Услаўлялі песняй хлебаробаў

Образование

Выступленні агітбрыгады работнікаў аддзела культуры райвыканкома на працягу ўсёй уборачнай кампаніі ўздымалі настрой працаўнікам нівы, настройвалі іх на плённую, самаадданую працу. Вясёлымі песнямі самадзейныя артысты выказвалі любоў да Радзімы, гордасць і павагу да нялёгкай, але такой патрэбнай людзям, прафесіі хлебароба. Яскравыя, артыстычныя выступленні-падарункі ад таленавітых выканаўцаў Ліліі Уладзіміраўны Краўчанка, Мікалая Іванавіча Кабанькова, Васілія Пятровіча Найдзенкі, Анжэлы Анатольеўны Бондар і баяніста Рыгора Мікалаевіча Лушча атрымалі працаўнікі ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.

На палях, каля разгарачаных ад летняга сонца і напружанай работы камбайнаў, ліліся песні, якія стваралі асаблівую, цёплую атмасферу. З вялікім натхненнем агітбрыгада выступала перад камбайнерамі і вадзіцелямі ў час абедзеннага перапынку. Невялікі прамежак часу, адведзены на адпачынак, ператвараўся ў мінуты добрага настрою, якія выклікалі ў герояў жніва шчаслівую ўсмешку.

Радасці і ўдзячнасці работнікаў гаспадарак не было межаў – песні ў выкананні самадзейных артыстаў нязменна кранаюць самыя тонкія струны душы. Таму ўсюды іх выступленні суправаджалі дружныя апладысменты.

З прафесійнымі перамогамі віншавалі артысты абрадавымі песнямі і танцамі  хлебаробаў  і на ўрачыстым святкаванні раённых “Зажынак” і “Дажынак”. У музычных кампазіцыях, выкананых на высокім узроўні, работнікі культуры ўслаўлялі тых, хто сваёй працай стварае харчовую бяспеку краіны.


Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *