Жыллё кааператыўнае і сацыяльнае


Відавочны пад’ём, які зараз перажывае будаўнічая галіна ў Рэспубліцы Беларусь, не абмінуў бокам і наш раён. Быццам грыбы пасля дажджу растуць індывідуальныя жылыя дамы ў вёсках Хойнікшчыны, і ў райцэнтры сёлета здадзены ў эксплуатацыю новы 60-кватэрны дом у мікрараёне “Юбілейны”. Аб тым, што чакае хайнічан у наступным годзе, расказала карэспандэнту “Хойніцкіх навін” галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і па праблемах ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС Наталля Уладзіміраўна РОДЗЬКІНА.

– Дом, будаўніцтва якога завяршылася ў канцы лета, быў узведзены для членаў кааператыву індывідуальных забудоўшчыкаў (КІЗ-1). У асноўным гэта маладыя і мнагадзетныя сем’і, якія скарысталіся сваім правам на атрыманне льготнага банкаўскага крэдыту ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 185 ад 14.04.2000 г. “Аб прадастаўленні грамадзянам ільготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў”.

Зараз у раённым цэнтры створаны другі кааператыў – КІЗ-2, і тыя, хто пажадаў у яго ўступіць, могуць разлічваць на кватэру ў наступным кааператыўным доме, які таксама будзе ўзводзіцца ў мікрараёне “Юбілейны”. Плануецца, што ў ім будзе 20 кватэр: па 5 трох- і аднапакаёвых, а таксама 10 двухпакаёвых кватэр. Цяпер новаствораны кааператыў займаецца падрыхтоўкай усёй неабходнай юрыдычнай дакументацыі.

А пасля таго, як прыступяць да будаўніцтва 20-кватэрнага дома для членаў КІЗ-2, пачнецца і фарміраванне наступнага кааператыву – КІЗ-3.

Акрамя таго, на першы квартал будучага года намечаны ўвод у эксплуатацыю 60-кватэрнага дома, будаўніцтва якога вядзе зараз калектыў Хойніцкай ПМК. Гэта так званае сацыяльнае і службовае жыллё, якое будзе прадастаўлена льготныям катэгорыям насельніцтва – мнагадзетным сем’ям, інвалідам-чарнобыльцам, маладым спецыялістам, якія прыбылі ў наш раён па размеркаванню пасля заканчэння ВНУ і сярэдніх спецыяльных устаноў.

На будучае запланавана будаўніцтва 40-кватэрнага дома ў раёне вуліцы Савецкай, жыллё ў якім таксама будзе лічыцца сацыяльным і службовым і будзе прадастаўлена адпаведным катэгорыям насельніцтва.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *