«Палескім сырам» — 25!


Дырэктар ПУП “Палескія сыры” Галіна Віктараўна БОНДАР працуе на прадпрыемстве з дня яго заснавання і за гэты час прайшла шлях ад майстра-сырароба да кіраўніка працоўнага калектыву, які ўзначаліла ў лютым  2001 года. Ей ёсць што ўспомніць і расказаць.

– Азіраючыся на падзеі гэтай чвэрці стагоддзя, гісторыю нашага прадпрыемства нельга ацаніць як гладкі, накатаны і паступальны шлях развіцця. Дыялектыка эканамічнага і сацыяльна-палітычнага жыцця не раз ставіла перад вытворчым калектывам цяжкія і, здавалася б, непасільныя задачы. Асабліва цяжка давялося нам у першыя гады пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама на рубяжы двух стагоддзяў. Тым не менш, прадпрыемства выстаяла ў час гэтых выпрабаванняў.

Пасля пуску завода ў лістападзе 1984 года паступова раслі аб’ёмы вытворчасці прамысловай прадукцыі, і да трагічнага красавіка 1986 года сыркамбінат выйшаў на праектную магутнасць – выпуск 20 тон цвёрдага сыру ў суткі. Потым грымнуў чарнобыльскі выбух і з-за радыеактыўнай забруджанасці сыравіны, вытворчасць сыру была спынена. Частка сыраробнага цэха была пераабсталявана пад выпуск тэхнічнага казеіну, а ўчастак па вытворчасці цэльнамалочнай прадукцыі працаваў на завезенай з іншых раёнаў сыравіне.

Новыя выпрабаванні напаткалі калектыў сыркамбіната ў 1990 годзе, калі з-за спаду сельгасвытворчасці рэзка скараціліся аб’ёмы паставак сыравіны – да 60% ад узроўню 1989 года. Быў ліквідаваны цэх па выпуску сухога абястлушчанага малака, і камбінат пачаў працаваць з убыткамі. Аднак ужо да канца 1992 года ўдалося ліквідаваць страты і нават атрымаць прыбытак. Адзіным рэальным выхадам з гэтай сітуацыі стала пашырэнне асартыменту выпускаемай прадукцыі, асваенне выпуску яе новых відаў і ліквідацыя відаў убытачных.

І ўсё ж падзенне аб’ёмаў паступаючай сыравіны працягвалася да 2001 года, а менш за ўсё малака мы атрымлівалі ў 2000 годзе – да 53 тон у суткі. Толькі з 2002 года нарыхтоўкі сыравіны сталі паступова расці, з гэтага ж года і пачаўся прамысловы пад’ём нашага прадпрыемства.

На сённяшні дзень ПУП “Палескія сыры” – сучаснае прадпрыемства, якое дынамічна развіваецца. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца перапрацоўка малочнай сыравіны і вытворчасць цвёрдых сычужных сыроў, масла жывёльнага, казеіну, цэльнамалочнай прадукцыі і мукі. Аб якасці нашай прадукцыі сведчыць той факт, што 80 яе працэнтаў пастаўляецца на экспарт.

За перыяд ад студзеня па лістапад сёлета перапрацавана 43800 тон малака, выраблена 1648 тон масла ў асартыменце, 701 тона сыру, 810 тон казеіну і 815 тон цэльнамалочнай прадукцыі. Усе нашы дасягненні ў першую чаргу звязваю з цудоўнымі і працавітымі людзьмі, якія працуюць у калектыве. Яго касцяк складаюць тыя, хто аддаў прадпрыемству многія гады свайго жыцця. Гэта намеснік дырэктара А.І. Харошка, галоўны інжынер А.М. Сачанка, начальнік лабараторыі М.А. Феданчук, старшы майстар маслацэха С.М. Казак. Заўсёды жаданымі  гасцямі на прадпрыемстве з’яўляюцца першы яго дырэктар В.П. Алёшына і змяніўшы яе на гэтай пасадзе А.М. Літвак, былыя галоўны эканаміст Н.П. Мятліцкая, галоўны бухгалтар Н.А. Асаўляк, апаратчык М.А. Дзяйкун, радыёлаг В.А. Кірэйчык і многія іншыя.

Выдатна працуюць і нашы маладыя спецыялісты, якіх за апошнія тры гады да нас прыйшло 34 чалавекі. Сярод лепшых назаву начальніка рамонтна-механічнага ўчастка А.І. Жука, майстра-сырароба 5 разраду Т.У. Мелюх, вырабляльніка казеіну 4 разраду Д.В. Зелянкоўскага.

З ўдзячнасцю за выдатную працу віншую з сённяшнім юбілеем усіх работнікаў ПУП “Палескія сыры”, а таксама нашых дарагіх ветэранаў працы і жадаю толькі добрага настрою, здароўя і аптымізму, дабрабыту і ладу ў іх сем’ях.   



Этапы развіцця і ўдасканальвання вытворчасці


1984 год – пуск завода ў эксплуатацыю.

1989 год – запуск у эксплуатацыю цэха па вытворчасці казеіну.

1999 год – устаноўка міні-абсталявання па выпуску сыру тлустага магутнасцю 100 кг у суткі.

2003 год – замена малавытворчых ёмістасцей па выпрацоўцы сыру на ванну 5-тоннай ёмістасці.

2004 год – запуск у эксплуатацыю мукамольнага цэха па праекту МАГАТЭ магутнасцю перапрацоўкі 5 тон збожжа ў гадзіну.

2007 год – устаноўка новай 10-тоннай ванны для вытворчасці сыру, што дазволіла давесці яго выпуск да 800 тон у год.

У цэху цэльнамалочнай прадукцыі устаноўлены аўтамат па разліву малака ў пакеты, а таксама лінія па выпуску плаўленых сыроў.

2009 год – увод у эксплуатацыю новага кампрэсарнага цэха. Гэта дазволіла штодзённа эканоміць да 1,2 тыс. кілават-гадзін.



Візітная картка


МАСЛАРОБНЫ ЦЭХ


Узначальвае старшы майстар-маслароб 6 разраду Святлана Міхайлаўна Казак. Асартымент выпускаемай прадукцыі: масла “Сялянскае”, масла салодкасметанковае несалёнае, масла шакаладнае, “Спрэд”. Агульная вытворчасць – 5,4 тоны ў суткі.


СЫРАРОБНЫ ЎЧАСТАК


Узначальвае майстар-сырароб Жанна Анатольеўна Ляшчынская. Асартымент выпускаемай прадукцыі: сыр “Эмілорд”, сыр “Сметанковы”, сыр “Канталі”, сыр абястлушчаны. Агульная вытворчасць – 2,3 тоны ў суткі.


КАЗЕІНАВЫ ЦЭХ


Начальнік – Святлана Уладзіміраўна Грышкавец. Асартымент выпускаемай прадукцыі: казеін тэхнічны, казеін кіслотны. Агульная вытворчасць – 2,7 тоны ў суткі.


ЦЭЛЬНАМАЛОЧНЫ ЦЭХ


Начальнік – Бойка Святлана Яўгеньеўна. Асартымент выпускаемай прадукцыі: малако, смятана, тварог, кісламалочная прадукцыя (біфідакефір), сыры плаўленыя і крэм-сыры. Агульная вытворчасць – 2,7 тоны ў суткі.



ГЕАГРАФІЯ ПАСТАВАК


На прадпрыемстве маецца 11 малакавозаў і 3 аўтамабілі-рэфрыжыратары грузападымальнасцю ад 3 да 5 тон, адзін з якіх быў набыты ў маі 2009 года.

Прадукцыя масларобнага цэха: Расія, Украіна, Казахстан, Кыргызстан, Грузія.

Прадукцыя сыраробнага ўчастка: Расія, Беларусь.

Прадукцыя казеінавага цэха: Польшча, Германія, Сінгапур, Латвія.

Цэльнамалочная прадукцыя: гандлёвыя сеткі Хойніцкага і Брагінскага раёнаў, а таксама г. Гомеля.



Планы і перспектывы


На 2010 год – рэканструкцыя кацельнага цэха з заменай маральна састарэлых катлоў на больш сучасныя і энергазберагаючыя. На гэты ж год запланавана замена сыраробнай ванны на сыравырабляльнікі, што дазволіць выключыць ручную працу пры вырабе цвёрдых сыроў.

Планы на больш аддаленую перспектыву – асвоіць вытворчасць сухой сывараткі, якая будзе выкарыстоўвацца ў якасці заменніка малака ў кармленні цялят.



З клопатам аб здароўі людзей


На прадпрыемстве вялікая ўвага ўдзяляецца прапагандзе здаровага ладу жыцця і заняткам спортам. Для таго, каб з карысцю правесці свой вольны час, тут створаны ўсе неабходныя ўмовы: абсталявана більярдная, устаноўлены стол для настольнага тэніса, трэнажорная бегавая дарожка, велаэргометр. Таксама працуюць масажны кабінет, пакоі адпачынку,  фіта-бар. Добрая фізкультурна-спартыўная база дазваляе завадскім спартсменам паспяхова ўдзельнічаць у спаборніцтвах самага рознага ўзроўню.


Падрыхтаваў Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *