Зроблена многае, але не ўсё


За апошні час у нашым горадзе многае зроблена па навядзенню чысціні і парадку, немалая заслуга ў гэтым работнікаў КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Сіламі гэтага прадпрыемства ліквідаваны многія смеццязвалкі, якія не адзін год мазолілі вочы, а дворнікі ў яркіх камізэльках, якія ўвесь светлавы дзень шчыруюць у дварах і на вуліцах, сталі звычнай і неад’емнай часткай гарадскога пейзажу.

Тым не менш, за ўсім не прасочыш, і на месцах ранейшых звалак паступова з’яўляюцца новыя. У гэтым давялося пераканацца, пабываўшы ў некаторых месцах нашага горада. Так, яшчэ мінулай вясной транспартам “Хойніцкага камунальніка” было вывезена некалькі дзесяткаў трактараў смецця з гаражнага масіву па вуліцы Тургенева. Здавалася б, тут ачысцілі ўсё і надоўга. Аднак так было толькі на першым часе, а зараз то тут, то там зноў узнікаюць новыя кучкі смецця. А дагаворы з “Хойніцкім камунальнікам” на яго вывазку аўтаўладальнікі па-ранейшаму не імкнуцца заключаць.

Многае зроблена камунальнікамі па ачыстцы ад смецця вуліцы Палявой. Гэты аддалены ад цэнтра жылы масіў горада сёння выглядае быццам невялікі хутарок. Да гонару яго жыхароў, на тэрыторыі вуліцы і ў яе наваколлі новых смеццязвалак не заўважана. Стаяў, праўда, пад плотам каля адной з хат старэнькі і непатрэбны тэлевізар, аднак на нашу заўвагу пажылы мужчына паабяцаў неадкладна вывезці яго.

Затое малюнак рэзка мяняецца, калі з Палявой звярнуць у бок вуліцы Настаўніцкай. І тут камунальнікам у свой час давялося нямала папрацаваць над вывазкай смецця, рахунак якога таксама вёўся на дзесяткі машын. Прыбралі, вычысцілі тэрыторыю, а сёння тут зноў паступова вырастаюць новыя смеццевыя курганы. Прычым, паходжанне іх яўна аўтамабільнага характару, бо відаць, што ўсё гэтае смецце вывалена адначасова, а гэта значыць, з кузава аўтамабіля. Па словах жыхароў Настаўніцкай, машыны са смеццем выгружаюцца тут даволі часта, і калі ўжо зараз не прыняць мер супраць нядобрасумленных вадзіцеляў, то хутка на гэтым месцы па-ранейшаму будуць высіцца горы смецця.

Пабывалі члены рэйдавай групы і на ўсіх гарадскіх могілках. Работы на іх тэрыторыі па-ранейшаму хапае, аднак яны вядуцца, кантэйнеры са смеццем вывозяцца рэгулярна.

Вялікі аб’ём работы па прывядзенню тэрыторыі ў належны санітарны стан выкананы камунальнікамі за гарадской лазняй па вуліцы Савецкай. Аднак і тут не-не ды і ўбачыш новыя кучкі бытавога смецця: ніяк не прывыкнуць некаторыя жыхары бліжэйшых вуліц карыстацца кантэйнерамі.

Дарэчы, што датычыць кантэйнераў, то па існуючых правілах яны павінны быць устаноўлены на бетоннай аснове і агароджаны. Аднак такая агароджа на пляцоўцы для смеццевых кантэйнераў у дварах дамоў па вуліцах Лермантава, Калесніка, 2е і 70 год Кастрычніка прыйшла ў нягоднасць, а яе нахіленыя пралёты сваім скрыпам пад восеньскім ветрам нагадваюць тонкую рабіну з народнай песні.


Члены рэйдавай групы: 
І. ДУБІНКА, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
В. НАЗАРАНКА, карэспандэнт “ХН”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *