Па важных параметрах


Якасць пітной вады хвалюе жыхароў нашага горада і раёна. Аб гэтым сведчаць шматлікія тэлефонныя званкі ў рэдакцыю “Хойніцкіх навін”, пытанне гэтае адрасуецца на “прамыя” і “гарачыя” лініі, уздымаецца ў час работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Папрасілі адказаць на яго прадстаўнікоў зацікаўленых служб – пастаўляючых ваду і ажыццяўляючых кантроль за яе якасцю.

Л.М. Краўчанка, інжынер-хімік КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.


– Наша прадпрыемства адказвае за водазабеспячэнне прадпрыемстваў, арганізацый, жылога фонду горада Хойнікі  і раёна. У сістэме гаспадарання пітнога водазабеспячэння 39 артэзіянскіх свідравін, дзве станцыі абезжалезвання. Працягласць вулічнай водаправоднай сеткі па гораду складае 59 кіламетраў, унутрыдамавой – 28 кіламетраў. Па сельскіх населеных пунктах даўжыня водаадводу складае 141 кіламетр.
У сваёй дзейнасці кіруемся рэспубліканскай праграмай першачарговых мер па паляпшэнню забеспячэння насельніцтва пітной вадой “Чыстая вада”.

Для кантролю якасці пітной вады на прадпрыемстве функцыяніруе выпрабавальная лабараторыя, якая акрэдытавана на тэхнічную кампетэнтнасць у Нацыянальнай Сістэме акрэдытацыі ІЛ у Рэспубліцы Беларусь па 15 хімічных і арганалептычных паказчыках.

Кантроль па мікрабіялагічных паказчыках на дагаворнай аснове выконвае райЦГЭ, на ўтрыманне стронцыю – галіновая лабараторыя “Белжылкамунтэхнікі” штогадова, на альфа- і бетачасцінкі – Гомельскі цэнтр стандартызацыі і метралогіі.

Акрамя таго, сёлета выканана рабочая праграма ў частцы правядзення вірусалагічнага кантролю якасці пітной вады па дагавору з Гомельскім абласным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Перыядычнасць лабараторных даследаванняў адпавядае патрабаванням санітарных норм і правіл. Захоўваюцца методыкі выканання вымярэнняў пры кантролі якасных паказчыкаў вады.

У сакавіку гэтага года праведзена замена фільтруючай загрузкі на двух фільтрах станцыі другога пад’ёму вады. Трэба ўлічыць, што артэзіянскія свідравіны № 3 і № 4 водазабора “Гарадскі” эксплуатуюцца з 1974 года, калі пры бурэнні свідравін выкарыстоўваліся фільтры з меднага дроту. Цяпер жа – з нержавеючай сталі. Без станцыі абезжалезвання працаваць практычна немагчыма.

Утрыманне жалеза ў паступаючай вадзе складае 0,96 міліграма на дэцыметр кубічны, пасля ачысткі – 0,12 міліграма на дэцыметр квадратны пры норме 0,3.

Для больш стабільнай работы па водазабеспячэнню прадпрыемствам таксама сёлета праведзена прамыўка рэзервуараў № 1 і № 2 у г. Хойнікі. Выконваюцца работы па бурэнню новай артэзіянскай свідравіны № 2 па самых сучасных патрабаваннях. Праводзяцца планавыя і прафілактычныя прамыўкі водаправоднай сістэмы з наступнай дэзінфекцыяй.

У замене мае патрэбу 15 кіламетраў вулічнай водаправоднай сеткі з тэрмінам службы да 30 гадоў. Усе гэтыя работы праводзяцца ўласнымі сіламі і за ўласныя сродкі “Хойніцкага камунальніка”.

С.В. Краўчанка, в.а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна.

– Якасць пітной вады з’яўляецца адным з важнейшых аб’ектаў дзяржаўнага санітарнага нагляду. Як сведчаць даныя лабараторных даследаванняў апошніх гадоў, састаў водаправоднай вады ў нашым раёне даволі стабільны. У 2008 годзе было адабрана 155 проб для правядзення выпрабаванняў, з іх 19 або 12,3 працэнта не адпавядалі гігіенічным нарматывам па хімічнаму саставу (жалеза, марганец, агульная жорсткасць). Па мікрабіялагічных паказчыках нестандартных узораў не выяўлена.

З пачатку сёлетняга года ў лабараторыі райЦГЭ даследавана 128 проб пітной вады з камунальных водаправодаў, у 8 з іх значэнні колернасці і мутнасці перавышалі ўстаноўленыя нарматывы, але як і ў папярэднім годзе, усе ўзоры адпавядалі гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках.

Выяўленыя перавышэнні ўтрымання хімічных рэчываў абумоўлены прыродным саставам падземных вод, выкарыстоўваемых у якасці крыніцы водазабеспячэння і станам водаправодных сетак, прызначаных для падачы вады насельніцтву.


Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *