Да вырашэння праблемы — разам


У ПОЛІ  ЗРОКУ – НЕСПРЫЯЛЬНАЯ СЯМ’Я


З прыняццем Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях” дзейнасць камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкоме яшчэ больш актывізавалася на выяўленне і раннюю прафілактыку неспрыяльнасці сем’яў. Сярод бацькоў, якія неналежным чынам выконваюць свой абавязак, праводзіцца растлумачальная работа. За 10 месяцаў бягучага года праведзена 23 пасяджэнні камісіі, у тым ліку 3 выязныя. Дасягнуты станоўчы вынік: за справаздачны перыяд 20 бацькоў прайшлі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці, 10 –  працаўладкаваны. Супрацьдзеянне п’янству для нас асабліва важна, бо прычына многіх сямейных бед менавіта ў шклянцы з алкаголем.

Працягваецца акцыя “Сям’я без насілля”. Члены рабочых  груп наведваюць сем’і небяспечнай катэгорыі. За час правядзення акцыі выяўлена 7 фактаў знаходжання бацькоў у стане алкагольнага ап’янення.

 З 1 студзеня 2007 года асобы, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў, павінны плаціць па рахунках. З пачатку дзеяння Дэкрэта № 18 рашэннем суда ў нашым раёне 135 чалавек абавязаны пакрываць расходы на ўтрыманне дзяцей. На сённяшні дзень з патрэбных 702604, 5 тыс. рублёў кампенсаваная сума складае 276835,5 тыс. рублёў (39,4%). Гэты паказчык ніжэй сярэднеабласнога, але прымаюцца дадатковыя меры для яго павелічэння.


АБДЗЕЛЕНЫЯ БАЦЬКОЎСКІМ  КЛОПАТАМ


Безумоўна, асацыяльныя паводзіны гора-бацькоў дрэнна адбіваюцца на выхаванні і ўзроўні жыцця дзяцей. Па стану на 1 лістапада ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца 122 дзіцяці з 60 сем’яў.  Гэта рабяты, абдзеленыя бацькоўскім клопатам.

З пачатку бягучага года 12 дзяцей з 5 сем’яў прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне. З гэтай катэгорыяй бацькоў і дзяцей  прафілактычную работу праводзяць не толькі педкалектывы ўстаноў адукацыі, але і сельскія выканаўчыя камітэты, дэпутацкі корпус, ідэалагічныя актывы прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскасць раёна.

Пастанова аб адабранні дзіцяці выносіцца ў тым выпадку, калі выяўляецца, што яго жыццю і здароўю пагражае небяспека. З пачатку рэалізацыі Дэкрэта № 18 камісіяй па справах непаўналетніх адабраны 115 дзяцей з 52 сем’яў. Праведзеныя прафілактычныя мерапрыемствы прынеслі станоўчыя вынікі – 57 дзяцей вернуты бацькам. Спадзяёмся, што з вяртаннем дамоў у гэтых рабят пачалося новае шчаслівае жыццё.


ДРЭННАЕ  ВЫХАВАННЕ  – ПРЫЧЫНА  НЯШЧАСЦЯЎ


Дрэннае выхаванне з’яўляецца адной з асноўных прычын сямейных няшчасцяў: дзеці не ўмеюць кіраваць сваімі жаданнямі, не разумеюць паняццяў “можна”, “трэба”, “нельга” і вядуць асацыяльны лад жыцця. Асноўныя прычыны гэтага – адсутнасць кантролю за іх паводзінамі з боку бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, негатыўны прыклад членаў сям’і, дрэнны ўплыў вуліцы. На сённяшні дзень на ўліку ў камісіі знаходзяцца 30 падлеткаў. За справаздачны перыяд да адміністрацыйнай адказнасці за розныя правапарушэнні прыцягнуты 58 непаўналетніх, што на 7,9% менш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

У рабоце з “цяжкімі” падлеткамі асноўная задача –  іх 100-працэнтная занятасць. У гэтым нам садзейнічаюць аддзел адукацыі райвыканкома, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва і сельгаспрадпрыемствы. Сёлета ўсе жадаючыя, а гэта 80 чалавек, на перыяд уборачнай кампаніі атрымалі часовае месца працы на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. 15 непаўналетніх, якія састаяць на прафілактычным уліку (50%), працавалі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, прымалі ўдзел у рамонтных работах, якія праводзіліся ва ўстановах адукацыі.


На працягу летніх канікул працаваў абаронча-спартыўны лагер, знаходжанне ў якім было насычана тэматычнымі мерапрыемствамі, спаборніцтвамі, падарожжамі і інш.

 Камісіяй сумесна з зацікаўленымі службамі праводзяцца рэйды па праверцы работы клубаў, бараў, дыскатэк. Эфектыўная сістэма работы з дзецьмі распрацавана ва установах культуры і адукацыі раёна.

Падводзячы вынікі, трэба адзначыць, што канкурыраваць з сям’ёй у выхаванні дзяцей не можа ніякі старонні чалавек, ні адна дзяржаўная выхаваўчая ўстанова, якімі б дасканалымі яны ні былі. Сітуацыя ў нашым раёне зменіцца ў лепшы бок толькі ў тым выпадку, калі да вырашэння набалелых праблем далучацца самі гора-бацькі. Калі яны пазбавяцца абыякавасці да сваіх абавязкаў і створаць спрыяльныя ўмовы для дабрабыту сям’і.  Камісія ў сваю чаргу заўсёды рада працягнуць ім руку дапамогі. 


А. СОДАЛЬ,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкоме.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *