Для адкрыцця рабочых мест


Адной з мер для расшырэння вытворчасці з’яўляецца стварэнне новых рабочых месц. Аднак для гэтага патрэбны свабодныя грашовыя сродкі, якіх у прадпрыемства можа не быць. У такім выпадку дапаможа бюджэтная пазыка, якая выдаецца часова з абласнога бюджэту для выкарыстання па мэтаваму прызначэнню. Аб гэтым гутарка нашага карэспандэнта з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкома Л.У. ТОЛМАЧ.

– Людміла Уладзіміраўна, давайце адразу ўдакладнім: хто можа ўзяць бюджэтную пазыку?

– Лепш скажам, каму яна не можа быць прадастаўлена. Гэта прэтэндэнты, якія маюць запазычанасць па падатках, зборах (пошлінах), іншых абавязковых плацяжах у бюджэт (у тым ліку ў дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя фонды і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва), у дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды, пратэрмінаваную запазычанасць па крэдытах банкаў ( па асноўнаму доўгу і працэнтах па ім).

– Якія дзеянні патэнцыяльнага пазыкаатрымальніка?

– Да прадстаўлення дакументаў у наша ўпраўленне неабходна ў першую чаргу распрацаваць бізнес-план, асаблівую ўвагу ўдзяліўшы ў ім раздзелу “Апісанне фінансавага праекта”, увязаўшы набываемае абсталяванне са ствараемымі рабочымі месцамі. Акрамя абсталявання можна выкарыстоўваць сродкі на набыццё інструментаў, транспартных сродкаў, сыравіны, матэрыялаў на бягучы рамонт памяшканняў, спецадзенне, устаноўку пажарнай, ахоўнай сігналізацыі. Выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі для набыцця тавараў з мэтай іх далейшай рэалізацыі нельга.

– Калі ласка, раскажыце, якая павінна быць структура бізнес-плана?

– Яна можа быць рознай, але ў асноўным бізнес-план павінен утрымліваць наступныя тыповыя раздзелы: рэзюме (кароткае апісанне ўсіх раздзелаў праекта); апісанне прадпрыемства і яго бізнесу; апісанне прадукцыі або паслугі, у тым ліку апісанне фінансуемага праекта. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць апісанню апошняга, у якім падрабязна абгрунтаваць сутнасць запланаваных затрат, увязаўшы іх са ствараемымі рабочымі месцамі; аналіз мэтавага рынка і канкурэнцыі; стратэгія маркетынгу; вытворчы план; арганізацыйны план; доўгатэрміновае развіццё, рызыкі і стратэгія выхаду; фінансавы план; дадаткі. У дадатках павінны быць: выпіска са штатнага раскладу; напрамкі выкарыстання бюджэтнай пазыкі; графік уводу ў эксплуатацыю рабочых месц; звесткі аб заработнай плаце па кожнай уводзімай спецыяльнасці і кваліфікацыйныя патрабаванні; абавязацельствы па вяртанню бюджэтнай пазыкі; бухгалтарскі баланс і дадаткі да яго за папярэдні год і на апошнюю справаздачную дату; тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне вяртання на перыяд 36 месяцаў (з паквартальнай разбіўкай) у цэлым па прадпрыемству; даведка па дасягненню пэўнага тэмпа росту аб’ёмаў вытворчасці тавараў (работ, паслуг) і рэнтабельнасці з адлюстраваннем інфармацыі на 1 студзеня кожнага года за годам атрымання пазыкі і на дату вяртання сродкаў, завераная райвыканкомам; дакументы па закладу маёмасці (вопіс закладу; дакумент, пацвярджаючы права ўласнасці на заклад; дазвол уласніка на заклад). Пры закладу паручыцеля – усё аналагічна, плюс баланс з дадаткамі паручыцеля на дзве справаздачныя даты і Статут паручыцеля.

– Што яшчэ патрэбна прадставіць пазыкаатрымальніку?

– Неабходна рашэнне райвыканкома аб давядзенні задання па стварэнню рабочых месц з указаннем, што яны ствараюцца за кошт сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва для працаўладкавання грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку ў службе занятасці. Трэба прадставіць пісьмо ад паручыцеля аб згодзе выступіць паручыцелем за арганізацыю, пры прадастаўленні бюджэтнай пазыкі і заключэнні дагавора паручыцельства з салідарнай формай адказнасці.

Пры адсутнасці паручыцельства банка, пры наяўнасці паручыцельства любой іншай плацёжаздольнай асобы, мець у наяўнасці заклад ў памеры не менш чым 1,5 ад сумы бюджэтнай пазыкі. Пазней, пры прадстаўленні поўнага пакета дакументаў, прад’явіць пратакол агульнага сходу ўдзельнікаў (заснавальнікаў) аб згодзе перадаць у заклад камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкома канкрэтную маёмасць або тавар на канкрэтную суму (у памеры не менш чым 1,5 ад сумы бюджэтнай пазыкі) за подпісам усіх удзельнікаў сходу.

Калі прадпрыемства на працягу апошніх 3 год ужо атрымлівала бюджэтную пазыку для стварэння рабочых месц, то неабходна прадставіць інфармацыю па кожнаму створанаму раней месцу, г.зн. пацвердзіць, што яны дзейнічаюць. Таксама прадставіць выпіску са штатнага раскладу па спецыяльнасцях, цяпер плануемых да ўводу ( на дату звяртання і на дату год назад) – пацвердзіць, што колькасць не зменшылася і такім чынам гэта з’яўляецца не запаўненнем вакансій, а стварэннем новых рабочых месц.

Пры вырашэнні вышэйназваных пытанняў неабходна прадставіць наступныя даведкі: з падатковай інспекцыі аб адсутнасці запазычанасці па плацяжах у бюджэт, а таксама адсутнасці штрафаў, пені і неўстоек (Ф2); з фонду сацабароны аб адсутнасці запазычанасці  на дату звароту; з абслугоўваючага банка аб адсутнасці пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах; наймальніка, завераная подпісамі кіраўніка і галоўнага бухгалтара і пячаткай аб адсутнасці запазычанасці па крэдытах у любых другіх банках і аб адсутнасці запазычанасці па пазыках, атрыманых з рэспубліканскага бюджэту; з райвыканкома аб адсутнасці запазычанасці па крэдытах, выдадзеных з бюджэту.

Акрамя даведак патрэбна прадставіць: акт апошняй рэвізіі для прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасці; аўдытарскае заключэнне (прашыта сумесна з аўдытарскай справаздачай і праверанай справаздачнасцю прадпрыемства) для прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці; выпіску з пратакола агульнага сходу ўдзельнікаў (або другога органа згодна з статутам) аб згодзе перадаць у заклад камітэту па працы, занятасці і сацабароне Гомельскага аблвыканкома канкрэтную маёмасць або тавар на канкрэтную суму (у памеры 1,5 ад сумы бюджэтнай пазыкі) за подпісам усіх удзельнікаў сходу; зварот на імя начальніка ўпраўлення аб выдзяленні бюджэтнай пазыкі; копіі ліцэнзій на ажыццяўленне дзейнасці (пры неабходнасці); копіі статутаў наймальніка і паручыцеля (калі паручыцель банк, то замест статута і ўстаноўчых дакументаў банка – даверанасць і выпіску крэдытнага камітэта аб устаноўленым ліміце паўнамоцтваў).

– І хто нясе адказнасць за мэтавае выкарыстанне сродкаў?

– Пасля праверкі ўсіх дакументаў упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкома накіроўвае іх у камітэт па працы, занятасці і сацабароне Гомельскага аблвыканкома. Пасля прыняцця рашэння аблвыканкома камітэтам, фінансавым упраўленнем аблвыканкома, наймальнікам і выканаўчым камітэтам раёна заключаюцца адпаведныя дагаворы. Плацяжы ажыццяўляе тэрытарыяльнае казначэйства на падставе дагавора аб стварэнні рабочых месц, а таксама дагавораў пастаўкі тавараў наймальніка і пастаўшчыка, напрамую на рахункі пастаўшчыкоў.

За мэтавае выкарыстанне сродкаў (у тым ліку афармленне тэндэра, стварэнне рабочых месц і працаўладкаванне на іх беспрацоўных) у адпаведнасці з дзеючым у нашай краіне заканадаўствам, у поўным аб’ёме нясе адказнасць кіраўніцтва прадпрыемства.


Запісаў Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *