Жураўскія ў ААТ «Веляцін Агра» – людзі вядомыя

Сельское хозяйство

Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго

Жураўскія ў ААТ «Веляцін Агра» – людзі вядомыя. І разам, і паасобку. І як добрыя людзі, і як цудоўныя работнікі. Калі палічыць агульны стаж работы членаў гэтай сям’і ў сельскай гаспадарцы, то ў стагоддзе ён не змесціцца.

Заснавальнікам сямейнай дынастыі Жураўскіх з Пудакова можна назваць дзядулю Паўла Канстанцінавіча, які 39 гадоў працаваў у калгасе жывёлаводам і тэхнікам-асеменатарам. Працоўны стаж яго жонкі Кацярыны Цярэнцьеўны склаў 41 год. Жанчына працавала паляводам з 1945 па 1986 год.

Па іх слядах пайшлі дзеці і ўнукі, якія працавалі і працуюць у сельгаспрадпрыемстве на розных пасадах. Нам удалося сустрэцца і паразмаўляць з гэтай працавітай сям’ёй.

Як расказала Марыя Міхайлаўна, якая да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў гаспадарцы на пасадзе галоўнага бухгалтара, яе маці і бацька таксама былі цесна звязаны з сельскай гаспадаркай – матуля Юлія Міхайлаўна 21 год працавала паляводам, а бацька Міхаіл Цімафеевіч трактарыстам, брыгадзірам трактарнай брыгады, загадчыкам рамонтных майстэрняў. Яго працоўны стаж 50 гадоў.

Муж Марыі Міхайлаўны падчас нашай размовы сціпла маўчаў. Гэта і зразумела – працаўнікі сяла не любяць быць навідавоку. Мужчыну ў 1973 годзе прынялі на работу ў калгас «Бальшавік» вадзіцелем, дзе ён і працаваў да 1994 года, быў удзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Працяг сямейнай дынастыі Жураўскіх – сын Павел, які зараз працуе ў ААТ «Веляцін Агра» трактарыстам-машыністам, і дачка Наталля. Яна ў гаспадарцы з 2012 года інспектар па кадрах. Так, брат і сястра на розных пасадах, але аднолькава старанна прысвячаюць сябе сельскай гаспадарцы і працягваюць пісаць гісторыю адданасці сялянскай справе.

Алена СМУСЯНОК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *