Пацвярджае прызванне

Образование

DSC_0017МЕТАДЫЧНАЯ РАСПРАЦОЎКА ЎРОКА ХОЙНІЦКАЙ НАСТАЎНІЦЫ ЎВАЙШЛА Ў ДЗЕСЯТКУ ЛЕПШЫХ РАБОТ БЕЛАРУСІ.

Нельга ствараць новае ў пэўнай сферы жыцця, не валодаючы творчымі здольнасцямі. Галоўнае – развіваць іх у сабе. Гэтым дэвізам кіруецца настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 г. Хойнікі Тамара Аляксандраўна Барысенка, якая прысвяціла педагогіцы вось ужо 28 гадоў. Сваю прафесію яна выбрала ў юнацтве і па сёння гэты выбар лічыць правільным.

У мінулым навучальным годзе настаўнікам пачатковых класаў і выхавальнікам груп падоўжанага дня школ раёна было прапанавана паўдзельнічаць у рэспубліканскім завочным конкурсе метадычных распрацовак. Тамара Аляксандраўна даслала сваю работу да ўдзелу ў намінацыі «Мой лепшы ўрок».

Для гэтага падрыхтавала план урока для вучняў чацвёртага класа на тэму «Другая асоба дзеяслова», новую методыку замацавала практыкай у сваім чацвёртым класе СШ № 2. Зрабіла да ўрока мультымедыйную прэзентацыю і накіравала ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, якая з’яўляецца арганізатарам конкурсу нароўні з выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне» і Беларускім педагагічным таварыствам. На працягу летніх канікул і восеньскага навучання члены рэдкалегіі педагагічных часопісаў, дасведчаныя метадысты і педагогі, якія ўваходзілі ў журы, вывучалі дасланыя праекты, правяралі літаральна кожны сказ.

У выніку з 380 метадычных распрацовак педагогаў з усіх куточкаў нашай краіны журы выбрала толькі 60. Іх аўтараў і запрасілі ў мінулым месяцы ў Мінск. Ад Гомельскай вобласці прыехалі 14 педагогаў, у тым ліку і Т.А. Барысенка як адзіная прадстаўніца Хойніцкага раёна.

На ўрачыстым мерапрыемстве аб’явілі па 10 фіналістаў у кожнай з 6 намінацый, чые методыкі рэкамендаваны для пераймання. Сярод іншых прагучала імя хойніцкай настаўніцы. Методыка Тамары Аляксандраўны Барысенка названа адной з самых эфектыўных для выкладання.
Па словах педагога, такое прызнанне яе прафесіяналізму быццам выпроствае крылы і натхняе для далейшых здзяйсненняў, якія, бясспрэчна, яшчэ наперадзе.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *