За намі справа не стане


Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне № 45 з’яўляецца  структурным падраздзяленнем РУП “Гомельаўтадор” і займаецца ўтрыманнем дарог рэспубліканскага значэння. Створана арганізацыя ў верасні 2000 года, ужо закладзены добрыя традыцыі плённай  дзейнасці, асноўная мэта якой – забяспечыць безаварыйны рух на аўтамабільных трасах. Нягледзячы на складаны крызісны год, паспяхова спраўляемся з даведзенымі заданнямі.

Сацыяльна-эканамічныя паказчыкі за 9 месяцаў выкананы ў поўным аб’ёме. Упраўленне абслугоўвае  аўтамабільныя дарогі рэспубліканскага значэння, якія праходзяць па Хойніцкаму, Брагінскаму, Лоеўскаму і Рэчыцкаму  раёнах, рэкультывуе і добраўпарадкоўвае прытрасавую паласу адводу, ухіляе ямачнасць і трэшчыны, утрымлівае маставыя і штучныя збудаванні. Галоўная задача – забяспечыць бесперабойны і безаварыйны рух па нашых дарогах, надаць эстэтычны выгляд месцам адпачынку.

У мінулым месяцы ў РУП “Гомельаўтадор” прайшоў агляд-конкурс на званне “Лепшая вытворчая база РУП АД “Гомельаўтадор” і “Лепшае добраўпарадкаванне аўтобусных прыпынкаў і пляцовак адпачынку”. Вытворчая база ДЭУ-45 і аўтобусны прыпынак “Рудакоў” занялі трэція месцы, за што былі заахвочаны дыпломамі і прэміямі.

Нашых працаўнікоў характарызуюць прафесіяналізм і адказнасць у выкананні даручанай работы. Сярод тых, хто ўносіць дастойны ўклад у агульную справу, дарожныя рабочыя У.І. Харошка, А.К. Мазур, В.С. Цішкевіч, вадзіцель С.М. Забалоцкі, загадчык гаспадаркі С.С. Рак, маляр Д.С. Паўлюшчанка і іншыя.

Асноўны аб’ём работ у асенне-зімовы перыяд ускладваецца на тры дарожна-лінейныя дыстанцыі, якія і займаюцца непасрэдна зімовым утрыманнем дарог. Нарыхтаваны ў неабходнай колькасці пясчана-саляная сумесь і чыстая соль. Сваімі сіламі вырабляем і ўстанаўліваем сігнальныя вехі, якіх патрабуецца 4315. Выраблена і будзе ўстаноўлена 2195 снегаўтрымліваючых шчытоў.

З асаблівай увагай адносімся да тэхнікі. На базе  арганізацыі ёсць 8 аўтамабіляў-снегаачышчальнікаў і пяскаразмеркавальнікаў МАЗ, 8 трактараў МТЗ з пяскаразмеркавальнікамі і снегаачышчальнікамі, 4 аўтагрэйдэры ДЗ-180, 3 пагрузчыкі ТО-18. Уся дарожна-будаўнічая тэхніка была своечасова адрамантавана. Есць гарантыя таго, што гэтыя машыны без збояў будуць працаваць зімой на падсыпцы і ачыстцы дарог.

Радыёсувяззю забяспечана ўся без выключэння дарожная тэхніка. З дыспетчарскай у любы момант можна звязвацца з працуючымі на дарогах і, у выпадку неабходнасці, вырашыць пытанні, якія ўзнікаюць. З 1 лістапада па 1 мая арганізавана кругласутачнае дзяжурства.

Пасля заканчэння летняга перыяду ў вельмі дрэнным стане знаходзяцца прыпынкі, а  вясною звычайна не далічваемся паловы сігнальных вех. Таму хацелася б звярнуцца да ўдзельнікаў дарожнага руху і пасажыраў  з просьбай больш уважліва і беражліва адносіцца да аўтобусных прыпынкаў, устаноўленых знакаў, сігнальных вех. 

Працаўнікам жа дарог хачу пажадаць як мага менш аўральных умоў, якія час ад часу стварае прырода.


І. СЦІШАНОК,
галоўны інжынер ДЭУ-45.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *