У будучае — з аптымізмам


Сённяшняе свята хлебаробаў, як і Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, па праву адзначаюць у калектыве Хойніцкага камбікормавага завода. Праўда, у верасні бягучага года гэтае прадпрыемства афіцыйна стала ўчасткам па выпуску камбікармоў Мазырскага РУП “Саўгас-камбінат “Зара”, аднак змена юрысдыкцыі ніякім чынам не паўплывала на яго вытворчы профіль – прыём і перапрацоўку збожжа на камбікорм. Таму, як і мінулыя гады, сюды ў гарачы час жніва па-ранейшаму будуць пастаўляць збожжа гаспадаркі Хойніцкага і Брагінскага раёнаў.

Успамінаючы жніво бягучага года, дырэктар прадпрыемства С.М. Вашчыла расказвае:

– Як заўсёды, падрыхтоўку да прыёмкі збожжа мы пачалі яшчэ з першых дзён лета: чысцілі, мылі, бялілі, газіравалі і дэзінфіцыравалі ўсе вытворчыя памяшканні: склады і сховішчы, сушылкі, закончылі мантаж новай сістэмы аспірацыі. Першыя машыны з ячменем пайшлі да нас з сярэдзіны ліпеня, а напярэдадні масавай прыёмкі збожжа запрацаваў і новы зернеачышчальна-сушыльны комплекс КЗСК-30. Гэты навейшы агрэгат айчыннай вытворчасці, прадукцыйнасцю 30-50 тон збожжа за гадзіну (у залежнасці ад яго вільготнасці), спраўдзіў затрачаныя на пакупку сродкі. На ім мы прасушылі амаль палову з 10 тысяч тон прынятага за сезон збожжа.

А яшчэ Святлана Мікалаеўна расказала аб тым, як зладжана і арганізавана спрацавалі ў час жніва ўсе звенні вытворчага ланцужка. Без нараканняў спраўлялася з вялікім аб’ёмам работ па прыёмцы збожжа бухгалтар Г.У. Півавар, да дробязей ведаюць сваю справу слесар Д.М. Дыгун (на здымку злева) і апаратчык камбікормавай вытворчасці М.В. Катлярчук (на здымку справа), якія ў час прыёмкі збожжа працавалі сушыльшчыкамі, выдатна спраўляліся са сваімі абавязкамі машыністы пагрузачна-разгрузачных работ Д.А. Добыш, В.Д. Комар, Л.П. Булахава, а ў камбікормавым цэху можна адзначыць работу сепаратаршчыцы Т.І. Аніскавец, дазатаршчыцы А.І. Такарскай, завальшчыцы І.Е. Катлярэнка. Зрэшты, па словах кіраўніка прадпрыемства, пахвалы за самаадданую працу не толькі ў час жніва, а і ў астатні час года, заслугоўвае ўвесь невялікі, але дружны і згуртаваны калектыў.

Сёння прадпрыемства працуе пад патрэбы галаўнога прадпрыемства – мазырскай “Зары”. Пераход пад яго патранаж станоўча адбіўся на настроях людзей. Па-першае, як у рабочых, так і ў служачых ІТР узрасла заработная плата. Па-другое, усім, хто поўнасцю адпрацаваў папярэдні месяц, выдаецца харчовы паёк на 200 тысяч рублёў – мяса курынае і свіное, малако, яйкі. Такое заахвочванне дадаткова стымулюе працуючых, і зараз ужо мала хто бярэ водпускі за свой кошт, людзі сталі куды больш моцна трымацца за сваё рабочае месца.

Клопат “Зары” аб сваіх хойніцкіх работніках праявіўся нават і ў такой, на першы погляд, не вельмі важнай, але на самай справе красамоўнай акалічнасці. Раней многа часу, сіл і нават здароўя аднімала нарыхтоўка дроў для заводскай кацельні. А сёння з Мазыра сюды рэгулярна завозяцца ўжо папілаваныя па патрэбнаму памеру дровы. Дробязь, як казаў некалі Райкін, але прыемна!

Адным словам, у будучае на Хойніцкім камбікормавым участку “Зары” глядзяць з аптымізмам. Пажадаем жа нашым збожжаперапрацоўшчыкам не губляць такога настрою і надалей.  


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *