Магутныя галіны сямейнага дрэва

Людзі і лёсы

IMG_3891У нашым раёне працуе старэйшае прадпрыемства лясной гаспадаркі рэспублікі – Хойніцкі лясгас. Створаны ў 1936 годзе як самастойная лесагаспадарчая структура, ён прайшоў 78-гадовы шлях развіцця, станаўлення, росквіту і працягвае працаваць да цяперашняга часу.

Лясгас займае добрыя пазіцыі ў сістэме Гомельскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання, з магутнай перапрацоўкай драўніны і колькасцю работнікаў 370 чалавек. Працаваць у Хойніцкім лясгасе заўсёды было вельмі прэстыжна. Сюды прыходзілі сем’ямі, ствараліся цэлыя дынастыі работнікаў лясной гаспадаркі як спецыялістаў, так і рабочых прафесій.

Працоўная дынастыя – гэта апора любога прадпрыемства, яго мінулае, цяперашняе і будучае. Вельмі важна, калі любоў да сваёй справы ў чалавека аказваецца настолькі моцнай, што ёю пранікаюцца дзеці, а потым – унукі, бо прафесіяналізм у такіх сем’ях перадаецца і прымнажаецца з пакалення ў пакаленне.

Заснавальнікам адной з такіх дынастый, гісторыя якой працягваецца сорак чацвёрты год, з’яўляецца трактарыст Мікалай Міхайлавіч Чэкан.

Цікавы працоўны шлях гэтага неардынарнага чалавека. Нарадзіўся і вырас ён у вёсцы Навасёлкі ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Як успамінае цяпер, у дзяцінстве вельмі любілі хадзіць у лес, у грыбы і ягады або проста прагуляцца і паслухаць, як шумяць сосны і паскрыпвае старая елка. На душы заўсёды было светла і спакойна пасля такіх прагулак. У той час уяўленне аб лесе было ў яго, хутчэй за ўсё, рамантычнае. А калі даведаўся на вопыце сясцёр Ніны і Кацярыны, як нялёгка вырасціць маленькі саджанец (сёстры былі лесаводамі ў Навасёлкаўскім лясніцтве, яшчэ адна сястра Люба працавала тут у бухгалтэрыі), стаў больш цаніць тое, што дае нам прырода. Але з лесам сваё жыццё Мікалай Міхайлавіч звязаў значна пазней.

Закончыўшы Рудакоўскае СПТВ-30, ён 25 гадоў адпрацаваў трактарыстам у райсельгасхіміі. Яго працоўная дзейнасць у гэтай арганізацыі адзначана рознымі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн «Знак Пашаны», значкі ўдарнікаў трох пяцігодак, шматлікія Ганаровыя граматы, тут ён адбыўся як прафесіянал сваёй справы. Але потым вырашыў змяніць месца работы і пайшоў працаўладкоўвацца ў лясгас. Канешне, не хавае Мікалай Міхайлавіч, галоўную ролю ў прыняцці такога рашэння адыграла зарплата, тут яе абяцалі большую.

У дрэваапрацоўчым цэху лясгаса ў хуткім часе заўважылі стараннасць і добрасумленнасць трактарыста, тым больш, што трактар МТЗ-80, на якім працаваў, быў сабраны яго рукамі. Мікалай Міхайлавіч расказаў, што некаторыя дэталі знайшоў на тэрыторыі цэха, некаторыя сам вырабіў.
Ён часта задумваўся: чаму рабочыя прафесіі сталі не ў пашане сярод моладзі. І вывеў свой аспект погляду: уся справа ва ўстаноўцы, якую даюць дзецям іх бацькі. Прыклад бацькі быў настолькі пераканаўчым, што абодва сыны пайшлі па яго слядах, бо ў сям’і ўсе размовы зводзіліся да лясгасаўскіх дасягненняў і праблем. І Сяргей, і Мікалай закончылі Хойніцкае прафтэхвучылішча-183, адзін па спецыяльнасці вадзіцеля-слесара, другі вывучыўся на арандатара.
Кіраваць машынай можа навучыцца практычна любы чалавек, але стаць добрым вадзіцелем дадзена не кожнаму. Гэтую простую ісціну агучыў Сяргей Мікалаевіч Чэкан – сапраўдны прафесіянал, вадзіцель, які прыйшоў на работу ў лясгас у 1996 годзе, а вывазкай лесу займаецца з 2007 года. Пра яго тут гавораць, што гэта чалавек, які ніколі не падвядзе. А перавозка грузаў – справа вельмі адказная. Сяргей Мікалаевіч выдатна ведае сваю работу. Па яго словах, галоўнае ў вадзіцельскай справе – дысцыпліна, працавітасць. Да даручаных абавязкаў адносіцца старанна, штомесячна выконвае заданні па пагрузцы і вывазцы лесапрадукцыі на пункт перапрацоўкі і прырэйкавыя шляхі на 117-120%. Утрымлівае ва ўзорным стане давераную тэхніку, эканомна расходвае гаруча-змазачныя матэрыялы. Акрамя таго, гэты малады мужчына вылучаецца актыўнай грамадскай пазіцыяй – прымае актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, яго захапленні – футбол і валейбол. За шматгадовую добрасумленную працу Сяргей Мікалаевіч Чэкан узнагароджваўся Ганаровымі граматамі Гомельскага аблвыканкама і Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе ён занесены на Дошку гонару Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

Поспехамі ў працы адзначыўся і Мікалай Мікалаевіч Чэкан, які працуе трактарыстам у лясгасе з 2005 года: у 2009 годзе ён таксама быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

У лясгасе працуюць бухгалтарамі і жонкі абодвух братоў – Валянціна Аляксандраўна, жонка Сяргея, і Таццяна Аляксандраўна, жонка Мікалая.
Заснавальнік дынастыі, Мікалай Міхайлавіч Чэкан працаваў у лясгасе нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак. Пайсці адсюль вымусіла хвароба, якая прывяла да інваліднасці.
Часта даводзіцца праходзіць у райбальніцы лячэнне. Побач з ім у гэты час клапатлівая жонка Соф’я Дзмітрыеўна, як і 39 гадоў сямейнага жыцця. Бацькі задаволены поспехамі сваіх сыноў і нявестак, радуюцца тром унукам, якіх яны падарылі бацькам, заўсёды чакаюць іх у сваім утульным і гасцінным доме па завулку Савецкім райцэнтра.

Выдатную характарыстыку дынастыі Чэкан дала намеснік дырэктара ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» па ідэалагічнай рабоце Г.М. Рабінкіна:
– Сям’я Чэкан дружная і працавітая. Як работнікі яны вельмі адказныя і выканаўчыя. Адразу было прыкметна, што на нашым прадпрыемстве яны – людзі невыпадковыя. Адданасць сваёй прафесіі для іх з’яўляецца важнай складаючай у працоўнай дзейнасці. Мы ганарымся, што такіх выдатных «сямейных падрадаў» у нашай установе некалькі…

А заснавальнік дынастыі Мікалай Міхайлавіч Чэкан задаволена зазначае, што гэта шчасце – бачыць, што ў сям’і расце дастойная змена. І спадзяецца, што галінкі сямейнага дрэва будуць мацнець і ў наступных пакаленнях.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.
На здымку: Мікалай Міхайлавіч Чэкан з сынамі Сяргеем і Мікалаем.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *