Не расчаравалася ў сваім выбары

Сельское хозяйство Тэрыторыя моладзі

IMG_4496Пра маладога ветфельчара Алену Вераменка, якая працуе на малочнатаварнай ферме «Валокі» КСУП «Судкова», нам парэкамендаваў напісаць галоўны ветурач раёна С.І. Атрошчанка. А тут якраз і нагода цудоўная – Дзень жанчын. Сціплая дзяўчына доўга не згаджалася на публікацыю аб сабе ў газеце, маўляў, нічым асаблівым у рабоце не вызначаецца, але ўсё ж згадзілася.

Сустрэліся мы на яе рабочым месцы – на МТФ «Валокі». Алена якраз рабіла абход цялят. Не адрываючыся ад работы, расказала, што родам яна з Хойнік. Вучылася па мэтаваму накіраванню ад былога агракамбіната «Віць» у Рэчыцкім аграрным каледжы. На работу ў «Судкова» прыйшла ў 2013 годзе, усяго ж ёй неабходна адпрацаваць у гаспадарцы тры гады. Зараз яна тут набывае каштоўны вопыт – і зносін з калегамі, і са сваімі пацыентамі. Жывёла ж, як і людзі: кожны – з уласным норавам. Ёсць спакойныя, а з іншымі – «дамовіцца» цяжка.

Наогул, маладому спецыялісту на першым месцы работы прыжыцца не заўсёды проста. Вельмі важна, каб побач былі ўважлівыя людзі, здольныя падтрымаць, зразумець, папярэдзіць і падказаць. У калектыве гаспадаркі, як адзначае Алена, нямала такіх добрых людзей, якія пры неабходнасці прыходзяць на дапамогу.

Зараз дзяўчына вучыцца завочна на другім курсе Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Аб гэтай прафесіі марыла яшчэ са школы, з класа сёмага. І нягледзячы на пэўныя складанасці, не расчаравалася ў сваім выбары. Яна любіць пастаянна адкрываць для сябе нешта новае, а з назначэннем галоўным ветурачом раёна С.І. Атрошчанкі ў яе рабоце з’явілася нямала «навінак». Гэта і планёркі ў новым фармаце, і аб’езд па ўсіх фермах гаспадаркі, і новыя прэпараты для жывёлы.
Але напярэдадні такога цудоўнага свята не будзем многа гаварыць аб рабоце, а лепш звернем увагу на аптымізм, харызму, адкрытасць Алены. Калі рабілі гэты здымак, яна так шчыра ўсміхалася – хочацца, каб нагод для такіх усмешак у яе было як мага больш.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *