Пакаталіся на рэйсавым аўтобусе «Хойнікі-Хвойнае»

Наши проекты

Што вязуць пасажыры ў сваю вёску?

Калі я знаходжуся ў дарозе, то, гледзячы ў вакенца, атрымліваю асалоду ад тутэйшых краявідаў. Часам паспяваю за адну паездку ўбачыць проста незвычайнай прыгажосці неабсяжныя палі, утульныя вулачкі, жывапісныя лясы. Назіраю яшчэ за людзьмі, якія нешта робяць, кудысьці спяшаюцца. Мабыць, гэта ўсё мая зацікаўленая журналісцкая душа.

Апошні раз аўтобусам я ездзіла месяцы чатыры назад, да мамы ў Глінішча. Часам да мяне падсаджваліся такія гаварлівыя папутчыкі, што аж і сёння іх забыць не магу. Пабачым, як будзе ў гэты раз.

Вырашыла спачатку выбраць папулярны вясковы маршртут, той, які возіць больш пасажыраў. На аўтастанцыі сказалі, што лепей ехаць на аўтобусе «Хойнікі-Хвойнае». Паеду пакатаюся! Ён, дарэчы, тры разы на дзень курсіруе. У зале чакання ўжо і пасажыры на яго сядзяць з сумкамі, затым паціху падцягваюцца да рэйсавага. Што ж, купляю ў касе білет у невялічкае падарожжа.

Народу на аўтобус збіраецца багата. Ёсць і моладзь, і пенсіянеры. Адразу запрыкмеціла дзвюх бабулек, кажуць, што едуць да Храпкава.

– За чым у Хойнікі прыязджалі? – пытаюся я ў іх.

– Вось каўбасы купілі, ды свежанькіх булачак. У бальніцу трэба яшчэ было, узялі ў аптэцы лякарства, якія ўрач прапісаў, – расказваюць мне на платформе сяброўкі-бабулі.

Чарнявы хлопец кінуў на мяне позірк, усміхаецца. Штосьці габарытнае трымае ў руках, хуценька залазіць у аўтобус, каб заняць сабе «казырнае» месца. Звычайна, гэта каля акна.

Кранаемся з гораду, у руля вадзіцель Міхаіл Коваль, ніяк не хоча, каб я яго здымала на камеру. Лічу пасажыраў, са мной выходзіць 18 чалавек. Праязджаем прыпынак за прыпынкам – вось мы праехалі Казялужжа, Судкова. Адныя папутчыкі задуменна сядзяць, другія ў тэлефонах лазяць, а хтосьці абмяркоўвае вясковыя навіны.

Бачу: два школьнікі едуць, знаёмыя. Сказалі, што камісію для ваенкамата праходзілі, пагэтаму з сяла вырваліся. Усё – выходзяць.

Каб мне не было сумна, цікаўлюся пасажырамі патрошку. Прызнаюся, не ўсе ішлі на кантакт. Былі і такія адказы: «Я сціплы. Размаўляць з Вамі не хочу». Аднак асаблівую ўвагу прыцягнуў той самы чарнявы малады чалавек, завуць яго Аляксей Бобрык, ён адзіны быў тут з вялікімі «торбамі». Здаецца, што здалёк прыехаў, можа, да каго ў госці.

– Я ў Барысаўшчыну еду, у Маскве быў, вось сабвуфер купіў. Даўно аб ім марыў. Буду цяпер музыку гучна слухаць.

Рухаемся далей. Сярод папутчыкаў сустрэла тых, хто вельмі рэдка ездзіць на аўтобусе. У асноўным, сваёй машынай дабіраецца ў райцэнтр. Напрыклад, у аднаго аўтамабіль нядаўна зламаўся, дык ён за запчасткамі прыязджаў у магазін.

Побач са мною сядзеў дзядуля ў нейкай моднай маладзёжнай куртцы. Пазнаёміліся – Валянцін Адамавіч. Яму да канцавога прыпынку. Быў на базары, купіў сабе сарочку, будзе па хаце хадзіць у ёй, мне сказаў. І цукерак з пячэннем набраў для сястры.

А вадзіцель усё круціць баранку. Мы практычна на фінішы нашага маршруту. Высаджваецца апошні пасажыр. Што ж, цяпер назад, накіроўваемся ў Хойнікі.

Аб’язжаем тыя ж самыя вёскі – Віць, Барысаўшчыну, Храпкава, Судкова. Заходзяць і заходзяць у салон аўтобуса новыя пасажыры. Настрой у кожнага з іх розны, у кагосьці ён добры, у некаторых – не вельмі.

А вы даўно каталіся на аўтобусе?

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *