Успомніць і параўнаць


Есць у жыцці хлебароба асаблівы перыяд, калі не людзі, а сама прырода шле яму нізкі паклон спелым буйным коласам. Магчыма, некаму пакажацца гэта сентыментальным, аднак  для мяне з вышыні пражытых год, якія прысвечаны сельскагаспадарчай вытворчасці, менавіта так успрымаецца жніўны час.

З дыпломам вучонага агранома ў 1963 годзе прыехаў пасля заканчэння Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя Ціміразева ў калгас “Баявік” з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Клівы. Калі вучоны, то і вучонасць сваю трэба было паказаць. І, трэба прызнацца, нямала гузакоў на першым часе давялося атрымаць, бо адна справа – тэарэтычныя веды, і зусім іншая – практычныя справы. Аднак, як кажуць, не багі гаршкі абпальваюць. Прыйшоў вопыт, і праз тры гады даверылі ўзначаліць раслінаводчую галіну ў калгасе імя Калініна, а ў жніўні 1970-га працаўнікі калгаса “Бальшавік” (зараз КСУП “Веляцін”) выбралі мяне  старшынёй праўлення.

Тэхнічная аснашчанасць калгасаў і саўгасаў тых гадоў з сённяшняй не ідзе ні ў якое параўнанне. Тагачасныя камбайнеры-тысячнікі, як Л. Сакоўскі з калгаса “Кастрычнік”, –  сапраўды былі героямі, хоць і хадзілі нядобрыя чуткі, маўляў, усім калгасам рабілі такіх, на самыя ўраджайныя палі пускалі.Так або не, аднак на камбайнах СК-4 і СК-5 не надта разгонішся на ўраджайным масіве. Самае слабае месца ў тых машынах быў біцер: схопіць жняярка празмерна масы ды яшчэ з травою, адчыняй люк, бяры лом, пракручвай уручную барабан, выдзірай намотанае. Якая там тэхніка бяспекі?! Памятаю, у калгасе імя Калініна ў тыя гады адбыўся няшчасны выпадак, зацягнула памочніка камбайнера у барабан: “дапамог” камбайнер напарніку, уключыўшы агрэгат.  Гэта я не аб тым, што ў той траўміраваліся людзі, а аб недасканаласці тэхнікі. Савецкі чалавек вырваўся ў Космас, а каб убраць збожжавыя або выкапаць бульбу, трэба было  з яго сем патоў  сагнаць.

Было ж галоўнае – вялікі энтузіязм людзей. Як спявалі калгасніцы, едучы з сенажаці!.. Жартамі ды смехам звінеў зернеток. Па- сутнасці, да майго прыходу ў калгас “Бальшавік”   будаўніцтва памяшканняў ні вытворчага, ні сацыяльна-культурнага  не вялося. “Сядзеў” былы старшыня на грашах,  а ў раёне ж было ажно тры цагельных заводы, мелася магчымасць будаваць і гаспадарчым спосабам, і з дапамогай спецыяльнай будаўнічай арганізацыі, тым больш, што свабодныя грошы ў гаспадарцы былі.

Як зараблялі? Сеялі 200 гектараў ільну, з кожнага атрымлівалі да 11 цэнтнераў ільновалакна і па 10-12 цэнтнераў ільнасемя. Быў свой тарны цэх, дзе выраблялі скрынкі для яблык. Рэалізоўвалі яблыкі з калгаснага сада ў Ленінград, Маскву, на Далёкі Усход, бралі іх у нас на Нараўлянскую цукерачную фабрыку. А яшчэ ж “жывыя” грошы ў калгасную скарбонку паступалі ад продажу цёлак сіментальскай пароды ў Казахстан. Дастаткова іх было і для ўзнаўлення дойнага статка гаспадаркі, і для рэалізацыі.

Ужо ў 1970-м да жніўня пабудавалі свінарнік на 200 галоў, у наступным годзе – на 800 галоў. Вялі будаўніцтва КЗС-15 і  зернесклада з поўнай механізацыяй, які быў здадзены ў 1972-м. Збавіліся жанчыны ад непасільнай працы, носячы клункі са збожжам на другі паверх, стала падавацца яно туды транспарцёрамі. Той склад і зараз называюць старэйшыя жыхары ў Велеціне петрушэнкаўскім. Потым з’явіўся і кармацэх, наладзілі вытворчасць вітаміннай травяной мукі на АВМ (выдатны корм для свіней і цялят), пабудавалі два кароўнікі і цялятнік у в. Звяняцкае.

А ў 1975 годзе брыгадзір са Звяняцкага Аляксей Пятровіч Заяц за высокія вытворчыя паказчыкі быў заахвочаны паездкай на ВДНГ у Маскву, дзе атрымаў у падарунак тэлевізар – рэч дарагую і рэдкую па тым часе. Я ж быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”.

У працоўнай кніжцы маёй ўсяго чатыры запісы. Яны звязаны толькі з Хойнікшчынай. З 1986 года ўзначальваў навучальны пункт пры “Сельгастэхніцы”, які потым стаў вучэбна-курсавым камбінатам па падрыхтоўцы і перакваліфікацыі кадраў масавых прафесій і павышэння кваліфікацыі кадраў сярэдняга звяна і спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Знаходзячыся на  пенсіі, стараюся быць у курсе ўсіх падзей, што адбываюцца ў раёне, і ад душы радуюся тым добрым зменам, якія адбываюцца. Думаю, знамянальны той факт, што абласныя “Дажынкі -2009” праходзяць на хойніцкай зямлі. Шчыра зычу  лепшым з лепшых хлебаробаў  здароўя, дабра, вялікага шчасця і новых працоўных здзяйсненняў на карысць нашай роднай Беларусі.


А. ПЕТРУШЭНКА,
пенсіянер, былы старшыня калгаса “Бальшавік”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *