Па «лесвіцы» – у дзесятку

Образование

IMG_2590Навучэнцы 8 «А» класа гімназіі г. Хойнікі Кірыл Лабада і Сяргей Стасько (на здымку) ўвайшлі ў дзесятку лепшых на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «ТэхнаІнтэлект».
Рабяты ў ліку больш за сотню ўдзельнікаў паспрабавалі свае сілы ў адным з няпростых творчых конкурсаў – абласных спаборніцтвах навукова-тэхнічнай твор-часці «ТэхнаІнтэлект», якія прайшлі на мінулым тыдні ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны.
Конкурс праходзіў у два туры. У першым ацэньваліся здольнасці канкурсантаў правільна і аператыўна вырашаць тэарэтычныя задачы. Па яго выніках мацнейшыя рэкамендаваліся журы для ўдзелу ў другім туры – абароне праектаў.
Хлопцы раскрылі тэхнічны бок творчасці, прадставіўшы на суд журы ўласны праект, выраблены пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі гімназіі С.А. Ільева, – зменшаную мадэль пажарнай аўталесвіцы «Татра-815», зробленай з паперы з улікам усіх тэхнічных асаблівасцей гэтай канструкцыі. Гімназіст Кірыл Лабада рыхтаваў яе на працягу цэлага тыдня, а на завяршаючым этапе яму дапамагаў Сяргей Стасько, які ў конкурсе прэзентаваў журы сваю даследчую работу аб тэлевізійных вежах.
Варта адзначыць і вучняў 9 класа другой гарадской сярэдняй школы Рамана Сачанку і Марка Чыгіра, якія таксама прынялі ўдзел у «ТэхнаІнтэлекце». Пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі СШ № 2 Р.А. Латфуліна рабяты падрыхтавалі прэзентацыю «Зямля – Месяц».
Канструктарскі талент і творчыя пачынанні юных тэхнікаў-вынаходнікаў былі высока ацэнены арганізатарамі конкурсу, на якім хайнічане атрымалі дыпломы за ўдзел і занялі шостае агульнакаманднае месца.
Да слова, хойніцкія вынаходнікі-юніёры прымаюць удзел у падобных спаборніцтвах з 2005 года, але дагэтуль не маглі трапіць у дзесятку лепшых. Сёлетні «ТэхнаІнтэлект» стаў для нашых землякоў у пэўным сэнсе шчаслівым.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *