І ў баі, і ў працы


Хто рос без бацькі, той ведае пастаяннае пачуццё нейкай безабароннасці, асабліва, калі хтосьці з сяброў-хлапчукоў горда скажа: “А мы з татам…”

У дзіцячую памяць сямігадовага хлопчыка  Антона на ўсё жыццё ўрэзалася, як глыбокай восенню 1933 года ў іх хату прыйшлі ўзброеныя людзі. Шукалі ў Карла Караткевіча нейкую зброю.  Не знайшлі.

Як жа так? Кулак-міраед, класавы вораг, а зброі няма? Арыштавалі ўсё роўна, судзілі  і на 5 год саслалі ў Чувашыю, адкуль ён не вярнуўся. А ўся віна працавітага селяніна была ў тым, што сам ён, жонка і дзеці ад світання да позняга вечара працавалі на выдзеленым савецкай уладай кавалку зямлі, каб на стале было ўдосталь хлеба і ў місцы з баршчом хоць і рэдка з’яўляўся кавалак мяса.

Неяк адразу адвярнуліся добрыя знаёмыя, суседзі ў вёсцы Забалацце (зараз вуліца Сялянская), хоць і спачувалі, але пры сустрэчы апускалі вочы і баязліва аглядваліся. Толькі ў 1953 годзе рэабілітавалі бацьку.

Заглушыўшы боль у сэрцы, старанна працавалі Караткевічы ў калгасе, Антон на “добра” і “выдатна” закончыў чатыры класы польскай школы, а затым беларускую сямігодку.

А потым на хойніцкую зямлю прыйшла вайна, і “новы парадак” аказаўся страшней за ўсе выпрабаванні, якія давялося прайсці сям’і “ворага народа”. Толькі не засталося ў сэрцы Антона ніякай крыўды на ранейшую ўладу, бо пад фашысцкім ботам стагналі мірныя жыхары, гарэлі ў агні  людзі, бачыў ён, як у хвойніку за вёскай расстрэльвалі непакорных.

У снежні 1943 года ён становіцца салдатам. Навуку ваяваць спасціг у вучэбным батальёне і быў назначаны памочнікам камандзіра стралковага ўзвода. Колькі разоў падымаўся і падымаў у атаку байцоў!  І шалёны крык “За Радзіму! За Сталіна!”, і першабытная “панажоўшчына” рукапашных сутычак зрабілі яго, як і ўсіх салдат, неўспрыймальным у час бою ні да страху, ні да літасці.

Так было пры ўзяцці г. Цэлехау, фарсіраванні рэк Вісла і Одэр на подступах да Берліна, дзе яго цяжка параніла. Лячыўся ў палявым шпіталі. Там і пачуў доўгачаканую вестку аб Перамозе.

Першую ўзнагароду, ордэн Чырвонай Зоркі, атрымаў за ўзяцце г. Цэлехау. Пры яго штурме ўзвод трапіў пад моцны кулямётны агонь. Большасць байцоў загінула. Уварваўшыся ў горад, каля аднаго з дамоў  заўважыў, як немец  крадзецца за нашым афіцэрам. Ужо падняў пісталет. Не раздумваючы, Антон выстраліў і параніў ворага. Афіцэр, у якого той цэліўся, аказаўся камандзірам батальёна.

– Няхай ідзе, – сказаў ён ад’ютанту, калі той хацеў расстраляць параненага немца. – Пэўна ж ёсць сям’я, дзеці…

Такіх выпадкаў, калі нашы камандзіры праяўлялі гуманнасць да ваеннапалонных, было шмат на баявым шляху Антона Карлавіча Караткевіча (на здымку). Не на жыццё, а на смерць ішла вайна, але ж чалавек павінен заставацца чалавекам. І, мусіць, калі гаварыць аб складаемых той Вялікай Перамогі, то не апошнюю ролю ў ёй адыграла менавіта чалавечнасць савецкага байца.

Пасля шпіталя Антон Карлавіч закончыў курсы радыётэхнікаў і служыў у 82-й гвардзейскай арміі ў Германіі да 1950 года, бо малодшы камандны састаў загадам міністра абароны быў яшчэ затрыманы.

Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся ў Хойнікі, стаў працаваць майстрам у леспрамгасе, потым на хлебапякарні, адкуль і пайшоў на пенсію.

…Мы сядзім у яго ўтульнай кватэры, п’ём чай, якім частуе гаспадыня Марыя Рыгораўна, з якой Антон Карлавіч у наступным годзе адзначыць 60-годдзе сумеснага жыцця. Вырасцілі яны і выхавалі сына і чатырох дочак, маюць шэсць унукаў, пяць унучак, праўнука.

– Гэта мая радасць і гонар. Дзеля іх варта было прайсці праз гораны вайны, каб сённяшні мірны дзень быў бязвоблачны і шчаслівы, – гаворыць ветэран.

І яго прыветны твар свеціцца дабрынёй і спакоем, а ў поціску рукі пры развітанні адчуваецца сіла чалавека, які аднолькава надзейна трымаў зброю і плуг, калі ў салдацкай гімнасцёрцы ў далёкім 1950-м прыступіў да працы.


М. СКРЫПЧАНКА,
старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *