Спяшыце бачыць прыгажосць вышываную

Образование

Улетку я з сябрамі ездзіў у Кіеў на міжнародны этнафестываль “Краіна Мрій”, у межах якога праводзіліся выстаўкі і конкурсы работ народных рамеснікаў. Найбольшае захапленне выклікалі разнастайнасць і прыгажосць колераў і стыляў украінскіх “вішіванок”. Дарэчы, гэты від старадаўняга прыкладнога мастацтва актыўна прапагандуецца ва Украіне сярод моладзі як спосаб далучэння да нацыянальнай культуры. Парадаваліся за ўкраінскіх дзяўчат, якіх аб’ядноўвае любоў да вышыўкі.

Але яшчэ большая радасць чакала мяне дома, калі ад маці даведаўся, што ўнучка яе сяброўкі з вёскі Барысаўшчына, Пыж Аляксандра, даўно займаецца вышыўкай крыжом. Гэта навіна і падштурхнула нас, работнікаў раённага краязнаўчага музея, арганізаваць выстаўку яе работ.

З’ездзілі мы ў Барысаўшчыну, адабралі 40 маляўнічых твораў, з якіх большасць Аляксандры, астатнія – яе бабулі Марыі Фёдараўны Яршовай. Есць карціны, ручнікі, сурвэткі, навалачкі, абрус і іншыя цудоўныя рэчы, на якіх вышыты пейзажы, нацюрморты, займальныя фларыстычныя і анімалістычныя сюжэты, персанажы мультфільмаў, а таксама ўзорныя арнаменты, заснаваныя на нацыянальных этнічных матывах.

Аляксандры Пыж, студэнтцы другога курса факультэта псіхалогіі БДУ, 19 гадоў, з якіх 10 яна вышывае. Цікавасць да гэтага віду народнага прыкладнога мастацтва прывіла дзяўчыне бабуля Марыя і маці Ірына Міхайлаўна Яршова. Нягледзячы на занятасць вучобай, калі з’яўляецца вольны час, яна абавязкова садзіцца за пяльцы, нацягвае на іх канву і тады гадзінамі можа ўзмахваць яе рука, ствараючы ўзор пры дапамозе ніткі з іголкай. І натхняюць, і дапамагаюць ёй у творчасці вялікае цярпенне і палёт фантазіі.

Убачыць на свае вочы гэту рукатворную вышываную прыгажосць можна ў раённым краязнаўчым музеі.


Выстаўка працуе да 18 снежня.


А. ЭСАУЛЕНКА,
галоўны захавальнік фондаў раённага краязнаўчага музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *