Так не павінна быць


Аб’екты электразабеспячэння з’яўляюцца крыніцай павышанай небяспекі для жыцця і здароўя людзей. Вельмі шкада, што гэтую простую ісціну не зусім разумеюць у КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Інакш чым іншым растлумачыць той факт, што ў жылкамунгасе ўпарта ігнаруюць выдадзеныя раённай інспекцыяй Энерганагляду прадпісанні, падпісаныя, дарэчы, кіраўнікамі і спецыялістамі гэтай арганізацыі.

Ціхі жах выклікае стан установак электразабеспячэння ў жылых дамах, кацельнях і на аб’ектах сацкультбыту, якія знаходзяцца на балансе КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Адсутнасць замкоў і знакаў электрабяспекі на дзвярах уводных і размеркавальных устройстваў, разукамплектаванне асвятляльнай апаратуры, абрывы і агаленне ўчасткаў электраправодкі, адсутнасць або пашкоджанні ўстановачных апаратаў на лесвічных пляцоўках і ў падвальных памяшканнях – усё гэта пагражае не толькі аварыямі і пажарамі на электраўстаноўках, але і ўтварае рэальную небяспеку для людзей і асабліва дзяцей.

Прадпісанні на ўхіленне выяўленых парушэнняў эксплуатацыі электраўстановак камунальнікам выдаваліся і ў канцы мінулай зімы, і вясной, і ў ходзе летніх праверак па падрыхтоўцы да работы ў асенне-зімовых умовах гэтага года. Аднак і да сённяшняга дня нічога не зроблена па выпраўленню, прама скажам, абураючай сітуацыі.

У доме № 2 ж па вул. Калесніка выдраны з прабоем замок, які вісіць на дзвярах шчытавой, наўрад ці спыніць заўсёды цікаўных дзяцей. А ў самым памяшканні іх чакае “гасцінна” расчыненая шафа трансфарматарнай устаноўкі. Побач валяецца цюфяк, на якім тут каратае ночы невядомы мужчына, злавесна паблісквае ў святле кішэннага ліхтарыка аголеная электраправодка.

Такі малюнак можна застаць практычна ў любым шматпавярховым доме.

Камунальнікам неабходна неадкладна прыняць меры па навядзенню належнага парадку.


М. ВЯРГЕЙЧЫК,
дзяржаўны інспектар раённай інспекцыі Энерганагляду.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *