Усё тут цёплае, такое простае

Вёсачка мая

CoQfhJxiRJQВысокія, акуратна запраўленыя пад канцік ложкі. Некалькі ярусаў пуховых падушак, пакрытых накрухмаленымі накідкамі. На падлозе – даматканыя палавікі з рознакаляровымі палоскамі. Вокны ўпрыгожваюць беласнежныя фіранкі, стол – абрус з ажурным аздабленнем. У вуглу печ – распаўсюджвальніца прыемных водараў. На сценах – абразы, сямейныя чорна-белыя фотаздымкі… Як жа каларытна і ўтульна ў вясковых хатах, дзе жывуць людзі старэйшага ўзросту! Хаця і тут «прапісваюцца» сучасныя рэчы, але яны ў інтэр’еры не так заўважны.

IMG_2486У двух такіх, з духам мінулага стагоддзя дамах мне пашчасціла пабываць у вёсцы Дуброва, куды і была запланавана наша чарговая вандроўка. Мясцовыя жыхары расказалі, што назва населенага пункта пайшла ад густых дубраў, якія акружалі гэтыя мясціны. Наогул, для звесткі, вёсак пад назвай Дуброва ў нашай краіне многа: адна на Брэстчыне, чатыры ў Гродзенскай вобласці, па восем на Магілёўшчыне і Міншчыне і аж адзіннацаць у нашай, Гомельскай вобласці!

Раней наша Дуброва была вялікай – у пяцідзесятыя гады тут жыло дзвесце чалавек. Меліся магазін, школа-чатырохгодка, клуб. Цяпер жа, акрамя дамоў, засталіся толькі пажарны аварыйна-выратавальны пост РАНС і ферма па адкорму жывёлы. Усе неабходныя тавары прывозіць аўталаўка, а пенсіі і прэсу дастаўляе паштальён са Слабажанкі. Каб даехаць да райцэнтра, трэба выйсці на прыпынак на аўтамабільную трасу, там некалькі разоў на тыдзень ходзяць рэйсавыя аўтобусы. Але, як зазначаюць жыхары, дабірацца такім чынам не заўсёды зручна. Вось, напрыклад, пакуль трапіш у паліклініку, дык усе талончыкі разбяруць.

IMG_2502У вёсцы ў асноўным жывуць пенсіянеры. Вялікую гаспадарку ніхто не трымае. Кароў няма, адзін конь, а так у асноўным свінні. На агародах вырошчваюць, як і ўсе, бульбу, агурочкі, памідорчыкі, цыбульку ды капустку. Жанчыны розныя нарыхтоўкі на зіму робяць. А вось фірменнай стравай, паводле слоў мясцовых гаспадынь, з’яўляецца «квасоля параная» (на тутэйшай гаворцы). Такая смачная яна ў іх атрымліваецца і, як цукар, салодкая.

Агонь пеўневых грабень-чыкаў, пах зямлі, грук вядзерцаў каля студні, пошчакі птушак, у двары наколатыя дровы… Усё тут цёплае, такое простае. І ў той жа час крыху сумнае. Нават сабака на пустой вуліцы мне сустрэўся з такімі жаласлівымі вачыма, такім маркотным позіркам, што, здавалася, ён усё адчувае і перажывае за лёс сваёй роднай Дубровы. IMG_2500

Многія, у каго было вясковае дзяцінства, адразу прыгадаюць сырадой, гульні на печы, як летам бегалі басанож па траве, а ўзімку гулялі ў сняжкі… А якія раней марозныя зімы былі! З завеямі. А сёлетні люты больш нагадвае сакавік ці красавік.

IMG_2471Жыхары вёскі дзяліліся шчымлівымі ўспамінамі, узгадвалі, як раней цяжка працаваць было. «Без выхадных і водпускаў гаравалі. З фермы прыбягу – чыгуняру бульбы навару. Дзецям дам, а сабе ў фартух палажу, пакуль назад на работу бягу – паем», – расказвае Яўгенія Іванаўна Кавальчук. – Спадніцы самі сабе шылі, а потым з тае яшчэ і дзецям нешта: кофтачку ці штонікі». Многа гадоў адпрацавала даяркай і Соф’я Усцінаўна Процка. Раней у вёсцы свая малочнатаварная ферма была, а цяпер людзі ездзяць на работу на новы комплекс у Алексічах. Жанчыны нават паспрабавалі крышку паспрачацца наконт таго, калі лягчэй жылося, раней або цяпер, але хутка сышліся на адным – галоўнае, каб пад мірным небам.

IMG_2479Пагутарыўшы з імі, пайшла далей гуляць па Дуброве і натыкнулася на арыгінальную альтанку з лазы, упрыгожаную гірляндай з пластмасавых крышачак. Як удалося высветліць, гэта справа ўмелых рук мясцовага жыхара Аляксандра Чарняўскага.

IMG_2462Быў у мяне яшчэ адзін цікавы суразмоўца – Міхаіл Мікалаевіч Бельскі. Ён дваццаць гадоў працаваў механізатарам у калгасе «Ленінскі шлях». Зараз адзінокі, але яго часта наведваюць дзеці, якія жывуць у Хойніках. А так людзей на вясковай вуліцы зімой рэдка сустрэнеш, вось і Дуброва пакуль стаіць сонная.

…Адну вандроўку ў студзені мы прапусцілі па ўважлівай прычыне, але абяцаю: мы ўсё нагонім. І ў гэтым месяцы пабываем яшчэ ў адной вёсачцы. Прыадчыню заслону таямніцы – гэта будзе Осаў.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *