Жывая сувязь пакаленняў


Не адну самакрутку скурылі ў ноч 29 лістапада 1929 года мужыкі вёскі Карпілаўка ў доме Рыгора Бірана, дзе ўпаўнаважаны ад райкома партыі Дзедзікаў праводзіў сход наконт арганізацыі калгаса. Доўга спрачаліся, узважвалі “за” і “супраць”, і толькі апоўначы рашэнне было прынята. Першымі ўступілі ў калектыўную гаспадарку Павел Валочка, Захар Валочка, Данііл Біран. А ў наступны вечар такі ж сход быў праведзены ў вёсцы Веляцін. Першымі падалі заявы Сімон Гардзейчык, Мітрафан Гардзейчык, Пётр Лаханскі, Сяргей Лямешка, Селівестр Гардзейчык, Мікалай, Марыя, Шаўрэн Горбачы, Карней Палхоўскі.

За тры дні ў калгас уступілі 30 сем’яў. Старшынёй праўлення абралі Сімона Гардзейчыка, прынялі рашэнне абагульніць коней, кароў, кармы, інвентар. Усё сабралі на падворках Адама Лобана і Мікалая Горбача, дзе папярэдне пабудавалі загарадзі для кароў і коней.

5 красавіка 1930 года ў поле выехалі ўрачыста. Уперадзе – старэйшы жыхар вёскі Лаўрэнцій Горбач з чырвоным сцягам. 40 пар коней, запрэжаныя ў плугі. Ва ўрочышчы “Карпілаўка” пачыналі першую калгасную пасяўную.

Да канца 1932 года большая частка жыхароў вёскі ўступіла ў калгас, восенню таго ж года па ініцыятыве члена праўлення Мітрафана Гардзейчыка пасадзілі 50 гектараў саду. Атрымалі ў хуткім часе і тэхніку. Першымі калгаснымі трактарыстамі былі Арцём Горбач і Пётр Гардзейчык, а ў перадавіках хадзілі Марыя Гардзейчык, Праскоўя Абрамчук, Ганна Гардзейчык, Праскоўя Палхоўская, Марыя і Настасся Горбач.

Суровыя выпрабаванні выпалі на долю вяскоўцаў у гады фашысцкай акупацыі. Выстаялі і адрадзілі калектыўную гаспадарку. Да 1950 года вёска поўнасцю памяняла сваё аблічча: выраслі новыя жылыя дамы, магазін, сталовая, бальніца, сельскі Дом культуры. У 1953 годзе да калгаса “Бальшавік” далучаны калгасы “Чырвоны прамень” (в. Пудакоў) і “Колас”(в. Звяняцкае). Узначальваў тады гаспадарку Д.Р. Стражнікевіч, з 1956-га па жнівень 1970 года старшынёй праўлення з’яўляўся І.В. Лягун, а затым – А.А. Петрушэнка…

3 кароткага экскурсу ў мінулае пачалася ў КСУП “Веляцін” урачыстасць, прысвечаная 80-годдзю ўтварэння гаспадаркі. Адкрыла і вяла мерапрыемства старшыня Паселіцкага сельвыканкома Л.М. Зелянкоўская.

Як і належыць прыстойным гаспадарам, спачатку прадаставілі слова ганаровым гасцям. Намеснік старшыні райвыканкома, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Н.А. Слесарэнка шчыра па-віншавала працаўнікоў сельгаспрадпрыемства з юбілеем і ўручыла Ганаровыя граматы райвыканкома і Падзячныя пісьмы 10 перадавікам вытворчасці, а ўсяму калектыву – падарунак ад райсельгасхарчу. Старшыня райкома прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошка прыпаднесла падарункі 3 перадавікам вытворчасці, стаж работы якіх у сельгаспрадпрыемстве больш за 20 год.

Галоўная думка, якая гучала на працягу ўсяго мерапрыемства, – дух пераемнасці, павага да старэйша-га пакалення, да заслужаных людзей. Таму з вялікай увагай слухалі прысутныя выступленні-ўспаміны былых старшыні праўлення калгаса “Бальшавік” А.А. Петрушэнкі, галоўнага агранома В.І. Разуменкі, які ўручыў прыгожы духмяны каравай сённяшняму тэхнолагу палёў А.У Бандарэнку, ветэрана калгаснай вытворчасці І.А. Горбача.

Не змог прыбыць на юбілей былы дырэктар КСУП “Веляцін” В.У. Мігай, які 18 год узначальваў калектыў гаспадаркі. Ен даслаў сваё прывітанне ў пісьмовай форме, у якім выказаў вялікую ўдзячнасць усім, з кім давялося працаваць, назваўшы пайменна спецыялістаў, паляводаў, механізатараў, жывёлаводаў, дзякуючы якім у цяжкія гады чарнобыльскай бяды і развалу Савецкага Саюза ўдалося захаваць парадак і стабільнасць.

Павучальным і эмацыянальным было выступленне былога старшыні Паселіцкага сельскага Савета Н.У. Алейнік. Хаця яе працоўная дзейнасць спачатку была звязана з адукацыяй, а затым з работай у мясцовым органе ўлады, Ніна Ульянаўна заўсёды знаходзілася ў гушчыні жыцця працаўнікоў палёў і ферм. I сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, яна прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

Радасць свята з працаўнікамі КСУП “Веляцін” прыехалі раздзяліць і прывезлі падарункі-сувеніры кіраўнікі КСУП “Судкова” – А.А. Сцішанок, “Велікаборскі” – А.М. Тальчук, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” – М.П. Прышчэп, эксбазы “Стралічава”  – І.А. Каральчук, КУП “Аравічы” – С.В. Дрозд, галоўны аграном КСУП “Агракамбінат “Віць” С.Л. Толмач, намеснік дырэктара па вытворчасці ПУП “Палескія сыры” А.І. Харошка і інжынер-тэхнолаг прадпрыемства па якасці Г.А. Вяргейчык.

На юбілейнай урачыстасці былі ўшанаваны ветэ-раны вытворчасці, лепшыя з лепшых сённяшнія пра-цаўнікі: механізатары Аляксандр Равідовіч, Аляксандр Яблонскі, Аляксандр Півавар, Павел Жураўскі, Уладзімір Кардаш, Рыгор Ярац, Вадзім Паўлючэнка, аператары машыннага даення кароў Ніна Ярац, Зінаіда Заяц, Надзежда Козел, Галіна Пінчук, Марыя Заяц і многія іншыя.

Самадзейныя артысты аддзела культуры райвыканкома на працягу ўсяго мерапрыемства дарылі працаўнікам вёскі добрыя песні.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *