Пяцёркі Браткоўскага

Сельское хозяйство

Народная мудрасць сцвярджае: “Якая справа – такая і слава”. Справай усяго жыцця для механізатара нашай гаспадаркі В. П. Браткоўскага з’яўляецца вырошчванне і ўборка сельскагаспадарчых культур, у першую чаргу, збожжавых. І робіць ён гэта так, што слава аб яго працоўных дасягненнях разнеслася далёка за межы нашай Хойнікшчыны: Браткоўскі, разам са сваімі памочнікамі, неаднаразова быў у ліку пераможцаў рэспубліканскага, абласнога і раённага працоўнага спаборніцтва на жніве, за што ўдастойваўся гонару прадстаўляць наш раён на многіх святах “Дажынак”.

Мне, як кіраўніку гаспадаркі, і зручна, і прыемна працаваць з такімі людзьмі, як Валерый Пятровіч. Ведаю, што заўсёды і з любым даручэннем ён справіцца на “выдатна” – своечасова, якасна і прафесійна. Гэты чалавек з тых, за якімі не патрэбны нагляд і кантроль, бо лепшым кантралёрам для такіх людзей з’яўляецца іх працоўнае сумленне і рабочы гонар. А багаты прафесійны вопыт дазваляе яму працаваць настолькі кваліфікавана і па-майстэрску, што заўсёды стаўлю яго ў прыклад іншым.

На сённяшні дзень за В.П. Браткоўскім замацаваны камбайн КЗР-12, трактар МТЗ-82 і глебаапрацоўчыя механізмы. Яны заўсёды знаходзяцца ў тэхнічна ідэальным стане, бо механізатар назубок, да апошняга болціка, ведае іх устройства і пры неабходнасці самастойна выконвае любыя рамонтныя работы. Сёлета Валерый Пятровіч, як заўсёды выдатна, папрацаваў на ўнясенні мінеральных угнаенняў пад веснавую і азімую сяўбу, займаўся пасадкай і апрацоўкай бульбы, убіраў ураджай збожжавых і кукурузы.  

28 кастрычніка Валерый Пятровіч адзначыў свой 55-гадовы юбілей – узрост, у якім механізатар мае права выхаду на заслужаны адпачынак. Аднак, па майму глыбокаму перакананню, свой магутны прафесійны патэнцыял ён яшчэ далёка не вычарпаў. І не толькі як высокакваліфікаваны спецыяліст, але і як выдатны і цярплівы настаўнік маладых механізатараў, які можа даць сваім больш маладым таварышам па рабоце не толькі слушныя і патрэбныя парады, але і неацэнныя практычныя ўрокі ў спасціжэнні азоў і сакрэтаў прафесіі.

Будзе на нашым прадпрыемстве ўрачысты сход, прысвечаны “Дажынкам” і прафесійнаму святу працаўнікоў сельскай гаспадаркі, будуць падарункі і цёплыя словы для юбіляра. Але мне шчыра хочацца верыць у тое, што імя В.П. Браткоўскага яшчэ не раз прагучыць пры пералічэнні прозвішчаў герояў жніва.

Што ж датычыць узросту, то кожная з пяцёрак, якія склалі лічбу яго юбілею, мне здаюцца ацэнкамі як яго майстэрства, так і адносін да справы. Гэта вельмі сімвалічна.


А. КАЛЫХАН,
дырэктар КСУП “Агракамбінат “Віць”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *