У поспеху — стабільнасць і кантроль


На прамысловую перапрацоўку на прыватнае унітарнае прадпрыемства “Палескія сыры” малако паступае з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў трох раёнаў: Хойніцкага, Брагінскага і Рэчыцкага. За 10 месяцаў бягучага года з гаспадарак нашага раёна ў заліковай вазе паступіла 15598 тон малака, з Брагінскага – 16291 тона і Рэчыцкага – 8585 тон. Адносна невялікія лічбы рэчычан будуць выглядаць больш унушальна, калі ўлічыць той факт, што на “Палескія сыры” малако пастаўляюць толькі тры гаспадаркі Рэчыцкага раёна.

Што датычыць сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна, то найбольшую колькасць малака за мінулыя 10 месяцаў прадпрыемства атрымала з КСУП “Веляцін” –  2812 тон у заліковай вазе. Гэтая лічба магла б быць яшчэ большай (2918 т) у тым выпадку, калі б на колькасць малака не паўплывала яго якасць.

Сітуацыя выглядае так. Базісная тлустасць малака зацверджана з паказчыкам 3,6, але калі фактычная тлустасць па выніках аналізу лабараторыі перавышае базісную, то і заліковая вага здадзенага на перапрацоўку малака таксама атрымліваецца вышэй фізічнай.

У гэтым і розніца паміж заліковай і фізічнай вагой. Адпаведна, ніжэйшая тлустасць малака адмоўна адбіваецца на яго заліковай вазе.

Па тлустасці малака найбольш высокі паказчык у сярэднім за 10 месяцаў года дасягнуты ў сельгаспрадпрыемстве “Велікаборскі” – 3,69. Але калі браць толькі вынікі аднаго кастрычніка, то ў агракамбінаце “Віць” гэтая лічба яшчэ вышэй – 3,79. Аднак у тым уся і справа, што, як адзначыла дырэктар ПУП “Палескія сыры” Г.В. Бондар, агракамбінат (гэтак жа як і КСУП “Веляцін” і эксбаза “Стралічава”) адрозніваюцца нестабільнасцю ў якасці малака. Гэта датычыць не толькі паказчыку тлустасці, але і гатунковасці: сёння малако з гэтых гаспадарак можа ісці вышэйшым гатункам, а праз дзень-два – першым або другім.

Наогул, што датычыць гатунковасці малака, то тут малюнак за 10 месяцаў такі: 8603,6 т (55%) з агульнай колькасці малака залічана першым гатункам, 6380 т (40%) – вышэйшым, 573 тоны (4,7%) – другім гатункам і 41,4 т (0,3%) – гатункам “Экстра”. Малако самай вышэйшай гатунковасці – “Экстра” на “Палескія сыры” пастаўлялі ў гэтым годзе сельгаспрадпрыемствы “Судкова” (10390 кг), імя Мележа (10387 кг) і “Аравічы” (10102 кг).

Асобна хацелася б сказаць пра апошнюю гаспадарку. Г.В. Бондар адзначыла, што яе дырэктар С.В. Дрозд, пытанні якасці малака трымае пад асабістым кантролем. Напрыклад, пры вызначэнні мікрабіялагічных паказчыкаў здадзенага на прадпрыемства малака не кожны з кіраўнікоў або заатэхнікаў гаспадарак цікавіцца вынікамі аналізаў. Сяргей Васільевіч робіць гэта пастаянна, таму і не дзіўна, што малако, пастаўленае з сельгаспрадпрыемства “Аравічы”, на прадпрыемстве лічыцца самай якаснай сыравінай.

Як станоўчы вынік апошніх гадоў, можна лічыць і той факт, што ўсё малако з гаспадарак нашага раёна пастаўляецца на прадпрыемства толькі ахалоджаным. Гэта здымае многія праблемы, якія ўзнікалі раней. Акрамя таго, з 2008 года на прадпрыемства больш не паступае негатунковага малака, што таксама сведчыць аб у цэлым узросшай адказнасці кіраўнікоў і спецыялістаў зоаветслужб гаспадарак.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *