Мацнеюць сяброўскія сувязі


Даўнія сяброўскія сувязі звязваюць наш раён з Іванькаўскім Кіеўскай вобласці. А інакш і быць не магло, бо суседзі, як кажуць, самыя блізкія сваякі. Адзін другога павінны трымацца, бяду і радасць падзяляць.

24 лістапада ў Хойніцкім райвыканкоме дамоўленасць аб узаемным супрацоўніцтве была аформлена ў адпаведнасці з юрыдычнымі нормамі і правіламі. У прысутнасці намесніка главы Іванькаўскай раённай Рады А.П. Шумак, намесніка Іванькаўскага пасялковага главы В.В. Грышчанкі і апарата ўпраўлення Хойніцкага райвыканкома неабходныя дакументы падпісалі старшыня Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан і першы намеснік главы Іванькаўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі В.Д. Сівачук (на здымку). Гэта павінна паслужыць штуршком да таго, каб развіваць партнёрства не толькі пры сустрэчах падчас знамянальных дат, але і ў паўсядзённым жыцці. Пры складанні плана сумеснай работы на 2010 год будуць улічаны ўсе магчымыя накірункі, у тым ліку абмен вопытам па пытаннях жыллёвай палітыкі, жыццядзейнасці людзей у зоне рызыкі для здароўя, сацыяльнай абароны насельніцтва, навучання і выхавання дзяцей. Акрамя таго, у нашага і ва ўкраінскага боку ёсць жаданне і магчымасць прымаць у сябе ў гасцях калектывы мастацкай самадзейнасці. Несумненна, карысць ад такіх зносін будзе вялікая.

Пасля працэдуры падпісання дамоўленасці папрацавалі па насычанай праграме. Украінская дэлегацыя пабывала на спіртзаводзе і ў сярэдняй школе-садзе аграгарадка Стралічава, у лабараторыі і музеі запаведніка, на “Палескіх сырах”.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *