Папаўняецца музей дзяржаўнага прафесійнага ліцэя

Да Дня Вялікай Перамогі

Stepanova

Музей Вялікай Айчыннай вайны, які стварыў, збіраючы па крупіцах розную інфармацыю і рэчы ваеннай тэматыкі, загадчык інтэрната дзяржаўнага прафесійнага ліцэя М.І. Блішч, паступова папаўняецца новымі здабыткамі.
Расказ Міхаіла Іванавіча:
– Я па-ранейшаму прысвячаю шмат часу музею. Мне вельмі прыемна, калі навучэнцы нашага ліцэя, школ праяўляюць цікавасць да экспанатаў, распытваюць пра гісторыю рэчаў, якія ўжо ёсць у музеі, аб гісторыі іх пошуку, чытаюць нататкі аб нашых ветэранах.
Адна з апошніх знаходак – расказ пра маці, дзевяць сыноў якой загінулі на франтах, Епістынію Фёдараўну Сцяпанаву. Для таго, каб атрымаць інфармацыю аб гэтай мужнай жанчыне і яе адважных сынах, давялося звязацца з работнікамі музея ў г. Цімашоўску (Краснадарскі край). Пасля атрымаў ад іх фотаматэрыялы, якія абагульніў у адну папку.
… Аляксандр, Мікалай, Васілій, Піліп, Фёдар, Іван, Ілля, Павел і яшчэ малодшы Аляксандр. Акрамя старэйшага Аляксандра, які загінуў у грамадзянскую вайну, і Фёдара, які загінуў у баях з японскімі захопнікамі, усе сыны былі прызваны на Вялікую Айчынную вайну. Адзіны, хто вярнуўся з вайны – Мікалай, аднак і на яго маці атрымала пахаванку. Атрымлівала яна пахаванкі на ўсіх сваіх сыноў, аднак да апошняга спадзявалася, што жывыя яны, што вернуцца дадому.
У 1943 загінуў самы малодшы сын Аляксандр, яму было ўсяго 20 гадоў. Пры фарсіраванні Дняпра, застаўшыся адзіным жывым з усяго падраздзялення, апошняй процітанкавай гранатай узарваў сябе і акружыўшых яго ворагаў. Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У гэтым жа годзе ў жорсткім танкавым баі на Курскай дузе загінуў Ілля, пад Днепрапятроўскам расстраляны партызанскі разведчык Васілій. На беларускай зямлі (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) пахаваны партызан Іван Сцяпанаў. Лічыцца прапаўшым без вестак у 1941 годзе Павел. За тры месяцы да Перамогі ў фашысцкім лагеры Фарэлькруг, што размяшчаўся на тэрыторыі Германіі, закатаваны Піліп. Ды і Мікалай хаця і вярнуўся з вайны, аднак да апошняга пакутваў ад атрыманых ран.
І хаця сама Е.Ф. Сцяпанава не ваявала, ды і знаходзілася далёка ад баявых падзей, аднак яна выхавала мужных сыноў, сапраўдных абаронцаў сваёй Айчыны. І ў гэтым яе мацярынскі подзвіг. У 1977 годзе Епістынія Фёдараўна ўзнагароджана (пасмяротна) ордэнам Айчыннай вайны І ступені. І гэта самае меншае, чым можна было аддзячыць жанчыну…
Я думаю, што падрастаючае пакаленне павінна ведаць аб гэтым духоўным подзвігу мужнай жанчыны: як прыклад для ўласнага духоўнага росту, як прыклад патрыятызму і чалавечнасці, проста як даніна памяці.
Для гэтага я і стварыў музей некалі, для гэтага і працягваю збор матэрыялаў, каб пашыраць яго экспазіцыю. Мы павінны памятаць аб сваім мінулым. І хаця сыны Е.Ф. Сцяпанавай не абаранялі наш раён, аднак яны аддалі свае жыцці для агульнай перамогі і мірнага жыцця, у тым ліку і нашага раёна.

Запісала Вольга Белаш.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *