За старанную працу шчодра плаціць зямля

Сельское хозяйство

Наш раён мае сельскагаспадарчую накіраванасць. Таму свята, якое традыцыйна адзначаецца ў трэцюю нядзелю лістапада, з’яўляецца адным з галоўных для большасці жыхароў Хойнікшчыны. Па добрай традыцыі ў Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці падводзяцца вынікі напружанай працы на сяўбе і на фермах, на касавіцы і ў рамонтных майстэрнях, на жніве і зернетаках, на познім восеньскім ворыве і ў перапрацоўчых цэхах. Якіх сёлета ўдалося дасягнуць паказчыкаў? Якія выпрацаваны падыходы для забеспячэння паспяховай работы ў далейшым? Аб гэтым размова са старшынёй райвыканкома А.В. БІЧАНОМ.

– Аляксандр Васільевіч, як Вы ацэньваеце ў цэлым вынікі працы на хлебнай ніве раёна? Назавіце асноўныя фактары, якія садзейнічалі добраму ўраджаю.

– Якімі б шырачэзнымі крокамі ні ішоў па планеце тэхнічны прагрэс, ёсць рэчы і паняцці, якія застаюцца на ёй нязменнымі і актуальнымі. Сярод іх хлеб, які быў і заўсёды будзе асновай жыцця. Мы разумеем гэта і прыкладаем усе намаганні для таго, каб зямля шчодра радзіла.

Сёлета ў агульным караваі Гомельшчыны ёсць важкі ўклад і хойніцкіх хлебаробаў. Сярод раёнаў вобласці раён дастойна выглядае. Валавы намалот у нас перавысіў 37 тысяч тон збожжа (у 2008-м – 35 тысяч тон). Нялёгкая праца людзей акупілася. Упершыню за гісторыю Хойнікшчыны кожны гектар збожжавага поля даў па 39,1 цэнтнера, што вышэй узроўню мінулага года на 4,4 цэнтнера з гектара. Лідзіруючыя пазіцыі па ўраджайнасці займаюць КСУП імя Мележа (дырэктар В.М. Каральчук) – сярэдні намалот з гектара складае 50,1 цэнтнера, КСУП “Судкова” (А.А. Сцішанок) – 43,6 цэнтнера, агракамбінат “Віць” (А.В. Калыхан) – 43,4 цэнтнера.

Нягледзячы на капрызы надвор’я не знізіць планку ў атрыманні ўраджаю дазволіла якасная падрыхтоўка палёў, своечасовая сяўба, унясенне комплексу ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін. У многім багацце збожжавай нівы ўдалося выратаваць дзякуючы практычнай дапамозе гаспадаркам раёна работнікаў Хойніцкага ПМС, ДБУ-23, калектыву ДПТВ-183. Вянчала працу хлебаробаў арганізаваная ўборка збожжа, яго апрацоўка і адпраўка на захоўванне.  

– Акрамя пачэсных клопатаў хлебаробаў, якія прыярытэты вызначаны ў раслінаводстве. Які плён нялёгкай працы аграномаў, механізатараў?

– Шмат увагі ўдзяляем вытворчасці рапсу. Гэтая культура валодае “імунітэтам” да радыяцыі – накопліванне адбываецца ў сцяблінках і лісцях, але не ў насенні, якое выкарыстоўваецца ў перапрацоўцы для вытворчасці масла. У выніку пераспецыялізацыі культура прыжылася ў раёне. Сёлета ўбіралі яе з 3105 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць склала 26,8 цэнтнера з гектара, што вышэй мінулагодняга паказчыка на 3,8 цэнтнера.

Таксама рэнтабельнымі для нас культурамі з’яўляюцца кукуруза і цукровыя буракі. Сёлета плошчы пад салодкія караняплоды павялічаны з 450 да 700 гектараў. І не прагадалі ў гэтым, бо сітуацыя на сусветным рынку харчавання склалася спрыяльная для беларускіх прадпрыемстваў-вытворцаў цукру, якія ў гэтым годзе павялічылі аб’ёмы выпуску сваёй прадукцыі. Ды і вопыт іх вырошчвання маем нядрэнны. Гэтая культура, бадай, найлепшым чынам упісваецца ў нашу спецыфіку. Разам з “устойлівым непрыняццем” радыяцыі ў больш цёплым клімаце паўднёвага раёна буракі паспяваюць хутчэй. Таму ў хайнічан ёсць 15-дзённая перавага перад іншымі пастаўшчыкамі гэтай прадукцыі, а заадно і магчымасць прадаць яе па цане сезоннага лідэра. 

Сёлета ўраджай цукровых буракоў атрымалі нядрэнны – па 420 цэнтнераў з гектара, у валавым выражэнні: сёлета – 29500 тон, летась – 19350 тон. Бліскучае майстэрства прадэманстравалі працаўнікі КСУП “Судкова”, якія перавагу аддалі высокапрадуктыўным сартам замежнай селекцыі. Тут сярэдняя ўраджайнасць склала каля 500 цэнтнераў з гектара. З мэтай рэалізацыі караняплодаў працуем у цесным кантакце з Гарадзейскім цукровым заводам.

Плошчы пад “царыцу палёў” сёлета адвялі немалыя: на зерне – 1215 гектараў, на сілас і зялёную масу – 3385 гектараў. У выніку кукурузы на зерне намалацілі па 60 цэнтнераў з гектара (у 2008-м – 37,5 ц/га), нарыхтавалі 86610 цэнтнераў кукурузнага сіласу (у 2008-м з такой жа плошчы – 57020 цэнтнераў). Пахвалы ў гэтай справе заслугоўваюць працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў імя Мележа (дырэктар В.М. Каральчук), “Веляцін” (А.В. Гарашчанка), ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” (М.П. Прышчэп).

– Зразумела, што цяжкая да поту, да мазалёў, да болю ў спіне і натруджаных руках праца вялася з дапамогай тэхнікі. Якія тэндэнцыі тэхнічнага пераўзбраення гаспадарак раёна і перапрацоўчых прадпрыемстваў АПК?

– Мы не змаглі б дасягнуць станоўчых вынікаў, калі б не палепшылі матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне гаспадарак раёна. На сённяшні дзень парк збожжаўборачных камбайнаў складае 68 адзінак. Адзначу, што сёлета ён істотна абнавіўся – набыты на ўмовах лізінгу 6 камбайнаў КЗС-1218, і 2 камбайны КЗС-10К. Акрамя збожжаўборачнай тэхнікі атрымалі кормаўборачную – 4 камбайны “Ягуар” замежнай вытворчасці, 5 энерганасычаных трактараў “Беларус-3022” і адзін “Беларус-2022”, 7 новых камбінаваных глебаапрацоўча-пасяўных агрэгатаў АПП-6, 6 абаротных плугоў, 7 раскідвальнікаў для ўнясення мінеральных угнаенняў, 8 аўтамабіляў “МАЗ” для перавозкі грузаў.

Пры ўсіх гэтых станоўчых момантах ёсць і негатыўны. Вырасціць і ўбраць збожжа нам не складае праблем, але яны ўзнікаюць з яго апрацоўкай. Ахілесавай пятой ва ўсім канвееры ўборачнай кампаніі з’яўляецца сушыльная гаспадарка.

Трэба прызнаць, што мы не стаім на месцы. Сёлета на мясцовым камбікормавым заводзе запусцілі ў эксплуатацыю новы збожжаачышчальна-сушыльны комплекс прадукцыйнасцю 30 тон збожжа ў гадзіну. На наступны год стаіць задача зманціраваць два збожжасушыльныя комплексы – у эксбазе “Стралічава” і КСУП імя Мележа. У перспектыве яны павінны быць у кожнай гаспадарцы раёна.

– Адна са складаемых развіцця эканомікі Хойнікшчыны – жывёлагадоўля. Як тут абстаяць справы?

– Безумоўна, адной з прынцыповых пазіцый развіцця эканомікі раёна з’яўляецца жывёлагадоўля. На 44 фермах васьмі сельгаспрадпрыемстваў раёна ўтрымліваецца больш за 21 тысячу галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 6110 галоў дойнага статку. Навучаныя горкім вопытам мінулых гадоў, сёлета ўдзялілі значную ўвагу стварэнню трывалай кармавой базы. І нам гэта ўдалося ўзорна зрабіць дзякуючы перазалужэнню ў раёне 2543 гектараў плошчаў, у тым ліку стварылі 1086 гектараў многакампанентных пашаў.

У цэлым па раёну нарыхтавалі па 28,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву, што на амаль на 7,5 цэнтнера кармавых адзінак больш, чым у мінулым годзе. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці. Упэўнены, што ён паспрыяе павелічэнню тэхналагічных прываг буйной рагатай жывёлы і надояў малака. Выдатна папрацавалі ў гэтым накірунку ўсе гаспадаркі. Асобны дзякуй працаўнікам КСУП “Судкова” (дырэктар А.А. Сцішанок) – тут нарыхтавалі па 32,4 ц к.а., КСУП “Веляцін” (А.У. Гарашчанка) – 31 ц к.а., КСУП імя Мележа (В.М. Каральчук) – 30,7 ц к.а., агракамбіната “Віць” (А.В. Калыхан) – 29,7 ц к.а.

– Ваша бачанне перспектывы развіцця жывёлагадоўлі.

– Узмацніліся патрабаванні да якасці атрымліваемага і рэалізуемага сельгаспрадпрыемствамі малака. Таму асноўная задача – будаўніцтва сучасных малочнатаварных ферм. Упершыню пасля чарнобыльскай катастрофы ў нашым раёне, у КСУП імя Мележа, з дапамогай дзяржаўнага крэдыту ў мінулым месяцы ўведзены ў строй жывёлагадоўчы комплекс для дойнага статку на 720 галоў. Вядзецца будаўніцтва яшчэ двух – у эксбазе “Стралічава” і “Аравічах” (па 600 галоў).

На гэтым спыняцца не будзем.  У распрацаваным графіку да 2015 года прадугледжана будаўніцтва ў кожнай гаспадарцы раёна па аднаму новаму жавёлагадоўчаму памяшканню. Вось тады будуць створаны ўсе ўмовы для вытворчасці высакаякаснага малака.

Калі гаварыць моваю лічбаў, то за 10 лістапада па раёну надоена 49570 кг малака, што складае 110 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Сярэдні надой на карову 8,1 кг (у 2008-м – 7,4 кг). Вышэйшым гатункам яго рэалізавана  20075 кг, першым – 18105 кг.

Як ніхто іншы мы павінны развіваць гэту галіну сельгасвытворчасці, таму што флагманам валаўтвараючых прадпрыемстваў раёна з’яўляецца малакаперапрацоўчы завод “Палескія сыры”, які выпускае казеін, масла ў асартыменце, цэльнамалочную прадукцыю і сыр трох найменняў. Цяпер за суткі “Палескія сыры” перапрацоўваюць 150-170 тон малака, а разлічаны на 250 тон. Чым больш будуць загружаны яго магутнасці, тым большы будзе прыбытак. Важна адзначыць, што да ўзроўню мінулага года пастаўкі малака на прадпрыемства павялічыліся на 20 працэнтаў, на наступны год з увядзеннем новых ферм у раёне плануецца павышэнне не менш чым на 15 працэнтаў.

– Не сакрэт, што экалагічная сітуацыя ў раёне выклікае пэўныя праблемы. Як яны вырашаюцца?

– Праблемы паступова пераадольваюцца. Нам удалося сёлета завяршыць рэканструкцыю спіртзавода ў вёсцы Стралічава. На сённяшні дзень запланавана яго афіцыйнае адкрыццё. Каб спіртзавод запрацаваў у поўную сілу, з 2006 года ў гэту важную справу ўкладзена больш за 13 мільярдаў рублёў дзяржаўных сродкаў. У выніку мы можам перапрацоўваць у год 6 тысяч тон збожжа, прычым не губляць у цане, закупляючы яго па кошту харчовага, а не фуражнага, выпускаць спірт-сырэц і спірт-рэктыфікат.

 Акрамя таго, улічваючы экалагічную сітуацыю, для змяншэння ўтрымання радыенуклідаў у вырабляемай прадукцыі, аказваецца дзяржаўная падтрымка ў выглядзе выдзялення дадатковых доз мінеральных угнаенняў. Як паказала практыка, калій замяшчае цэзій. У выніку прадукцыя становіцца больш “чыстай”. Сёлета выдзелены і ўнесены ў глебу ўгнаенні:  фосфарныя – 735,4 тоны, калійныя – 3179 тон (43,6 працэнта ад патрэбнасці) на агульную суму 3 млрд. 531 млн. рублёў.

Дарэчы, са стронцыем справіцца пры дапамозе ўгнаенняў не так проста. Таму і праводзілася ў мінулыя гады пераспецыялізацыя раслінаводства. Цяпер яна закончана.

Не пакінуты без увагі прыватны сектар. Ствараюцца мгогакампанентныя пашы для выпасу жывёлы. Для атрымання “чыстага” малака за кошт рэспубліканскага бюджэту пры навуковым суправаджэнні РНДУП “Інстытут радыялогіі” г. Гомеля, з дапамогай Хойніцкага ПМС у маі-чэрвені 2009 года выкананы работы па стварэнню кармавых угоддзяў у вёсках Стралічава, Навасёлкі, Малішаў. Для залужэння выкарыстоўваліся закупленыя ў КСУП “Насенне траў” шматкампанентныя сумесі, у састаў якіх уваходзілі аўсяніца трыснёгавідная, цімафееўка лугавая, яжа зборная, канюшына белая і лугавая. Адабраныя пробы зялёнай масы паказалі, што ў наступным годзе ўтрыманне стронцыю-90 ў малацэ будзе значна ніжэй устаноўленага нарматыву.

– Падводзячы рысу ў канцы размовы, можна канстатаваць, што ў сельгасвытворчасці раёна выпрацаваны падыходы для забеспячэння паспяховай работы ў далейшым?

– Так. Цяпер галоўнае – яшчэ больш падцягнуцца ў развіцці. Каб рэалізаваць намечанае, трэба не знізіць планку, а падняць яе па ўсіх паказчыках. І дасягнуць гэтага можна толькі ўпартай працай, гаспадарскімі адносінамі да зямлі, якую трэба любіць, якой трэба кланяцца ў пояс, шчыра, без падману, аддаваць усе свае сілы. На што, цалкам упэўнены, здатныя хайнічане.

Толькі за старанную працу шчодра плаціць зямля. Яна ў даўгу не застанецца.


Гутарыла Ірына ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *