Прыжыліся зубры на Палессі

Экономика

zubr_13Першых зуброў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік прыняў у 1996 годзе. Да нас яны прыбылі з Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», і гэтае перасяленне стала адным з мерапрыемстваў па рэалізацыі Нацыянальнай праграмы «Зубр», накіраванай на распаўсюджванне і далейшае павелічэнне папуляцыі гэтых магутных і прыгожых жывёлін, якія даўно ўжо сталі неафіцыйным сімвалам нашай краіны.
Першапачатковы статак «перасяленцаў» складаў 16 жывёлін: 4 самцы і 12 самак у рэпрадукцыйна актыўным узросце ад 3 да 12 гадоў. Утрымліваліся яны ў спецыяльна выгараджаным загоне плошчай 75 гектараў на тэрыторыі Новапакроўскага лясніцтва. Трэба сказаць, што зубр – жывёліна не толькі спакойная і велічная. Як і ўсе жывёльныя волаты, зубры не церпяць мітусні вакол сябе, і пры гэтым яны насцярожана ставяцца не толькі да чалавека, але нават і да новых жывёлін у статку. Натуральна, ім быў патрэбен пэўны час на акліматызацыю, на тое, каб прывыкнуць да новага асяроддзя, да людзей, якія падкармлівалі іх і назіралі за іх паводзінамі.
Але час ішоў, і ў іх адаптацыі вялікую ролю адыграў цэлы шэраг спрыяльных фактараў: практычна той жа, што ў пушчы, клімат, адсутнасць людзей (акрамя, зразумела, работнікаў запаведніка) і традыцыйных форм іх гаспадарчай дзейнасці – усё гэта паступова дапамагло зубрам адчуць сябе сапраўднымі і поўнапраўнымі гаспадарамі палескіх лясоў.
Змяніліся і ўмовы іх знаходжання. З выгараджанай тэрыторыі зубрагадавальніка ў маі 1997 года статак, які да таго часу ўжо прырос на 3 нованароджаных, выпусцілі на вольны выпас, і зараз сітуацыя нагадвае заапарк наадварот. Калі ў апошнім для бяспекі наведвальнікаў звяры знаходзяцца ўнутры агародж і клетак, то на зубрагадавальніку ўсё наадварот – на агароджанай тэрыторыі (таксама для бяспекі работнікаў і гасцей запаведніка) знаходзяцца людзі, а зубры ходзяць навокал. Праўда, пры гэтым да агароджы, каля якой устаноўлены кармушкі, яны набліжаюцца толькі ў час кармлення.
егеря– Зубр – жывёліна траваядная, – расказвае егер Юрый Іванавіч Надзін. – Харчуецца ён лісцем, сакавітымі травамі, маладымі пабегамі дрэў і кустоўя, жалудамі, арэхамі. Вось чаму апошнія мяккія і маласнежныя зімы гэтаму зверу ідуць на карысць, бо здабываць ежу ў такіх умовах яму значна лягчэй. Вось і да нашых кармушак яны падыходзяць толькі раз у суткі – роўна (заўважце – пунктуальна і без спазненняў) у 11 гадзін. Увесь астатні час яны ходзяць па лесе, адпачываючы ў самым гушчары. А вось у маразы і завеі статак амаль не адыходзіць ад тэрыторыі зубрагадавальніка. Усё тлумачыцца вельмі проста: здабыць харчаванне з-пад глыбокага снегу альбо шчыльнага снежнага насту значна цяжэй. А для іх у нас заўсёды ўдоваль духмянага сена, якое спецыяльна назапашваем летам і захоўваем потым у сціртах і сенасховішчах. Дарэчы, зубры ўжываюць толькі сена высокай якасці і ніколі не стануць есці яго нават крыху падгніўшым. Сыплем у кармушкі муку, камбікорм і збожжа. І хаця не вельмі ахвотна церпяць зубры прысутнасць чалавека каля сябе (нават тых, хто корміць іх, і каго яны ўжо добра ведаюць), у халады, завеі і сцюжу голад, як бачым, мацней за ўсе іншыя інстынкты.
Асобна размясцілі кармушкі для самых малых зубранят. Згодна са статкавай іерархіяй, першымі да кармушак і сена падыходзяць самыя дужыя і моцныя самцы, потым надыходзіць чарга больш маладзейшых самцоў і самак, таму цялятам часта заставаліся толькі самыя апошнія крохі.
Расказ Юрыя Іванавіча перапыніў дружны і няспешны тупат і характэрнае гучнае дыханне – падышоў статак. На гадзінніку – 11.03, усё як мае быць, па раскладу і распарадку зубрынага дня. Самцы адразу накіраваліся да расцярэбленых катушак сена, малыя – да сваіх кармавых ясляў, а самкі – да кармушак з мукой. Заўважыўшы нас каля іх, звяры некаторы час паводзілі сябе насцярожана, чакалі. Ды, відаць, і ў гэтым выпадку голад стаў мацнейшым, і яны гэтак жа дружна нахіліліся да прыгатаванага для іх няхітрага кармавога стала.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Па апошніх падліках навуковых супрацоўнікаў запаведніка, колькасць зуброў ужо перавысіла за сотню. Для іх тут створаны ўсе ўмовы, ды і выглядаюць нашы палескія волаты лепш, чым іх сародзічы на іншых тэрыторыях Беларусі. Гэты факт аднагалосна прызнаюць і падкрэсліваюць спецыялісты-біёлагі з Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Заха-пляліся веліччу і прыгажосцю нашых зуброў тэлежурналісты АНТ Тэнгіз Думбадзэ і Вячаслаў Бандарэнка, якія знялі нават адпаведны дакументальны фільм.
Палескі дзяржаўны радыя-цыйна-экалагічны запаведнік, з’яўляючыся ўтрымальнікам зуброў, нясе адказнасць за іх захаванасць і забеспячэнне аптымальных умоў для існавання віду. Таму зубры ў запаведніку знаходзяцца ў прывілеяваным становішчы. З усіх яго насельнікаў толькі для іх робіцца выключэнне: у асенне-зімовыя месяцы выкладваецца падкормка, устройваюцца саланцы і месцы вадапою, засяваюцца кармавыя палі, арганізуецца закупка кармоў, праводзіцца дэгельмінтызацыя статка.
Натуральныя ўмовы існавання, поўнае неўмя-шанне з боку чалавека ва ўсе важнейшыя жыццёвыя працэсы зубрынага статка, багаты і разнастайны прыродны корм, а таксама арганізаваная падкормка – усё гэта паспрыяла таму, што зубры прыжыліся ў нас, як кажуць, усур’ёз і надоўга. І, па ўсяму бачна, – назаўсёды.

Віктар НАЗАРАНКА.

На здымках: егеры зубрагадавальніка С.П. Мароз і Ю.І. Надзін; зубры прыжыліся ў нас.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *