Так прыгожа, бы ў вянку, у Глінішчанскім гарадку


У Глінішчанскай сярэдняй школе вялікія светлыя вокны. І зараз, калі бярозы насупраць памянялі, а затым і скінулі свой убор, з акон цікава сачыць за жыццём вуліцы: вось прайшлі з ранішняй дойкі кароў аператары машыннага даення, машына дырэктара праімчала да канторы, у гандлёвы цэнтр, не спяшаючыся, завярнулі дзве бабулі-пенсіянеркі.

Як на далоні Дом-музей славутага земляка глінішчанцаў І.П. Мележа. Яго іменем названа ў 2000 годзе мясцовая гаспадарка, па праву носіць імя пісьменніка і сярэдняя школа-сад, якая будавалася не без удзелу Івана Паўлавіча.


СТВАРАЛІ НА  ПЕРСПЕКТЫВУ


Сёлета КСУП імя Мележа адзначае свой 80-гадовы юбілей. Столькі часу прайшло, як у Глінішчах быў утвораны першы калгас “Рассвет”, у які ўступіла 70 сем’яў. Потым ён аб’яднаўся з калгасам “Ленінскі шлях” з цэнтрам у Глінішчах. Мянялася структура гаспадаркі, яе назвы, не мяняліся толькі людзі: памяркоўныя, працавітыя, завадныя ў гулянцы на песні, скокі ды дасціпныя жарты.

 Можна сказаць, другое дыханне набыло сельгаспрадпрыемства, якое здавала пазіцыі і ў сувязі з развалам саюза, і чарнобыльскай бядой, і па суб’ектыўных прычынах, з назначэннем на пасаду дырэктара ў 2003 годзе В.М. Каральчука.

 Сённяшні ўздым кіраўнік гаспадаркі тлумачыць у першую чаргу  навядзеннем дысцыпліны і парадку, падборам спецыялістаў-аднадумцаў і, галоўнае, – тымі кардынальнымі зменамі, што адбыліся ў апошнія гады. Можна сказаць, поўнасцю адноўлены машынна-трактарны парк сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікай. Да прыкладу, на сёлетнім жніве з сямі збожжаўборачных камбайнаў шэсць машын былі апошняга пакалення вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш”. Ніякіх праблем зараз з перавозкай збожжа ад камбайнаў: выкарыстоўваюцца велікагрузныя “МАЗы”.

Летась КСУП імя Мележа было пераможцам сярод гаспадарак раёна па ўраджайнасці збожжавых, сёлета валавы намалот склаў  6240  тон, з кожнага гектара атрымана па 50,1 цэнтнера збожжа, што больш леташняга.

Варта адзначыць, што жніво ў працаўнікоў гаспадаркі – гэта той перыяд, калі кожны адчувае сваю адказнасць за лёс хлеба. А сёлета ў сувязі з тым, што адначасова паспелі збожжавыя і рапс, напружанне было асаблівае, кругласутачна працавалі два зернеачышчальныя комплексы, ва ўборачным канвееры былі нават задзейнічаны работнікі канторы.

Развіваецца грамадская жывёлагадоўля. На малочнатаварных фермах утрымліваецца 1080  кароў. На ўсіх праведзена рэканструкцыя з тым, каб аблегчыць працу людзей, набыта сучаснае халадзільнае абсталяванне, створаны неабходныя ўмовы для адпачынку жывёлаводаў. А зусім нядаўна ўведзена ў строй першая чарга  комплексу ў  вёсцы Тунеўшчына па вытворчасці малака, дзе ступень механізацыі і аўтаматызацыі на ўзроўні сённяшняга часу.


НЕ ХЛЕБАМ АДЗІНЫМ


У 2006 годзе цэнтр гаспадаркі, вёска Глінішча, набыла статус аграгарадка. Вельмі многае зроблена для таго, каб сельскія жыхары не адчувалі істотнай розніцы з гарадскімі.

Татам і мамам не патрэбна хвалявацца за сваіх малышоў, ідучы на працу. Будуць яны дагледжаны. Можна сказаць, шыкоўны дзіцячы садзік стаў. Выдатная гульнявая пляцоўка, шмат цацак, нагляднасці, сучасная дабротная мэбля, паўнацэннае харчаванне. Выхавальнікі і абслуговы персанал – гэта людзі, якія штодня аддаюць часцінку свайго сэрца, пяшчоты дзецям. Адметным з’яўляецца тое, што ў гэтай дашкольнай установе ёсць група сямейнага тыпу. У ёй дзеці ад 2 да 6 год блізкія або не зусім родзічы: родныя, стрыечныя, траюрадныя браты і сёстры.

У  школе зараз 117 вучняў. Педагагічны калектыў у колькасці 25 чалавек, з якіх тры маладыя спецыялісты,  імкнецца даць падрастаючаму пакаленню не толькі грунтоўныя веды, але і сфарміраваць асобу, патрэбную грамадству. У мінулым годзе пуцёўку ў самастойнае жыццё школа дала 16 выпускнікам. Столькі ж будзе і летам наступнага года.

Гандлёвы цэнтр аграгарадка парадуе пакупніка багаццем тавараў. Ветліва сустрэнуць наведвальнікаў у кафе “Беларускія прысмакі”. Тут можна адпачыць, згуляць у більярд. Усё часцей прыходзяць людзі, каб адзначыць нейкую сямейную ўрачыстасць. А ў рабочыя дні частыя наведвальнікі “Беларускіх прысмакаў” – вучні школы.

Есць урачэбная амбулаторыя і бальніца сястрынскага догляду, якой загадвае Вячаслаў Вячаслававіч Дзмітрыенка. Ураджэнец Калінкавіцкага раёна, ён тут лічыцца ўжо тутэйшым, сваім, бо працуе з 1993 года.

Пацыенты бальніцы – адзінокія састарэлыя людзі, якіх зараз 13 чалавек. Большасць з розных населеных пунктаў раёна, мясцовых  чатыры чалавекі. 4 медсястры, 5 санітарак, повар, кухонны рабочы клапоцяцца аб тым, каб пакрыўджаным лёсам старым было тут цёпла і ўтульна.

А яшчэ глінішчанцы карыстаюцца паслугамі комплекснага прыёмнага пункта, па вечарах моладзь праводзіць вольны час у мясцовым Доме культуры,  аматары літаратуры могуць выбраць сабе кнігу па густу ў бібліятэцы.

Па-сутнасці новых будынкаў сацыяльна-культурнага прызначэння не з’явілася ў аграгарадку. З густам, дабротна адрамантаваны,  рэстаўрыраваны ранейшыя. Устаноўлены новыя агароджы. У арыгінальна аформленых малымі архітэктурнымі формамі куточках населенага пункта прыемна адпачыць, многія вяскоўцы і госці аграгарадка з задавальненнем робяць там здымкі на памяць.

У апошнія некалькі год пры ўездзе ў вёску вырасла новая вуліца. У дамах катэджнага тыпу жывуць спецыялісты, радавыя працаўнікі гаспадаркі. Маючы недахоп у кадрах масавых прафесій, дырэкцыя КСУП імя Мележа гатовая выдзеліць жыллё майстрам сваёй справы з іншых рэгіёнаў краіны.

Аднойчы агульнымі сіламі, талакой, у якой прымалі актыўны ўдзел і  жыхары г. Хойнікі, навёўшы прыгажосць і парадак, глінішчанцы стараюцца падтрымліваць яго.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.

На здымках:
дырэктар КСУП імя Мележа В.М. Каральчук і галоўны заатэхнік Т.В. Карпава;
весела дзецям ў дзіцячым садзе;
у «жывым кутку» школы;
сядзіба Глінішчанскага палешука.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *