Арсеній Сакун: выходзілі трыма нумарамі на тыдзень

Важное

Маё супрацоўніцтва з рэдакцыяй газеты пачалося яшчэ ў школьныя гады.

Свае допісы пасылаў у спадзяванні, што ім знойдзецца месца на яе старонках. Пісаў пра школьныя будні, падзеі з жыцця вякоўцаў ад лепшых працаўніках саўгаса. У газеце друкаваліся і мае фотаздымкі. Селькораўскія сувязі ў 1966 годзе прывялі мяне ў штат супрацоўнікаў рэдакцыі, у пачатку якой стаяла цудоўнай душы чалавек Любоў Міхайлаўна Волкава.

Гэта быў першы, але не апошні рэдактар у маім творчым жыцці на Хойнікшчыні. Добрым словам хачу згадаць і яе паслядоўнікаў Р.А. Рутмана, У.М. Гулевіча. Гэта былі розныя па характару людзі. А ядналі іх – высокі прафесіяналізм, адказнасць, уменне працаваць з людзьмі, клапаціцца, каб былі ўмовы для творчасці і жыцця…

Ёсць людзі, прысутнасць у сваім лёсе якіх пастаянная. Яны, здавалася б, і жывуць не побач, не так часта іх бачыш, а некаторыя наогул адышлі ў іншы свет. На маёй жыццёвай і творчай дарозе такіх сустракалася нямала з журналістыкі раённай і больш высокіх узроўняў. Не прапушчу нагоды каб выказаць удзячнасць за добрыя ўрокі І.В. Лазовіку, Ю.А. Новіку, І.К. Брухавецкаму, У.А. Лазько, М.З. Дубаўцу і іншым, хто без заліхвацкага красамоўства дапамагаў мне паважліва, з перасцярогай адносіцца да слова, шанаваць родную мову, любіць жыццё і людзей, сярод якіх яно праходзіць. Да скону дзён сваіх буду даражыць гадамі сумеснай працы з імі, і памятаць пра іх.

У гады майго рэдактарства раёнка выходзіла трыма нумарамі на тыдзень. Невялікімі творчымі сіламі мы імкнуліся напоўніць кожны выпуск цікавымі і карыснымі для чытача публікацыямі. Не заўсёды атрымлівалася так, як хацелася. Быў час, калі слабеў творчы патэнцыял газеты, бо зыходзілі па розных абставінах з дыстанцыі вопытныя творцы, а маладых трэба было вучыць. Але нас не пакідала разуменнне, што ўсе гады з часу свайго існавання газета трымалася годна і дастойна.

Газета заўсёды мела свой твар. Да яе слова заўжды прыслухоўваліся. Не прыглушыў яго і самотны выбух Чарнобыля. Маладыя работніцы рэдакцыі з маленькімі дзецьмі ад’ехалі ў чыстыя ад радыяцыі раёны рэспублікі. Узрасла нагрузка на тых, хто застаўся на месцы. Мы як маглі ў час бяды, вобразна кажучы, «падмяталі сляды аварыі». Рубрыка «Бяда суседа – не чужая» не зыходзіла з газетных старонак. Друкаваліся матэрыялы аб тым, як будуецца жыллё для адсяленцаў, як яны прыжываюцца на новых месцах жыхарства, што робіцца ўладамі каб зменшыць іх вымушаныя пакуты.

У той час і нам прыйшлі на дапамогу работнікі БелТА, журналісты з суседніх абласцей і раёнаў, за што мы ім былі вельмі ўдзячныя…

Пішу гэтыя радкі – нібы гартаю пажоўклыя ад часу старонкі раёнкі і адчуваю з далечы часу, што да Чарнобыльскай катастрофы гэта былі самыя шчаслівыя гады жыцця роднага краю, яго ўдзячных, добразычлівых, працавітых людзей. І, да гонару газеты, менавіта яны, такія, якія і ёсць, і зараз яўляюцца яе галоўнай тэмай.

Да месца згадаць і пра рубрыку «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Менавіта публікацыі газеты матывавалі стварэнне на Хойніцкай зямлі абяліскаў і помнікаў гераічным воінам-вызваліцелям раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Прыемна сказаць добрыя словы ў адрас сваіх рэдакцыйных паплечнікаў таго часу: Тамары Грудніцкай, Мікалая Крупейчанкі, Ніны Рыбік, Анатоля Казмерчука, Мікалая Шчукі, Клаўдзіі Босак, Праскоўі Якіменка. Некалі і мы разам святкавалі газетныя юбілеі, меркавалі аб тым, як абагаціць змест і жанраваю разнастайнасць выдання.

Вельмі шкада, што дачасна пайшоў з жыцця Уладзімір Далгалычанка, якому я ў 1987 годзе перадаў рэдактарскія паўнамоцтвы…

Паважаныя сябры і калегі, мае дарагія хайнічане!

Юбілей газеты – прыемная нагода згадаць пра тое, як і чым жылі, колькі добрага паспелі зрабіць, які след пакінем на роднай зямлі. 90 гадоў – гэта дата сталасці і ўзросту. Мала застаецца да 100. Вялікая спадзёўка на тое, што поўныя творчага соку «Хойніцкія навіны» дастойна ўступяць у новы век, застануцца летапісам гісторыі роднага краю.

Ад усяго сэрца віншую калектыў рэдакцыі, актыў і чытачоў газеты са знамянальнай датай. Зычу новых творчых здабыткаў, натхнення і дабрабыту.

Арсеній САКУН.

Сакун Арсеній Андрэевіч – ураджэнец Хойніцкага раёна. Пятнаццаць гадоў свайго жыцця аддаў газеце «Ленінскі сцяг». Дзесяць з іх быў рэдактарам. Аўтар шматлікіх публіцыстычных твораў, зборніка нарысаў, артыкулаў пад назвай «Заложнікі». У 1986 годзе прысвоена званне лаўрэата прэміі Саюза журналістаў СССР.

З верасня 1987 года – адказны сакратар, намеснік рэдактара абласной газеты «Гомельская праўда». У далейшым, да выхаду на заслужаны адпачынак – на дзяржаўнай службе ў апараце органаў заканадаўчай улады і Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *