З дабрынёй і спагадай


Міжнародная супольнасць абазначыла на календарах нямала знамянальных і памятных дат. У іх ліку – Міжнародны дзень белай палкі (трости), Дзень сляпых, Дзень інвалідаў. Гэта зусім не святы. Гэта своеасаблівыя знакі бяды, якія напамінаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі аб салідарнасці.

Міжнародны дзень белай палкі – сімвал невідушчага чалавека, быў прыняты ў ЗША 15 кастрычніка па ініцыятыве Міжнароднай федэрацыі сляпых. Усерасійскае таварыства сляпых далучылася да правядзення гэтага дня ў 1987 годзе.

Гісторыя белай палкі бярэ пачатак у 1921 годзе. У горадзе Брыстолі (Велікабрытанія) жыў малады прафесійны фатограф Джэймс Бігс, які пасля няшчаснага выпадку страціў зрок. Ен стаў самастойна хадзіць па гораду з палкай, але хутка зразумеў, што на чорную не рэагуюць ні прахожыя, ні вадзіцелі. Тады ён пафарбаваў палку ў белы колер. І яна стала прыкметнай. Гэтую навінку падхапілі ўсе невідушчыя не толькі ў Англіі, але і ва ўсёй Еўропе, Амерыцы, а пазней і Расіі.

Раённая арганізацыя таварыства сляпых сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правяла акцыю “Белая палка”, прымеркаваную да 15 кастрычніка. Трэба сказаць, што ў нашым раёне знайшлося нямала людзей, якім уласцівы дабрыня і спагада. Члены таварыства пераканаліся, што аб іх клапоцяцца і яны – патрэбныя людзі. У якасці падарункаў ад калектыву эксбазы “Стралічава” (дырэктар І.А. Каральчук) атрымалі моркву, буракі сталовыя, КСУП “Судкова” (А.А. Сцішанок) – бульбу і цыбулю, Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (П.М. Кудан) – абрэзкі ад распілоўкі драўніны для паліва.

Мы шчыра таксама ўдзячны калектыву ПУП “Палескія сыры” і яго кіраўніку Г.В. Бондар, хлебазавода (А.К. Шаўлоўская), магазінаў “Аніс” (А.Р. Ярмоленка) і “Дамашні” (І.У. Дземчанка).


Г. КАРАНДЗІНАВА, 
старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *