Сейбіты прыгожага, таленавітага

Образование

13 лістапада Хойніцкая дзіцячая школа мастацтваў адзначае свой 45-гадовы юбілей.

Калі ўваходзіш у дзіцячую школу мастацтваў, трапляеш у чароўную атмасферу гукаў, якія напаўняюць душу незвычайнай энергіяй, цяплом, святлом. За кожнымі дзвярыма гучаць сонечна-ясныя і недаступна-загадкавыя, гарманічныя і напоўненыя цэласным адчуваннем жыцця, сентыментальныя і рамантычныя творы Моцарта, Баха, Гайдна, Гендэля…

Жадаючых акунуцца ў свет музыкі нямала: сёлета музычную адукацыю ў сценах школы атрымліваюць 200 рабят, яшчэ 70 навучаюцца ў філіялах.


З ГІСТОРЫІ


Пачыналася ўсё ў 1964 годзе. Тады ва ўстанове працавалі толькі тры выкладчыкі, якія навучалі дзяцей ігры на баяне і фартэпіяна. Будынак школы знаходзіўся па вул. К. Маркса райцэнтра. У 1968 годзе быў адкрыты клас духавых інструментаў, у 1969 – клас домры. У снежні 70-га года мінулага стагоддзя школе прадаставілі іншы будынак па вул. Савецкай, 30. Ледзь пазней адкрыліся класы акардэона і цымбал. У пачатку 80-х гадоў пачалі працаваць клас скрыпкі, мастацкае і харэаграфічнае аддзяленні. Былі створаны філіялы школы ў вёсках Храпкаў, Глінішча, мікрараёне “Юбілейны”. Але ў сувязі з катастрофай на ЧАЭС яны закрыліся, зменшылася колькасць выкладчыкаў і навучэнцаў. З лютага 92-га школа знаходзіцца па вул. Савецкай, 91. У 2004 годзе рашэннем Хойніцкага райвыканкома дзіцячая музычная школа была ператворана ў дзіцячую школу мастацтваў. З 2004 па 2008 гады адкрыты філіялы ў аграгарадках Судкова, Стралічава, Глінішча, Вялікі Бор. Летась пачаў працаваць клас эстрадных спеваў.


СЛОВА КІРАЎНІКУ  ЎСТАНОВЫ


Дырэктар школы  П.У. Лешчанок – таленавіты чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Павел Уладзіміравіч – былы вучань дзіцячай школы мастацтваў. Закончыў Мазырскае музычнае вучылішча і Беларускую акадэмію музыкі. Атрымаў званне магістра мастацтваў, з’яўляецца лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу імя І. Жыновіча, стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

– Пасля заканчэння дзіцячай школы мастацтваў прафесійнымі музыкантамі або танцорамі становіцца невялікі працэнт выпускнікоў. Але сам факт, што дзіця атрымлівае музычную адукацыю, дапамагае раскрыцца нейкім патаемным куткам яго душы, больш глыбока разумець навакольны свет. Адным словам, духоўнае жыццё чалавека, які мае дачыненне да музыкі, багацей.

45 год – гэта наша гісторыя: дасягненні і перамогі, насычаны навучальны працэс, цікавыя выступленні, удзел у конкурсах. З дня заснавання школа выпусціла 628 вучняў, з іх 104 працягвалі навучанне па спецыяльнасці ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах культуры і мастацтва. Мы вельмі ганарымся выпускнікамі, для якіх музыка стала сэнсам жыцця, і іх дасягненнямі.

Паступленне ў школу конкурснае. Галоўнымі крытэрыямі пры адборы з’яўляюцца прыродныя даныя: пачуццё рытму, памяць, слых. Для таго, каб дзіця мела магчымасць прыняць удзел у конкурсе на залічэнне, бацькам ва ўстаноўлены час неабходна падаць заяву. Сярэдні ўзрост паступаючых 7 – 8 год.  

Есць магчымасць дакрануцца да музыкі і ў сельскіх рабят. Адкрыты чатыры філіялы школы. Там працуюць 5 настаўнікаў, якія вучаць дзяцей ігры на фартапіяна і баяне.

Ва ўстанове створаны два ансамблі народнай музыкі: “Крыніца” з ліку выкладчыкаў, якім кіруе Уладзімір Іванавіч Мінін, і дзіцячы ансамбль “Верасок”, які носіць званне ўзорнага, пад кіраўніцтвам Уладзіміра Матвеевіча і Людмілы Міхайлаўны Чарняковых.

Карыстаючыся выпадкам, шчыра віншую з юбілеем выкладчыкаў, былых работнікаў школы, выпускнікоў, навучэнцаў і іх бацькоў. Няхай у жыцці кожнага з вас гучыць музыка, якая пасля сябе пакідае ў душы праменьчык святла і цяпла.


ЛЮДЗІ АДНАГО КАЛЕКТЫВУ


Навучыць дзяцей слухаць і разумець музыку, абудзіць у іх творчыя сілы, выхаваць любоў да чароўнага – вялікая праца, якая патрабуе таленту, умення і настойлівасці. Таму ў школе мастацтваў выпадковых людзей няма, калектыў сфарміраваўся зладжаны і дружалюбны. Тут працуюць захопленыя сваёй справай педагогі, якія не ўяўляюць жыцця без творчасці. Выкладчыцкі састаў складаецца з 22 чалавек, 14 з іх – выпускнікі школы.




Асаблівы гонар калектыву – людзі, якія аддалі выкладанню музыкі не адзін дзесятак год – Л.А. Цішкевіч, Г. М. Прыходзька, У.М. Чарнякоў, У.І. Мінін, Н.М. Варабей. Дзякуючы іх прафесіяналізму, музыка, падобна дажджу, кропля за кропляй, прасачылася ў сэрцы рабят. Сярод іх выпускнікі школы, якія прынялі прафесійную эстафету ад сваіх любімых настаўнікаў і пасля заканчэння навучальных устаноў культуры і мастацтва прыехалі працаваць на малую радзіму – Руслан Чэкан, Алег Чарнякоў, Настасся Ільічова, Аляксандр Шамела і Дзяніс Яновіч. Маладыя педагогі да работы адносяцца з энтузіязмам, яны ўпэўнены, што мелодыя павінна ісці ад сэрца і зноў дайсці да сэрца.

Нельга не адзначыць творчую плённую працу выкладчыкаў, якія дапамагаюць рабятам авалодваць навыкамі ігры на музычных інструментах. Гэта – Ю.А. Півавар, А.А. Малашкіна,  І.М. Чатырка, А.А. Назаранка. Жаночы кветнік інструментальнага аддзялення складаецца з прафесіяналаў, якія прапаноўваюць высокі ўзровень навучання.

Дапамагае вучням пераадольваць цяжкасці ў вывучэнні тэорыі музыкі, прывівае ім уменне выбіральна адносіцца да мастацтва, вучыць адхіляць пустое і разумець вечнае выкладчык тэарэтычных дысцыплін Т.А. Рудзянок. Педагог аддзялення эстрадных спеваў А.Р. Сушко “шліфуе” вакальныя і развівае музычныя здольнасці ў рабят. Ен вучыць іх не толькі прафесійна выконваць песні, але і разумець іх сэнс, адчуваць прыгажосць.

Выкладчыцы харэаграфічнага аддзялення – сціплыя, усмешлівыя жанчыны А.Р. Гушча, В.Г. Ледзянёва і Т.М. Поляк імкнуцца навучыць дзяцей праз танцы перадаваць каларыт фальклору і непаўторнасць беларускай культуры.

Н.Г. Камарэнка і А.Г. Бухалава адчыняюць свет музыкі для сельскіх рабят. Дзякуючы іх уменню захапляць дзяцей, жадаючых навучыцца іграць на музычных інструментах у філіялах, у якіх яны працуюць, з кожным годам становіцца ўсё больш.  А самае галоўнае – іх прафесійнае майстэрства садзейнічае творчаму самавыяўленню вучняў.

Душой калектыву і правай рукой дырэктара школы з’яўляецца яго намеснік Л.В. Беразоўская. Калегі цэняць яе не толькі за прафесіяналізм, але за чуласць і сумленнасць.

Вучні і выкладчыкі школы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх раённых мерапрыемстваў. За сваю творчасць, ініцыятыўнасць, талент  яны атрымалі шырокае прызнанне хайнічан.


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *