Каб было цёпла і бяспечна


Шматгадовы вопыт паказвае, што з надыходам першых халадоў заўсёды ўзрастае колькасць пажараў. Асабліва гэта датычыць прыватнага сектара, дзе пачынаецца эксплуатацыя печаў і іншага ацяпляльнага абсталявання. Есць і прыклад таму. 24 лістапада сёлета па прычыне парушэння эксплуатацыі пячнога ацяплення ўзнік пажар па вул. Першамайскай горада. На шчасце, людзі не пацярпелі, але ўрон маёмасці нанесены значны.


Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях рэкамендаваў усім уладальнікам прыватных дамоў перш чым пачаць абагрэў жылля, праверыць печы, задзелаць у іх трэшчыны, атынкаваць і пабяліць, перад печчу прыбіць металічны перадтопачны ліст.


Каб пазбегнуць асадкі і з’яўлення трэшчын, печ патрэбна ўстанаўліваць на самастойны фундамент. Для дымавых труб можна прымяняць толькі абпаленую або вогнеўпорную цэглу. На даху ў радыусе аднаго метра вакол дымахода патрэбна зрабіць адсыпку з негаручых матэрыялаў. Дымаходы ў межах даху трэба пабяліць, тады па сажы лёгка выявіць і ліквідаваць трэшчыны на іх. А галоўнае правіла – кладку і рамонт печаў даручаць толькі кваліфікаваным спецыялістам, маючым адпаведнае пасведчанне.

Паліць печ трэба толькі пры закрытых топачных дзверцах. Печ-“буржуйка” абавязкова павінна стаяць на металічным лісце, пасцеленым на цагліны. Пры моцных маразах печ лепш паліць два-тры разы ў дзень, чым адзін раз працяглы час. Незахаванне гэтага  можа прывесці да плачэўных вынікаў з-за перапалу печы.

Не павінны забываць аб супрацьпажарнай бяспецы і кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія маюць кацельні на вадкім або цвёрдым паліве. Да работы ў ацяпляльны сезон могуць дапускацца толькі апальшчыкі, якія прайшлі супрацьпажарны інструктаж і навучанне па пажарна-тэхнічнаму мінімуму. Гэта робіцца ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях па заяўках прадпрыемстваў з выдачай адпаведных пасведчанняў. Кіраўнікі павінны выправіць усе наяўныя парушэнні пры ўстройстве і эксплуатацыі кацельняў.

На халодны перыяд года прыходзіцца прыкладна 70 працэнтаў ад агульнай колькасці пажараў. Трывожна, што іх колькасць не зніжаецца.

Напярэдадні ацяпляльнага сезона нашымі спецыялістамі было абследавана больш за 8 тысяч жылых дамоў. Па ўсіх заўважаных недахопах накіраваны прадпісанні. Аднак аб захаванасці кожнага жылля, у першую чаргу, павінен клапаціцца сам гаспадар. Пры выкананні ўсіх норм і правіл у ацяпляльны сезон у дамах будзе і цёпла, і бяспечна.


А. ПРОТЧАНКА, начальнік РАНС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *