Тры кароткія сустрэчы


Больш за два дзесяткі год ведаю Міхаіла Савельевіча Скрыпчанку, самага актыўнага пазаштатнага карэспандэнта раённай газеты, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і працы. Заўсёды вельмі скупа расказваў ён аб сабе, аб сваіх родных. Ці то прыродная сціпласць не дазваляла яму гэтага рабіць, ці балюча было ўспамінаць перажытае…

У вёсцы Пудакоў у перадваенныя гады моладзь не чакала пакуль прыедзе масавік-забаўнік ды арганізуе вольны час. Быў у тых юнакоў і дзяўчат моцны жыццёвы стрыжань, які аб’ядноўвае, нараджае добрае саперніцтва, прымушае гарой стаяць за таварыша.  Старэйшая сястра Міхаіла Савельевіча (тады проста Мішы) Софія была ў вясковай моладзі агульнапрызнаным важаком, а ў брата – абсалютным аўтарытэтам.

Арганізоўвалі юнакі і дзяўчаты спартыўныя спаборніцтвы, здавалі нарматывы ГПА, на “Варашылаўскага стралка”. Падлеткі ж з зайздрасцю глядзелі на значкі, што красаваліся на іх грудзях. Ну а з камсамольскім значком – гэта ўжо тое, аб чым марыў кожны.

Затое лепш Мішы ніхто не ведаў з хлопцаў, дзе ў лесе шмат арэхаў. І неяк набіўся ён сястры і яе сяброўкам завесці на тое месца. Завесці завёў, а па дарозе назад заблудзіўся і вывеў дзяўчат не ў Пудакоў, а ў Карпілаўку. І да таго расхваляваўся, што расплакаўся.

– Ты ж мужчына, Міхась, а мужчыны ніколі не плачуць, – стала суцяшаць сястра. – Ведама ж лес: адно дрэва на другое падобнае. Тут можа і ляснік заблудзіцца…

І ад гэтых слоў “праваднік” яшчэ больш расплакаўся.

Закончыла Софія 7 класаў, паступіла ў медыцынскі  тэхнікум, пасля  якога накіравалі яе працаваць фельчарам у Парычы (цяпер Светлагорскі раён). Хіба ж верылася, што немцы вераломна нападуць на нашу краіну?

З першых дзён вайны камсамолку Софію Скрыпчанка як медыцынскага работніка прызвалі ў Чырвоную Армію. І трэба было здарыцца так, што часць, у якой знаходзілася дзяўчына, адступаючы, спынілася ў Пудакове. Тры дні пабыла сярод родных, а потым часць адступіла ў напрамку Брагіна. Добраахвотніцай з ёю пайшла і вясковая медсястра  Кацярына Бандарэнка. Хоць у той час Міхаіл ужо быў камсамольцам і лічыў сябе дарослым чалавекам, аднак гадамі не выйшаў і дарэмнымі аказаліся яго просьбы ўзяць на фронт.

Праз некаторы час Кацярына вярнулася ў вёску і расказала, што часць трапіла ў акружэнне, бачыла яна, як застрэліўся камісар, а аб лёсе іншых нічога невядома. І вырашылі ў сям’і, што Софія або загінула, або трапіла ў палон.

Аднак лёс распарадзіўся інакш. На другі дзень пасля вызвалення раёна да дома Скрыпчанкаў пад’ехала “палутарка”. І выйшла з кабіны пад лейтэнанцкімі пагонамі Софія. На грудзях – ордэн Чырвонай Зоркі і два медалі “За адвагу”. Маці, убачыўшы дачку,  ледзьве не страціла прытомнасць. Колькі ж было радасці! Аказваецца, Софія была ў ліку вызваліцеляў раёна і часць яе ішла па таму ж шляху, па якім у 1941 годзе адступала.

Тры дні гасцявала ў сям’і, прыходзілі аднавяскоўцы, распытвалі, ці не бачыла каго з іх родзічаў. Аднак франтавыя шляхі-дарогі рэдка або ніколі не зводзяць землякоў. Тады, у пачатку вайны, полк, у якім  была Софія, выйшаў з акружэння і з баямі дайшоў да Сталінграда.

На памяць аб сустрэчы лейтэнант медыцынскай службы С.С. Скрыпчанка пакінула свой фотаздымак, а на просьбу брата ўзяць з сабою адмовіла, хоць на той час Міхаіл ужо “панюхаў” партызанскага пораху, ды і прыйшла з райваенкамата павестка аб прызыве яго ў дзеючую армію.

Наступная сустрэча адбылася восенню 1946 года ў г. Бранску, калі Міхаіл Савельевіч служыў у 28-й асобнай гвардзейскай матарызаванай разведроце. Софія ўжо была ў званні старшага лейтэнанта. Да баявых узнагарод дабавіліся ордэн Баявога Чырвонага Сцяга, медалі “За перамогу над Германіяй” і “За перамогу над Японіяй”. Ордэн яна атрымала за ўдзел у прарыве нямецкай абароны на Кюстрынскім плацдарме, дзе была лёгка паранена.

Пасля Перамогі часць, у якой служыла сястра Міхаіла Савельевіча Скрыпчанкі, была перакінута на Далёкі Усход.  Пасля капітуляцыі Квантунскай арміі Софія выйшла ў адстаўку і стала сямейным чалавекам. Мужа, таксама ваеннага, накіравалі ў Паўночную Карэю, а яна вярнулася дадому, чакала нараджэння дзіцяці.

За акном прытаілася марозная студзеньская ноч 1947 года. Прытаіліся каля паркана дома і трое бандзюг з абрэзамі. Магчыма, думалі, што афіцэр Савецкай Арміі, якая прайшла ўсю вайну, прывезла багатыя трафеі і будзе чым пажывіцца. А ў яе было адзінае багацце – дачушка Наташка, якую трэба было пакарміць. Софія запаліла газоўку, схілілася, каб узяць на рукі дзіця. Стрэл праз акно адкінуў маладую маці ад калыскі. Падаючы, яна прыціснула далонню ліпкую чырвоную пляму на сарочцы і страціла прытомнасць. Высадзіўшы раму, рабаўнікі шукалі дабро. Заходзілася ў плачы дзіця…

Да бальніцы Софію Савельеўну давезці жывой не паспелі, дужа многа страціла крыві і памёрла на руках маці.

Злы рок, недарэчнасць, выпадковасць, лёс?.. Прайсці  ад першага да апошняга дня вайну, пад артабстрэлам, аўтаматнымі чэргамі, сярод разрываў мін і снарадаў выратаваць дзесяткі, сотні параненых байцоў і застацца жыць, каб загінуць ад рукі нелюдзя-бандзюгі ў мірны час?

…З любоўю і светлай памяццю захоўваюць у сям’і Міхаіла Савельевіча Скрыпчанкі адзіны яе фотаздымак. І такія ж родныя, як уласныя дзеці, для яго пляменніца Наташа і яе двое дзяцей.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.


На здымку: Софія Савельеўна Скрыпчанка.  Здымак 1943 года.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *