказваецца і маральная, і матэрыяльная падтрымка. Працуюць гурткі па інтарэсах, арганізоўваюцца музычныя гасцёўні, часта збіраемся за салодкім сталом.

Што можа зрабіць наша служба для таго, каб жыццё пажылых не было шэрым і сумным? Убраць у кватэры, закупіць прадукты харчавання, медыкаменты, нарыхтаваць агародніну, паліва на зіму і г.д. Але большасці старых патрабуецца не столькі дапамога па дому і гаспадарцы, колькі звычайныя чалавечыя зносіны: важней пасядзець побач, паслухаць успаміны пажылога чалавека, паглядзець сямейны альбом, выслухаць развагі, паспачуваць.

Чаму ж некаторыя дзеці ўпэўнены, што існуе толькі бацькоўскі доўг? І забываюць аб тым, што ім таксама свае даўгі перад блізкімі людзьмі трэба аплачваць. Урэшце рэшт, у непарыўнай звязцы паняцці – “бацькі-дзеці” любоў павінна быць узаемнай, а адносіны, пры якіх даюць і бяруць,  аднолькавымі.

Не трэба забываць сваіх родных і блізкіх, яны маюць патрэбу ў вашай увазе. Хацелася б запрасіць жыхароў раёна да размовы на старонках раённай газеты на гэту актуальную тэму.


Л. ЕРМАКОВА,
дырэктар ТЦСАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *