Удалыя старты

Спорт

Спрыяльным атрымаўся мінулы месяц для хойніцкіх цяжкаатлетаў. Спачатку нашы юныя майстры “жалезных гульняў” занялі пятае месца на першынстве рэспублікі сярод каманд спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і вучылішчаў алімпійскага рэзерву, якое праходзіла ў старажытным Бабруйску. Гэты вынік можна назваць выдатным, калі ўлічыць той факт, што на старт спаборніцтваў выйшлі прадстаўнікі 30 лепшых спортшкол і спецыялізаваных вучылішчаў краіны.

Найбольшы ўклад у агульнакамандны поспех унеслі, заняўшы трэцяе месца, Андрэй Карась (Мінскае ВАР) і яшчэ адзін выхаванец трэнера Андрэя Шпаруна Павел Шышкін – ён паказаў чацвёрты вынік.

Сваё высокае спартыўнае рэнамэ Андрэй Карась пацвердзіў і на рэспубліканскім турніры на прызы алімпійскага чэмпіёна Валерыя Шарыя. На гэтых спаборніцтвах наш зямляк адзначыўся сярэбраным медалём за другое месца ў вагавой катэгорыі да 77 кілаграмаў.

А заключным акордам перадапошняга месяца года стаў традыцыйны турнір памяці вядомага беларускага трэнера А.Г. Ціханава ў Мазыры. У горадзе над Прыпяццю наша каманда не загубілася сярод калектываў з Расіі, Украіны і Беларусі і таксама была ў ліку лепшых.

Пераможцам спаборніцтваў па суме набраных кілаграмаў у двух практыкаваннях стаў Яўгеній Губанькоў. Другім вынікам адзначыўся Павел Шышкін. Трэція месцы ў сваіх вагавых катэгорыях могуць занесці ў свой актыў Андрэй Бойка, Юлія Лук’янава і Алімэ Грытчанка.

Да ўсім гэтых стартаў спартсменаў рыхтаваў трэнерскі штаб у складзе А.А. Шпаруна, А.М. Бяляўскага, М.В. Глушакова і А.А. Навіцкага.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *