Козыры ў рукавах. Для чаго ў іх кладуць кукурузу

Сельское хозяйство

Стралічаўскія аграрыі выкарыстоўваюць эфектыўны спосаб нарыхтоўкі плюшчанай кукурузы.

Другі год запар у КСУП «Эксбаза «Стралічава» нарыхтоўваюць кармы альтэрнатыўным спосабам: кансервуюць плюшчаную кукурузу і закладваюць яе ў «рукавы». Гэта не адзіная гаспадарка ў раёне, якая выкарыстоўвае такую тэхналогію.

Каб паглядзець, як выглядаюць рукавы з кукурузай, адправіліся на КЗС № 1 эксбазы «Стралічава». Яе загадчык Васілій Трошка правёў невялікую экскурсію па пляцоўцы з яскрава-белымі «рукавамі».

Для захоўвання смачнага і сочнага ласунка для бычкоў, што на адкорме, і малочнага стада выбралі роўную асфальтаваную пляцоўку. Ніякіх уклонаў тут быць не павінна, каб побач не збіралася дажджавая вільгаць – тады лёгка сапсуецца кукуруза. Штодзень Васілій Васільевіч правярае, ці няма на стрэтч-плёнцы парываў. Любая дзірачка на матэрыяле пераўтворыць пажыўную масу на смецце.

Чатыры рукавы захоўваюцца зараз на той самай КЗС № 1, яшчэ адзін – на аддзяленні «Вялікі Бор» гаспадаркі. З пачаткам зімы рукавы па чарзе пачнуць адкрываць на корм жывёле.

Закладваюць спецыяльныя рукавы з дапамогай агрэгата для плюшчэння айчыннай вытворчасці «БабруйскАграмаш» – здрабніцеля-упакоўшчыка вільготнага зерня. Па меры неабходнасці пагрузчык засыпае зерне ў магутны вальцавы млын для сплюшчвання. Адначасова з «прэсаваннем» кукурузы з бочкі, якая ўсталявана побач, падаюцца кансерванты. Яны не толькі дапамагаюць зберагчы масу да вясны, але і паляпшаюць смак ежы для стралічаўскіх буронак. Атрыманая маса падаецца на збераганне ў палімерны рукаў, дзе можа захоўвацца да красавіка.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *