Розныя шляхі да перамогі

Спорт

Выдатна выступілі хойніцкія дзюдаісты, у актыве якіх на адкрытым першынстве горада Гомеля два першыя месцы, столькі ж трэціх і адно другое.

Найбольш упэўнена правёў свае схваткі вучань СШ № 3 Ягор Карась, які прымусіў усіх сваіх сапернікаў капітуліраваць датэрмінова. А перамогі іпонам лічацца вышэйшым класам дзюдаісцкага майстэрства. Такім жа пераможным “іпонавым” крокам набліжаўся да фіналу яшчэ адзін вучань гэтай жа школы – Захар Бордак. І толькі расслабленасць, а магчыма і стомленасць, у паўфінальным паядынку знізіла вартасць заваяванага ім дыплома – трэцяе месца.

Пераможцам спаборніцтваў у вагавай катэгорыі да 50 кілаграмаў стаў Іван Баляхін (таксама СШ № 3). Яго турнірны шлях да перамогі быў куды больш цярністым, а фінальны паядынак наогул доўга трымаў усіх у напружанні. І ўсё ж Іван здолеў узяць верх над адным з выхаванцаў спортшколы ВА “Гомсельмаш”, якога да гэтага ніхто з хайнічан яшчэ не перамагаў.

У вагавай катэгорыі да 66 кілаграмаў толькі ў фінальным паядынку саступіў Вадзім Беразоўскі (СШ № 3), да гэтага ж ён таксама быў мацнейшым ва ўсіх папярэдніх сустрэчах. Аднак і другое месца – таксама высокі вынік для падаючага вялікія надзеі спартсмена. Такой жа адзнакай можна ацаніць і трэцяе месца гімназіста Станіслава Турчанка ў вагавай катэгорыі да 42 кілаграмаў.

У гэтых поспехах вялікая заслуга трэнераў Хойніцкай СДЮШАР Алега Лук’яненкі і Уладзіміра Бордака.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *